Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: «Мясцовыя выбары адбудуцца безь зьмяненьня заканадаўства»


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына сказала Свабодзе, што выбары ў мясцовыя органы ўлады, якія папярэдне заплянаваныя на 18 лютага 2018 году, адбудуцца паводле дзейнага заканадаўства. Ніякіх зьмяненьняў выбарчага заканадаўства, якія абяцалі ўлады, да мясцовых выбараў ня будзе.

«Будзем праводзіць выбары паводле дзейных законаў. Зьмяніць нешта ў гэтай справе ўжо і немагчыма, і нерэальна.

Праўда, у нашым заканадаўстве не прапісана, што яго нельга мяняць за нейкі час да абвяшчэньня выбараў. Але існуюць міжнародныя стандарты, паводле якіх правілы выбараў не рэкамэндуюць зьмяняць за паўгода, а то і за год да іх пачатку», — патлумачыла старшыня ЦВК.

Цэнтральная выбарчая камісія па-ранейшаму прапаноўвае дату мясцовых выбараў — 18 лютага 2018 году. Указ прэзыдэнта, які і пачынае афіцыйную кампанію, павінен зьявіцца не пазьней як за тры месяцы да даты выбараў:

«Гэта азначае, што ён будзе надрукаваны дзесьці ў сярэдзіне лістапада. Але справа нават ня ў лічбах. ЦВК ня мае сёньня заданьня працаваць над зьмяненьнямі ў Выбарчы кодэкс. Мы ня маем праекту, якія зьмяненьні трэба ўносіць. Няма ў плянах і нейкіх мерапрыемстваў, зьвязаных са зьменамі правілаў выбараў. А калі няма мерапрыемстваў, калі не абмяркоўваюцца прапановы, то, натуральна, няма заданьня і нам», — кажа старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Апазыцыя: візыты высокіх чыноўнікаў з Эўропы ў Менску пераканалі Лукашэнку, што можна нічога не мяняць

Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі паставіў свой подпіс сярод іншых прадстаўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі і грамадзянскай кампаніі «Права выбару» пад ужо падрыхтаванымі імі супольнымі зьменамі выбарчага заканадаўства. Ён кажа, што, нягледзячы на сёньняшнюю заяву Лідзіі Ярмошынай, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая будзе спрабаваць унесьці ў парадак дня восеньскай сэсіі разгляд гэтага пытаньня:

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

«Але я баюся, што ў рэчышчы выказваньняў спадарыні Ярмошынай калегі не падтрымаюць спадарыню Канапацкую. Так што правілы выбарчай кампаніі застануцца старымі.

Чаму ўлады адракаюцца ад сваіх абяцанак? Нашы ўлады наагул робяць мала лягічных і слушных крокаў. Яны паводзяць сябе вельмі баязьліва і вельмі неахвотна ідуць на рэформы. Нават калі іх падпіраюць і жыцьцё, і час, і эканамічны крызіс. Таму і законы прымаюцца вельмі запозьнена, скасавурана.

Канечне, уладам было б бясьпечна і камфортна правесьці зьмены Выбарчага кодэксу якраз перад мясцовымі выбарамі і паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Бо наступнымі, выглядае, будуць выбары прэзыдэнта. Аднак улады не пайшлі і на гэта. Таму, я думаю, яны спадзяюцца на старую сваю тактыку — палепшыць дачыненьні з Захадам бязь зьменаў палітычнай сыстэмы ў нашай краіне і бязь зьменаў мэтадаў кіраваньня.

Мяркую, што ўлады сапраўды мелі намер зьмяніць Выбарчы кодэкс. Але іхныя лабісты ў Эўропе і візыты розных замежных чыноўнікаў у Менск пераканалі Аляксандра Лукашэнку, што можна абысьціся і бяз гэтага. У рэжыму ўжо няма патрэбы праводзіць рэальныя рэформы, у тым ліку і выбарчага заканадаўства. То бок мы бачым вынікі так званай новай палітыкі Захаду адносна кіраўніка Беларусі. На жаль, адсутнасьць рэальных крокаў па дэмакратызацыі краіны толькі кансэрвуе сытуацыю», — кажа Віталь Рымашэўскі.

Абяцалі ўлічыць палову заўваг БДІПЧ

Галасаваньне на папярэдніх мясцовых выбарах у 2014 годзе
Галасаваньне на папярэдніх мясцовых выбарах у 2014 годзе

Яшчэ 1 лютага кіраўніку дзяржавы перадалі прапановы міжведамаснай працоўнай групы пры Цэнтравыбаркаме па зьмяненьні некаторых нормаў выбарчага заканадаўства. Тады Лідзіі Ярмошынай казалі, што прэзыдэнт правядзе вялікую нараду з удзелам прадстаўнікоў рэгіёнаў аб гэтай праблеме. Аднак да сёньняшняга дня такога мерапрыемства не адбылося.

Раней старшыня ЦВК казала: спатрэбіцца прынамсі месяц, каб падрыхтаваць неабходны праект дакумэнту. Потым яго павінны разгледзець у прэзыдэнцкай адміністрацыі, бо ў Беларусі ўсе законапраекты, зьвязаныя з выбарамі, выносяцца ў Палату прадстаўнікоў выключна ад імя кіраўніка дзяржавы.

Лідзія Ярмошына таксама адзначала: міжведамасная працоўная група найперш зыходзіла з прапаноў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ. Тут тры галоўныя рэчы: падлік галасоў, стварэньне выбарчых камісій і наглядная агітацыя. Гэтыя палажэньні будуць тычыцца выбараў усіх роўняў: прэзыдэнцкіх, парлямэнцкіх і мясцовых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG