Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я шмат папрацавала». Ганна Канапацкая падвяла вынікі першага году ў Палаце прадстаўнікоў


Ганна Канапацкая

У кастрычніку 2016 году ў Палаце прадстаўнікоў дэбютавалі два дэмакратычныя дэпутаты: Алена Анісім і Ганна Канапацкая. Пра тое, чым стаў для яе адметны год парлямэнцкай працы, якое ўражаньне склалася ад калегаў па Палаце, а таксама пра далейшыя пляны Свабодзе распавядала апазыцыйная дэпутатка Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Жаданьняў было шмат

«Мяне ўвесь час пытаюць: што зрабіла за гэты год дэпутатка Ганна Канапацкая? Адказваю: за год набралася даволі шмат, я сказала б, спробаў нешта зрабіць. Мабыць, асноўнае, што да мяне ляжыць найбліжэй, — спроба выключыць так званае ілжэпрадпрымальніцтва з Крымінальнага кодэксу і зьмяніць правапрымяняльную практыку. На маю прапанову ў Палаце прадстаўнікоў прайшоў круглы стол на гэтую тэму. Цяпер усе дакумэнты знаходзяцца ў профільнай камісіі. Чакаю яе рэакцыі.

Лічу, што я правяла вельмі вялікую працу па дэкрэце № 3. Я была адзіным дэпутатам, які патрабаваў адмены гэтага прэзыдэнцкага дакумэнту. Натуральна, ніхто мяне ў Палаце прадстаўнікоў не падтрымаў. Мне стала дзіўна, калі я пабачыла, што бальшыня дэпутатаў шчыра падтрымлівае дэкрэт і лічыць яго добрым дакумэнтам. Тады я прапанавала накіраваць дэкрэт у Канстытуцыйны суд, каб той вынес сваё заключэньне, ці адпавядае прэзыдэнцкі дакумэнт Асноўнаму закону нашай краіны і міжнародным нормам, да якіх Беларусь далучылася. Прапанову аддалі на разгляд у профільную камісію. Доўга не было адказу, а пасьля прыйшоў „цудоўны“ адказ: маўляў, дадзенае пытаньне знаходзіцца на сталым кантролі камісіі.

Ганна Канапацкая ў сваім працоўным кабінэце
Ганна Канапацкая ў сваім працоўным кабінэце

Да гэтага хачу дадаць, што старшыня палаты Андрэйчанка напярэдадні сэсіі, якая адкрылася ў гэты панядзелак, заявіў: дэпутаты павінны больш актыўна выкарыстоўваць такія формы працы, як зварот у Канстытуцыйны суд і парлямэнцкія слуханьні. Мой зварот знаходзіцца на стале старшыні. Аднак адказу на яго на сёньня няма.

Займалася я шмат і міжнароднымі справамі. Я ўваходжу ў камісію па працы з Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы. Езьдзіла ў Страсбур, дзе тлумачыла сваё бачаньне сытуацыі ў нашай краіне. Актыўна працую ў камісіі па праблематыцы сьмяротнага пакараньня».

Выбарчае заканадаўства абавязкова трэба зьмяняць

«У бліжэйшых плянах найперш зьмяненьні выбарчага заканадаўства. Яны падрыхтаваныя ў выглядзе законапраекту. І гэты дакумэнт Палата прадстаўнікоў, згодна са сваім рэглямэнтам, ужо накіравала ў розныя дзяржаўныя структуры, каб даведацца іх меркаваньні. І нават калі мы не пасьпяваем унесьці зьмены да пачатку мясцовых выбараў, гэта не азначае, што над імі не патрэбна працаваць. А раптам задумаюць правесьці рэфэрэндум?

Па-другое, ад дэпутатаў мінулых скліканьняў у мяне застаўся законапраект аб дзяржаўна-прыватным партнэрстве. Я за яго асабіста адказная. І спадзяюся, што на гэтай сэсіі яго прымуць. Я прадстаўляла яго на першай сэсіі ў лістападзе. Пасьля яго дапрацоўвалі. Цяпер трэба прымаць закон у другім чытаньні.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад АГП Ганна Канапацкая (зьлева) з памочнікам
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад АГП Ганна Канапацкая (зьлева) з памочнікам

Па-трэцяе, буду працягваць працу са зваротамі грамадзян. Яны займаюць шмат часу. Да таго ж ёсьць лісты і з-за межаў маёй выбарчай акругі. Але я іх не адкідаю. Бо не магу пакінуць без увагі людзей, дзе б яны ні пражывалі, якія хочуць зьмяняць сытуацыю ў нашай краіне».

Палата як была балотам, так ім пакуль і застаецца

«Год таму, калі я толькі-толькі прыйшла ў Палату, я шчыра прызналася: здагадвалася, куды я траплю, але такога палітычнага балота не чакала.

Ад тых слоў я і сёньня не адракаюся. Палата, на мой погляд, як была палітычным балотам, так ім і застаецца. Менавіта палітычным. І гэта не абраза маіх калегаў асабіста. Гэта канстатацыя таго, што Палата прадстаўнікоў дагэтуль ня стала паўнавартасным парлямэнтам, які бярэ на сябе адказнасьць за тое, што робіцца ў краіне».

Я амаль год шукала для сябе адказ на пытаньне: чаму парлямэнт ніяк не рэфармуецца? І, здаецца, нарэшце знайшла. Дэпутаты не разумеюць сутнасьць парлямэнтарызму. Магчыма, таму, што доўгі час Нацыянальны сход быў практычна адарваны ад парлямэнтаў дэмакратычных краінаў.

Я размаўляю з многімі сваімі калегамі. І бачу ў іх адно і тое ж разуменьне сваіх функцыяў. Яны да прыходу ў Палату прадстаўнікоў былі на дзяржслужбе. І сутнасьць дзяржаўнага чыноўніка яны захоўваюць і тут. Адгэтуль і іх стаўленьне да сваіх цяперашніх функцыяў — стаўленьне чыноўніка, а не прадстаўніка выбарнікаў, якія за цябе галасавалі. Калегі шчыра лічаць, што і ў парлямэнце па-ранейшаму адстойваюць інтарэсы дзяржавы. Адсюль і такі падыход да ўсіх праблемаў. А я лічу, што дэпутаты не павінны быць чыноўнікамі з адной думкай і адной агульнай пазыцыяй.

Зьмяніць гэта пакуль не атрымліваецца. Пра што казаць, калі і па сёньняшні дзень да мяне падыходзяць некаторыя калегі і на вуха шэпчуць: «Я ведаю, што гэта ты прагаласавала „супраць“». Праўда, наперадзе яшчэ тры гады супольнай працы. Хацелася б, каб нешта зьмянілася».

Алена Анісім: Спадзяюся, што Палата прадстаўнікоў стане сапраўдным парлямэнтам

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG