Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Анісім: Спадзяюся, што Палата прадстаўнікоў стане сапраўдным парлямэнтам


Алена Анісім

2 кастрычніка Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі пачынае восеньскую сэсію. З гэтай нагоды дэпутатка Алена Анісім падзялілася са Свабодай сваімі чаканьнямі.

«Думаю, што пэўны лібэралізм, які абвешчаны, будзе працягвацца і падчас нашай сэсіі. Я чакаю, што мае калегі будуць больш адстойваць інтарэсы не галіновых ведамстваў, а ўсіх грамадзян нашай краіны. Працэсы асэнсаваньня самімі дэпутатамі такой неабходнасьці ўжо ідуць. Я гэта бачу і падчас пасяджэньняў парлямэнцкіх камісіяў, і працоўных групаў, якія ствараюцца для абмеркаваньня некаторых праблемаў. Але я чакаю, што гэты працэс будзе набіраць сілу».

Дэпутатка выказала спадзеў, што Палата прадстаўнікоў «здолее паказаць, што яна можа стаць сапраўдным парлямэнтам». «Тады наша праца пойдзе на карысьць і народу, і Беларусі», — сказала Анісім.

Уладзімер Андрэйчанка: «У парадак дня сэсіі ўжо можна ўключаць 30 пытаньняў»

Уладзімер Андрэйчанка
Уладзімер Андрэйчанка

Паводле старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі, у сталых камісіях цяпер знаходзяцца 58 пытаньняў. Практычна палова зь іх цалкам падрыхтаваныя для ўключэньня ў парадак дня трэцяй сэсіі.

Сярод найважнейшых кіраўнік ніжняй палаты Нацыянальнага сходу назваў праекты законаў па пытаньнях процідзеяньня манапалізму, аптымізацыі мэханізмаў дзяржаўна-прыватнага партнэрства, забесьпячэньня празрыстасьці працэдур дзяржаўных закупаў, удасканаленьня банкаўскага заканадаўства, інвэстыцыйнай і прыватызацыйнай дзейнасьці.

Рада Палаты прадстаўнікоў вырашыла, што 2 кастрычніка дэпутатам прапануюць зацьвердзіць парадак дня з 28 пытаньняў, у тым ліку 9 законапраектаў, 13 праектаў законаў аб ратыфікацыі міжнародных дамоваў, а таксама чатыры дэкрэты прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Іншыя пытаньні будуць уносіць на разгляд сэсіі тады, калі яны будуць да гэтага падрыхтаваныя.

Спадар Андрэйчанка дадаў, што працоўныя варыянты праекту закону «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2018 год» і спадарожныя яму дакумэнты ўжо прадстаўленыя Саветам Міністраў. Цяпер іх абмяркоўваюць сталыя камісіі. Вынікі гэтай працы будуць абагульненыя на пашыраным пасяджэньні камісіі па бюджэце і фінансах, а таксама падчас так званага нулявога чытаньня з удзелам прадстаўнікоў ураду і профільных міністэрстваў.

Палата прадстаўнікоў
Палата прадстаўнікоў

Ці разгледзяць дэпутаты пытаньне сьмяротнага пакараньня?

Старшыня Палаты прадстаўнікоў на пасяджэньні Рады таксама анансаваў правядзеньне шэрагу парлямэнцкіх слуханьняў. Экспэрты спадзяюцца, што сярод іх будзе і абмеркаваньне сытуацыі з праблемамі сьмяротнага пакараньня. Як вядома, многія міжнародныя структуры, у тым ліку Рада Эўропы і Парлямэнцкая асамблея АБСЭ, настойваюць, каб Беларусь увяла мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў. Няма сумневу, што гэтае пытаньне прагучыць у Менску напрыканцы лістапада, калі ў сталіцы Беларусі пройдуць мерапрыемствы парлямэнцкай структуры Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы.

Сёлета Беларусь старшынюе ў ЦЭІ. Цэнтральнаэўрапейская ініцыятыва была створаная ў 1989 годзе ў якасьці арганізацыі з мэтай разьвіцьця ўстойлівых сувязей паміж дзяржавамі Цэнтральнай, Заходняй і Усходняй Эўропы ў галінах палітыкі, эканомікі і культуры, а таксама недапушчэньня ўзьнікненьня новых межаў падзелу ў эўрапейскім рэгіёне. Цяпер у арганізацыі 18 дзяржаваў: ад Аўстрыі да Чэхіі.

Беларусь далучылася да ЦЭІ ў 1996 годзе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG