Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 чэрвеня ў Менску адбываецца штогадовая сустрэча міністраў замежных спраў краін-сябраў Цэнтральнаэўрапейскай Ініцыятывы (ЦЭІ). Што сабой уяўляе гэтая арганізацыя? Ці стане старшынства Беларусі ў Цэнтральнаэўрапейскай Ініцыятыве крокам па выхаду з эўрапейскай ізаляцыі? Ці могуць сапсаваць гэтую тэндэнцыю беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні?

Удзельнікі: дырэктар Цэнтру Астрагорскага, старшы навуковы супрацоўнік Брытанскага інстытуту міжнароднага і параўнальнага права Яраслаў Крывой і кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Мінскі дыялёг» Яўген Прэйгерман.

Прэйгерман: «Першы раз Беларусь старшынюе ў міжнароднай арганізацыі па-за межамі постсавецкай прасторы»

Валер Карбалевіч: «Беларусь упершыню старшынюе ў арганізацыі ЦЭІ, якая ўключае 18 краін-удзельніц. З гэтай нагоды 22 чэрвеня ў Менску праходзіць паседжаньне міністраў замежных спраў краін-сябраў гэтай арганізацыі. Праўда, ня ўсе краіны будуць прадстаўленыя на менскай сустрэчы кіраўнікамі зьнешнепалітычных ведамстваў. Некаторыя — на ўзроўні намесьнікаў міністраў. Іх прыняў Аляксандар Лукашэнка, які заклікаў наводзіць масты, а не будаваць жалезныя заслоны паміж краінамі рэгіёну. Наколькі ўплывовая гэтая арганізацыя — ЦЭІ? Ці вялікі прэстыж для Беларусі старшыняваць у ёй?»

Яраслаў Крывой
Яраслаў Крывой

Яраслаў Крывой: «Старшынства Беларусі ў гэтай арганізацыі прыцягвае ўвагу эўрапейскай супольнасьці да краіны. Але цяжка сказаць, ці будзе гэта мець нейкае іншае значэньне, акрамя сымбалічнага. Старшынства Беларусі стала вынікам таго, што проста прыйшла чарга.

Добра, што Беларусь мае магчымасьць разьвіваць рэгіянальнае супрацоўніцтва з удзельнікамі ЦЭІ, абмяркоўваць супольныя праекты. Такім чынам можна неяк збалянсаваць замежную палітыку Беларусі, каб яна была скіраваная ня толькі на ўсход, але і на захад».

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман: «Хачу крыху ўдакладніць: Беларусь старшынюе не таму, што дайшла чарга, а таму, што Беларусь была абраная на гэтую пасаду. Бо Беларусь ужо 21 год у ЦЭІ, аднак чарга неяк да яе не даходзіла, хоць у арганізацыі 18 краін-чальцоў.

Што тычыцца важнасьці арганізацыі. Калі мы ацэньваем значэньне арганізацыі для сусьветнай ці рэгіянальнай палітыкі, то гэта адна рэч. Іншая рэч, калі мы ацэньваем яе з таго гледзішча, наколькі можа краіна выкарыстоўваць яе ў сваіх інтарэсах. Беларусь знаходзіцца ў спэцыфічных геапалітычных умовах, мае асымэтрычныя адносіны з адным цэнтрам геапалітычнага прыцягненьня. Таму ёй трэба прымаць удзел у як мага большай колькасьці арганізацый у іншым кірунку, тым больш выконваць ролю старшыні. Дарэчы, першы раз Беларусь старшынюе ў міжнароднай арганізацыі па-за межамі постсавецкай прасторы. Вось Лукашэнка сёньня адзначыў, што Беларусь разглядае ролю старшыні ў ЦЭІ як магчымасьць палепшыць свае адносіны з ЭЗ. Хоць, вядома, ня варта разьлічваць на нейкія рэвалюцыйныя прарывы. Гэта паступовы працэс.

Калі казаць увогуле пра ЦЭІ, то апошняе дзесяцігодзьдзе яна мае крызіс ідэнтычнасьці. Яна была створаная ў 1989 годзе як арганізацыя, якая мелася спрыяць паскоранай інтэграцыі краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў ЭЗ. І, зразумела, пасьля 2004 году, калі да ЭЗ далучылася вялікая колькасьць краін рэгіёну, першапачатковая місія ЦЭІ зьмянілася, узьнікла праблема з новай функцыяй. Мінулым годам падчас старшынства Босьніі і Герцагавіны пачалася падрыхтоўка да рэформы ЦЭІ. У сьнежні плянуецца паседжаньне кіраўнікоў урадаў ЦЭІ, і там, магчыма, прымуць нейкія важныя рашэньні па фармаваньні новай ідэнтычнасьці арганізацыі. І, дарэчы, гэта адбудзецца пад беларускім старшынствам».

Пераадоленая ізаляцыя?

Карбалевіч: «Фактычна два дзесяцігодзьдзі Беларусь знаходзілася ў эўрапейскай ізаляцыі. І дасюль нельга сказаць, што яна пераадоленая. Кіраўнік Беларусі фактычна ня можа езьдзіць па эўрапейскіх сталіцах. З 2009 году ён быў толькі адзін раз у Вільні і два разы ў Рыме на запрашэньне Ватыкана.

Але вось апошнім часам Менск становіцца месцам правядзеньня нейкіх эўрапейскіх форумаў. Вось паседжаньне міністраў замежных спраў краін-сябраў Цэнтральнаэўрапейскай Ініцыятывы. Праз два тыдні ў Менску пройдзе паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Дык ці можна сьцьвярджаць, што эўрапейская ізаляцыя Беларусі пераадоленая?»

Цяпер шмат хто ў ЭЗ думае не пра тое, каб дэмакратызаваць Беларусь, а пра тое, каб захаваць незалежнасьць краіны

Крывой: «Так, назіраецца рух Беларусі ў кірунку большай сувязі краіны з Эўропай. Асабліва актыўна гэты працэс адбываецца пасьля 2014 году, пасьля трагічных падзеяў ва Ўкраіне. І ў Эўропе пачалі па-іншаму ацэньваць ролю Беларусі ў гэтым рэгіёне. Хоць вялікіх прарываў і няма. Тым ня менш прызнаецца геапалітычная роля Беларусі, яе роля ў вырашэньні канфлікту вакол Украіны. Таму цяпер шмат хто ў ЭЗ думае не пра тое, каб дэмакратызаваць Беларусь, а пра тое, каб захаваць незалежнасьць краіны. Цяпер больш увагі на прагматычнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю па такіх пытаньнях, як спыненьне руху мігрантаў у ЭЗ, барацьба з наркатрафікам і іншае.

То бок цяпер у ЭЗ больш сьціплыя чаканьні ад Беларусі. Я лічу, што добра, калi ёсьць большая адкрытасьць краіны на захад, большая колькасьць кантактаў з ЭЗ можа прывесьці да пераменаў. Хочацца спадзявацца, што гэтыя кантакты паспрыяюць ня толькі эканамічнай выгадзе, але і паспрыяюць паляпшэньню сытуацыі з правамі чалавека і фармаваньню прававой дзяржавы. Лічу, што чым больш такіх кантактаў, тым большая верагоднасьць, што Беларусь будзе эвалюцыянаваць у гэтым кірунку.

Заўважу, што ўсё гэта стала вынікам таго, што з геапалітычных прычын памянялася стаўленьне ЭЗ да афіцыйнага Менску».

Прэйгерман: «Беларусь апошнія 15–20 гадоў была шмат у чым выкінутая з агульнаэўрапейскіх працэсаў. На гэта ўплывалі і ўнутрыпалітычныя працэсы, і стаўленьне да іх эўрапейскіх партнэраў. І простымі кантактамі на палітычным узроўні гэта не пераадолець. І цяпер трэба вяртацца ў гэтыя працэсы. І тут праца ня толькі для палітыкаў, дыпляматаў, але і для грамадзянскай супольнасьці.

Калі аналізаваць прычыны пераменаў у стасунках Беларусі і ЭЗ, то яны сталі вынікам ня толькі таго, што з геапалітычных прычын памянялася стаўленьне ЭЗ да афіцыйнага Менску. Гэта таксама вынік працы беларускай дыпляматыі. Так проста нічога не адбываецца. І тое, што Беларусь стала месцам перамоваў па Ўкраіне, — гэта вынік вялікай і нябачнай для грамадзкасьці і СМІ працы дыпляматаў».

Ці могуць сапсаваць гэтую тэндэнцыю беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні?

Карбалевіч: «У верасьні ў Беларусі адбудуцца беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні. Яны ўжо выклікаюць пэўную трывогу, асьцярогі з боку суседзяў. Бо краіны рэгіёну лічаць Расею агрэсарам. Асабліва жорсткія заявы робіць Літва. Ці могуць гэтыя вучэньні, саюз з агрэсарам сапсаваць тэндэнцыю на выхад Беларусі з эўрапейскай ізаляцыі?»

Крывой: «Тое, што Беларусь — палітычны, эканамічны і вайсковы хаўрусьнік Расеі, — гэта для сьвету не навіна. І падобныя вучэньні праводзіліся раней. Таму сам па сабе факт гэтых вучэньняў не павінен мець нейкае кардынальнае значэньне.

Тут ёсьць два канцэпты беларуска-расейскіх адносін. Адзін разглядае Беларусь як цалкам залежную ад Расеі, і, маўляў, калі Масква вырашыць ліквідаваць беларускі сувэрэнітэт, то ёй гэта лёгка будзе зрабіць. Іншы канцэпт зыходзіць з таго, што Беларусь мае значную ступень незалежнасьці, хоць і ў пэўных рамках. Я прытрымліваюся гэтага другога гледзішча. Увогуле, калі казаць беларускім чыноўнікам ці вайскоўцам, што вы цалкам залежныя ад Расеі, то гэта можа мець псыхалягічны эфэкт, яны могуць так сябе і паводзіць».

Карбалевіч: «Так, сапраўды, усе ведалі, што Беларусь — хаўрусьнік Расеі. Але справа ў тым, што пасьля Крыму Беларусь праводзіла палітыку нэўтралітэту ў канфлікце Расеі з Украінай і Захадам. Але гэтыя вучэньні з краінай, якую ў рэгіёне лічаць агрэсарам, мяняюць сытуацыю? Ці не мяняюць?»

Прэйгерман: «Думаю, нічога не мяняецца. Пра гэта кажуць тыя кантакты, якія я меў з замежнымі дыпляматамі і экспэртамі. Гэта ня самыя вялікія па маштабе вучэньні. У 2009 годзе яны былі больш маштабныя».

Карбалевіч: «Больш важны не маштаб вучэньняў, а тое, як яны ўспрымаюцца суседзямі».

Прэйгерман: «Так, праблема не ў саміх вучэньнях, а ў тым інфармацыйным, мэдыйным фоне, які ствараецца вакол іх. Літва выкарыстоўвае гэтыя вучэньні, каб прасоўваць свой парадак дня ў адносінах з ЗША і НАТО. А двухбаковыя беларуска-літоўскія адносіны сапсаваліся з прычыны АЭС. У зьвязку з гэтым Літва ўзяла курс на тое, каб атакаваць Беларусь па ўсіх кірунках.

Калі вяртацца да вучэньняў, то цяпер Беларусі важна прадэманстраваць максымальную празрыстасьць, запрасіць на іх заходніх назіральнікаў. А пасьля верасьня ўся гэтая інфармацыйная хваля скончыцца».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG