Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьбяруцца прадстаўнікі МЗС краінаў Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятывы


Сьцягі краін-удзельніц ЦЭІ на леташняй сустрэчы ў Сараеве

22 чэрвеня ў Менску адбудзецца штогадовая сустрэча міністраў замежных справаў краін-сябраў Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятывы (ЦЭІ). Форум ладзіцца ў рамках старшынства Беларусі ў арганізацыі, паведамляе сайт Міністэрства замежных справаў Беларусі.

У 2017 годзе Беларусь упершыню старшынюе ў ЦЭІ — адной з найстарэйшых эўрапейскіх субрэгіянальных структураў. Цэнтральна-Эўрапейская ініцыятыва створана ў 1989 годзе для прадухіленьня новых ліній падзелу ў Эўропе, што робіць яе асабліва запатрабаванай на фоне падзеяў у рэгіёне ў зьвязку з сытуацыяй ва Ўкраіне, — піша МЗС Беларусі.

Сёньня ў склад ініцыятывы ўваходзяць 18 дзяржаваў: Альбанія, Аўстрыя, Баўгарыя, Беларусь, Босьнія і Герцагавіна, Вугоршчына, Італія, Македонія, Малдова, Польшча, Румынія, Славаччына, Славенія, Сэрбія, Украіна, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія.

«Асноўная тэма для дыскусіі падчас менскай сустрэчы — роля ўдзельнікаў ЦЭІ ў прасоўваньні інтэграцыйных працэсаў у Эўропе, абʼяднаньне высілкаў у супрацьстаяньні новым пагрозам стабільнасьці ў рэгіёне і ўмацаваньне эканамічнага супрацоўніцтва», — паведамляе МЗС Беларусі.

Зь беларускага боку плянуецца ўдзел міністра замежных справаў Уладзімера Макея.

Апроч міністраў і намесьнікаў кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў, у мерапрыемстве таксама возьмуць удзел

  • генэральны сакратар ЦЭІ Маргот Клестыль-Лёфлер,
  • генэральны сакратар Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Энзо Кватрачоке,
  • генэральны сакратар Рады рэгіянальнага супрацоўніцтва Горан Сьвіланавіч,
  • кіраўнік прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын,
  • акрэдытаваныя ў Беларусі кіраўнікі дыпляматычных місій краін-чальцоў ЦЭІ, а таксама прадстаўнікі сакратарыятаў Рады дзяржаваў Балтыйскага мора і Садружнасьці незалежных дзяржаваў.

Паводле апошніх паведамленьняў, ня ўсе краіны будуць прадстаўленыя на менскай сустрэчы кіраўнікамі зьнешнепалітычных ведамстваў. Так, ужо вядома, што з Варшавы прыяжджае новы намесьнік міністра замежных спраў Барташ Ціхоцкі, які дагэтуль працаваў у амбасадзе Польшчы ў Расеі. Як сказаў Свабодзе прадстаўнік Абʼяднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін, ён разам зь іншымі прадстаўнікамі апазыцыі запрошаны на размову з намесьнікам міністра. Дакладна вядома, што ня будзе ў Менску і міністра замежных справаў Украіны Паўла Клімкіна. Найхутчэй, нашу паўднёвую суседку будзе прадстаўляць амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

Паведамляецца, што ў рамках мерапрыемства Ўладзімер Макей правядзе двухбаковыя перамовы з калегамі з Вугоршчыны і Славаччыны — Пэтэрам Сіяртам і Міраславам Лайчакам.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі сказаў Свабодзе:

«Галоўная рыса ЦЭІ — тая, што ў гэтай арганізацыі няма інстытуцыяў. Сталых органаў у ёй не існуе. Я сказаў бы, што гэта такая вольная асацыяцыя. І займаецца яна пераважна эканамічнымі пытаньнямі. Праўда, у ЦЭІ ёсьць і свае перавагі. Калі няма інстытуцый, то тут прасьцей дамаўляцца, бо не патрэбныя шмат якія працэдуры ўзгадненьня рашэньняў.

Беларусь старшынюе ў ЦЭІ і хоча надаць ёй большую вагу, чым яна мае насамрэч. Для сувэрэннай Беларусі старшыняваць важна, і таму намаганьні беларускага МЗС мне цалкам зразумелыя. Як калісьці казаў былы міністар замежных справаў Беларусі Іван Антановіч, мы ідзём туды, дзе рэагуюць на нашы пульсацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG