Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трыюфм Літвы, роспач Беларусі, — нямецкі гісторык пра падзеі 100 гадоў таму ў Вільні, Менску і Кіеве


Нямецкі вайсковы патруль у Менску на Губэрнатарскай вуліцы, ілюстрацыйнае фота
Нямецкі вайсковы патруль у Менску на Губэрнатарскай вуліцы, ілюстрацыйнае фота

У швайцарскай газэце Neue Zürcher Zeitung (NZZ) нямецкі гісторык Фэлікс Акерман апублікаваў вялікі артыкул пра юбілеі незалежнасьці БНР, УНР і іншых краін, якія ўзьнікалі 100 гадоў таму на абломках Расейскай імпэрыі.

Ня ўсе ўсходнеэўрапейскія краіны, якія ў 1918-м імкнуліся да незалежнасьці, атрымалі яе. Украіна і Беларусь вярнуліся ў Расею, але ўжо ў Савецкую, піша швайцарскае выданьне. Краіны Балтыі захавалі самастойнасьць да 1939 году.

Сёлета ў Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, а таксама ў Беларусі і ва Ўкраіне прыгадваюць падзеі 100-гадовай даўніны. Ва ўсіх гэтых краінах, акрамя Беларусі, адбудуцца афіцыйныя сьвяткаваньні з нагоды юбілею іх незалежнасьці.

Вялікі час Літвы

«У той час, як у Варшаве ўжо пачаліся юбілейныя ўрачыстасьці з нагоды ўтварэньня дзяржавы ў лістападзе 1918 году, — адзначае NZZ, — сытуацыя, якая складаецца ў краінах, разьмешчаных паміж Польшчай і Расеяй, выглядае крыху складаней. Адрозна ад Польшчы, іх дзяржаўнасьць была абвешчаная на пачатку таго ж году, пры нямецкай акупацыі, каб да ўзьнікненьня Польскай Рэспублікі і праекту стварэньня будучай Эўропы, стварыць пэўны прэцэдэнт за картачным сталом палітыкаў і вайскоўцаў.

Літве напачатку ўдалося адстаяць сваю створаную 100 гадоў таму рэспубліку. А вось намаганьні Беларусі ды Ўкраіны скончыліся тым, што абедзьве краіны на доўгія дзесяцігодзьдзі ўвайшлі ў склад СССР.

Літоўская Тарыба (Рада), 1918 год
Літоўская Тарыба (Рада), 1918 год

Калі летась літоўскі прафэсар паліталёгіі Людас Мажыліс вярнуўся ў Вільню пасьля працы ў бэрлінскіх архівах, то ў аэрапорце ён быў сустрэты натоўпам узрушаных прадстаўнікоў грамадзкасьці і СМІ, як пяцікратны алімпійскі чэмпіён. Навукоўцу ўдалося адшукаць арыгінал устаноўчага дакумэнту аб абвяшчэньні Літоўскай Рэспублікі 16 лютага 1918 году з подпісамі 20 выбітных літоўцаў. Усе гэтыя падпісанты і цяпер шануюцца ў краіне як апосталы літоўскай незалежнасьці.

Для літоўцаў нават і сёньня падзеі стагадовай даўніны зьяўляюцца ключавым гістарычным момантам, бо праз два дзесяцігодзьдзі пасьля абвяшчэньня сувэрэнітэту, з прычыны дамовы паміж Гітлерам і Сталіным, краіна страціла гэты свой статус і здабыла яго зноў толькі пасьля распаду СССР. Тэма заваяванай незалежнасьці набыла асаблівае значэньне ва ўсім балтыйскім рэгіёне пасьля расейскай анэксіі Крыму. Так што цяпер у Эстоніі, Латвіі і Літве на ўсю моц ідзе падрыхтоўка да 100-гадовага юбілею здабыцьця дзяржаўнасьці».

Зацікаўленасьць Нямеччыны

Паводле аўтара артыкулу, «ва ўтварэньні як мага большай колькасьці незалежных дзяржаваў паміж Расеяй і Нямеччынай былі зацікаўленыя немцы. Не ў апошнюю чаргу таму, што на пачатку 1918 году, пасьля таго як прайшло больш за 120 гадоў з моманту падзелаў польска-літоўскай дзяржавы, палітыкі чакалі стварэньня Другой Рэчы Паспалітай.

Падпісаньне міру між Расеяй і Нямеччынай, 1918
Падпісаньне міру між Расеяй і Нямеччынай, 1918

Цягам некалькіх месяцаў, што папярэднічалі яе зьяўленьню, гучалі заклікі аб стварэньні шматлікіх рэспублік у рамках польскай фэдэрацыі od morza do morza. Адрозна ад палякаў, літоўцаў, латышоў ды эстонцаў, чыя незалежнасьць пратрымалася да 1939-га, іншыя народы супрацьстаялі бальшавікам усяго некалькі месяцаў і ня здолелі дамагчыся прызнаньня сваёй незалежнасьці. У іх лік уваходзілі Беларуская Народная Рэспубліка, а таксама Ўкраіна, якая зрабіла некалькі няўдалых спробаў здабыць сувэрэнітэт.

У краінах, якім удалося захаваць незалежнасьць, прынамсі да пачатку Другой усясьветнай вайны, сёлета адбываюцца вялікія ўрачыстасьці. У Вільні ўсіх жыхароў заклікаюць унесьці сваю лепту ў дзяржаўную сьвяточную праграму «100 гадоў Літоўскай Рэспубліцы». Па-ранейшаму працягваецца конкурс на праект помніка на плошчы Лукішкі ў Вільні.

Вежа Гедыміна ў Вільні, наш час
Вежа Гедыміна ў Вільні, наш час

Афіцыйна Вільня — старажытная сталіца Вялікага Княства Літоўскага — цяпер называецца «сталіцай заснаванай ў 1918 годзе рэспублікі», хоць пасьля захопу польскімі легіёнамі ў 1919 годзе Вільня вярнулася пад кантроль Літвы толькі з прычыны падпісаньня «Пакту Молатава — Рыбэнтропа», а сталіцай незалежнай літоўскай дзяржавы стала толькі на пачатку 1990-х гадоў.

Як вынікае з публікацыі, акрамя віленскага пытаньня, ёсьць шэраг іншых складаных аспэктаў дзяржаўнасьці краін, якія да 1918-га належалі Расеі. З гэтай нагоды летась у сьнежні ў Вільні адбылася сумесная з палякамі канфэрэнцыя пра Пілсудзкага пад афіцыйным лёзунгам «Без эмоцый», падчас якой былі замененыя розныя пазыцыі, аднак адзінства цалкам дасягнута не было.

Роспач Беларусі

Герб БССР, 1920-1939
Герб БССР, 1920-1939

Як піша аўтар, дастаткова складаная сытуацыя і там, дзе спробы стварыць нацыянальныя дзяржавы ў 1918 годзе праваліліся. Так, усяго празь некалькі тыдняў пасьля падпісаньня дакумэнту аб незалежнасьці Літвы беларускія актывісты скарысталіся момантам і 25 сакавіка 1918 году абвясьцілі незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак, адрозна ад літоўцаў, латышоў і эстонцаў, ім не ўдалося заручыцца падтрымкай, бо на пачатку ХХ стагодзьдзя беларускім сялянам ды рабочым нацыянальная самасьвядомасьць была неўласьцівая.

«Геаграфічныя контуры дзяржавы БНР былі распрацаваныя беларускім этнографам Яўхімам Карскім. Тлумачэньні навукоўца былі таксама падтрыманыя нямецкім бокам на карысьць абвяшчэньня БНР. У 1920-я гады бальшавікі далучылі большасьць з гэтых зямель да Беларускай ССР.

У беларускім грамадзтве дагэтуль вядуцца спрэчкі наконт ацэнкі абвяшчэньня БНР у сакавіку 1918-га, за якім з прыхільнасьцю назіралі немцы, і пазьнейшага далучэньня гэтай тэрыторыі ў склад СССР.

Напамін пра БНР у афіцыйным Менску ўсяляк стыгматызуецца і лічыцца надзелам беларускай нацыяналістычнай апазыцыі. З гэтай прычыны сьвяточныя юбілейныя мерапрыемствы на дзяржаўным узроўні сёлета ў сакавіку не плянуюцца», піша швайцарскае выданьне.

Вызваленая Ўкраіна

Паводле нямецкага гісторыка, «іншая сытуацыя ва Ўкраіне, дзе 100 гадоў таму існавала яшчэ больш канкуруючых паміж сабой дзяржаўных утварэньняў, якія, аднак, спынілі сваё існаваньне пад ціскам бальшавікоў на ўсходзе і пасьля ўварваньня польскіх легіянэраў на захадзе. Тады ў канчатковым выніку верх узялі бальшавікі, якія далучылі значную частку Украіны ў якасьці саюзнай рэспублікі да СССР».

Сечавыя стральцы ў Кіеве, 1918
Сечавыя стральцы ў Кіеве, 1918

Тым ня менш сёлета ва Ўкраіне будуць ушаноўваюць структуры, якія 100 гадоў таму ўзьніклі пры падтрымцы Нямеччыны. У іх лік уваходзіць Украінская акадэмія навук, заснаваная 27 лістапада 1918 году ў Кіеве гетманам Скарападзкім, які карыстаўся падтрымкай нямецкага боку. Але паколькі ў гэты ж дзень, месяц і год нарадзіўся Барыс Патон, які больш за 50 гадоў нязьменна займае пасаду прэзыдэнта Нацыянальнай акадэміі, краіна, нягледзячы на вялікія матэрыяльныя цяжкасьці рыхтуецца да гэтага двайнога юбілею.

Як піша NZZ, «у Кіеве тым часам усе разумеюць, што такая працяглая кар’ера Барыса Патона ўвасабляе сабой трывалую сувязь паміж савецкім грамадзтвам і Ўкраінай пасьля Майдану, а таксама вострую неабходнасьць рэформаў у краіне».

Сэнс гуманітарных навук

«Тое ж самае тычыцца і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Менску. Яе супрацоўнікі ўжо больш за дзесяць гадоў займаюцца гісторыяй беларускай дзяржаўнасьці, аднак іх праца практычна ніякім чынам не зьвязаная з дасьледчымі дыскусіямі за межамі краіны.

Швэдзкі гісторык Пэр Радлінг, які працуе ва ўнівэрсытэце Сынгапуру, прапануе разглядаць структурную канкурэнцыю падвойнай дзяржаўнасьці краіны ў якасьці БНР і БССР не як супярэчнасьць, а як галоўную фішку беларускай гісторыі ХХ стагодзьдзя. Віленскі гісторык Ірына Раманава на кангрэсе беларускіх дасьледаваньняў у Варшаве заявіла:

„Мы ня ведаем, што дакладна робяць калегі зь беларускай Акадэміі навук, але самая важная кніга пра стварэньне беларускай дзяржаўнасьці ў 1918 годзе была выдадзеная ў Пітсбургу“.

Акрамя таго, прэзыдэнт менскай Акадэміі навук больш ня мае права называцца прэзыдэнтам, таму што ў краіне, якой ад 1994-га няспынна кіруе Аляксандар Лукашэнка, можа быць толькі адзін прэзыдэнт. І ён, дарэчы, у апошні час неаднаразова публічна выказваў сумнеў наконт мэтазгоднасьці гуманітарных навук і прапаноўваў навукоўцам акадэміі ў будучыні самастойна зарабляць грошы».

Тым часам у літоўскай Акадэміі інакш. Як адзначае Фэлікс Акерман, «цяпер яе прэзыдэнт выбіраецца кожныя чатыры гады, прычым толькі на дзьве кадэнцыі. Літоўскі навуковы фонд штогод выдзяляе сродкі на разнастайныя міжнародныя дасьледчыя праекты. Афіцыйныя сьвяткаваньні на дзяржаўным узроўні ў віленскай Акадэміі навук не плянуюцца. У асноўным таму, што яна была заснаваная ў 1941 годзе як Акадэмія навук Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, і , такім чынам, да яе 100-гадовага юбілею застаецца яшчэ каля чвэрці стагодзьдзя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG