Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто з «айцоў БНР» быў першым


Гісторык Алесь Смалянчук выступіў у гарадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця з нагоды сотай гадавіны БНР. Алесь Смалянчук называе першым прафэсара Мітрафана Доўнара-Запольскага, хаця той ня ўдзельнічаў у абвяшчэньні незалежнасьці.

У сваёй лекцыі «Айцы БНР» Смалянчук даў адказ — чаму вылучае Доўнар-Запольскага. Таму што ён ужо ў канцы ХІХ стагодзьдзя адкрыў «гісторыю Беларусі для чытаючай эліты таго часу», ягоныя працы дапамагалі ўсьвядоміць, што ёсьць такая краіна.

Гісторык выступіў у Горадні ў Цэнтры гарадзкога жыцьця з нагоды сотай гадавіны БНР. Ён вылучыў пяць прозьвішчаў: апроч Доўнар-Запольскага, — братоў Луцкевічаў, Рамуальда Скірмунта, ксяндза Адама Станкевіча.

Алесь Смалянчук
Алесь Смалянчук

Доўнар-Запольскі і мапа БНР

Мітрафан Доўнар-Запольскі быў прафэсарам Кіеўскага ўнівэрсытэту. Ён вітаў абвешчэньне незалежнасьці БНР у кіеўскай газэце «Беларускае слова», першы нумар якой выйшаў у красавіку 1918 году. Пазьней, калі пачаліся спрэчкі паміж БНР і УНР наконт мяжы, ён увайшоў у склад беларускай дэлегацыі, якая вяла ў Кіеве вельмі цяжкія перамовы. «Нямеччына перадала Палесьсе Ўкраіне. І яна адстойвала свае правы на ўсё беларускае Палесьсе, перш ішла гаворка пра Піншчыну», зазначыў Смалянчук. Доўнар-Запольскі вельмі ўзмацніў на перамовах беларускі бок.

Доўнар-Запольскі напісаў брашуру «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі», якая выйшла ў Горадні ў 1919 годзе на беларускай, расейскай, нямецкай і францускай мовах. Каб было з чым ехаць у Парыж на мірную канфэрэнцыю. Француская была мовай дыпляматыі. Пазьней будзе таксама пераклад на ангельскую. Гэта быў «аргумэнтаваны гістарычны доказ, што беларусы маюць права на сваю дзяржаўнасьць, што гэта — дзяржаўная нацыя», кажа прафэсар Смалянчук. Ён дадае: Доўнар-Запольскі быў галоўным сярод аўтараў мапы БНР. Мапа таксама была надзвычай важнай для паездкі на мірную канфэрэнцыю ў Парыж — каб даказваць права Беларусі на існаваньне.

Толькі ў 1925 годзе ў Доўнар-Запольскага атрымалася перабрацца ў Менск. Але зусім ненадоўга. Ён працаваў у БДУ, закончыў рукапіс гісторыі Беларусі. Але першае выданьне выйшла толькі ў 1994 годзе, распавядае Алесь Смалянчук. Чаму? Рэцэнзэнт у 1926 годзе назваў яе «зьдзекам з савецкай улады», «энцыкляпэдыяй беларускага нацыянал-дэмакратызму». Аўтар меў сьмеласьць аб’ектыўна напісаць пра БНР. ЦК партыі выдаў распараджэньне, каб да 1 чэрвеня 1926 году прафэсар Доўнар-Запольскі пакінуў тэрыторыю БССР. Ён зьехаў у Маскву.

Да апошняга спадзяваліся на літоўцаў

25 студзеня 1918 году ў Вільні адбылася беларуская канфэрэнцыя. На ёй была зроблена спроба паяднаць розныя палітычныя колы, хто мог падтрымаць ідэю беларуска-літоўскай дзяржаўнасьці. Браты Луцкевічы былі аднымі зь ініцыятараў.

Віленская беларуская рада на чале з Антонам Луцкевічам адыграе пазьней вялікую ролю ў справах БНР. 21 лютага была прынятая Першая статутная грамата выканкаму Рады Ўсебеларускага зьезду. Ёю абвяшчалася, што ўся ўлада пераходзіць да яе і што ствараецца Народны сакратарыят. 9 сакавіка прынялі Другую статутную грамату. Яна стала рэакцыяй беларусаў на Берасьцейскі мір, у ёй будзе заяўлена, што ёсьць БНР, якая ахоплівае пэўныя тэрыторыі. Пра незалежнасьць, аднак, не сказалі, зазначае Алесь Смалянчук. Чаму? Была надзея на літоўскага саюзьніка, бо беларускія дзеячы адчувалі сваю слабасьць. А да 25 сакавіка ўжо стала зразумела, што надзеі на Літву няма.

Ластоўскі быў ні пры чым

Помнік Вацлаву Ластоўскаму ў Глыбокім
Помнік Вацлаву Ластоўскаму ў Глыбокім

​Адна з прысутных на лекцыі прызналася, што заўсёды казала сваім студэнтам, што грамату аб абвяшчэньні незалежнасьці ўголас зачытаў Вацлаў Ластоўскі і папрасіла пацьвердзіць гэтую інфармацыю. Алесь Смалянчук адказаў, што такімі зьвесткамі не валодае. Яму прыйшоў на дапамогу Андрэй Чарнякевіч — гісторык, які вывучае БНР: «24 сакавіка 1918 году адкрыў паседжаньне Язэп Варонка, павіншаваў, што прыехалі віленчукі. Затым ад „Грамады“ выступіў Смоліч, які нечакана для часткі Рады прапанаваў абмеркаваць дакумэнт аб незалежнасьці». Рада не разыходзілася дзесяць гадзінаў. 25-га, у панядзелак, сабраліся, каб зацьвердзіць дэклярацыю. Ёсьць успаміны Езавітава, Луцкевіча, Краўцова. У іх няма ўзгадкі — хто чытаў канчатковы тэкст, кажа Чарнякевіч: «Магчыма гэта быў Варонка, як старшыня Народнага сакратарыяту». «Лягічна, што гэта быў Варонка», — згаджаецца Смалянчук.

Што да Ластоўскага, ён прыехаў у Менск толькі ў траўні, зазначае Андрэй Чарнякевіч.

Скірмунт

Раман Скірумнт
Раман Скірумнт

​Прафэсар Алесь Смалянчук піша апошнія дваццаць гадоў кнігу пра Рамана Скірмунта. «Атрымаецца старонак на дзевяцьсот», — прызнаецца ён. Гісторык надае гэтай постаці вялікае значэньне ў беларускім руху. 25 лютага 1918-га паўстала менскае Беларускае народнае прадстаўніцтва, прабеларуская партыя, створаная Скірмунтам. Ён з паплечнікамі ў той жа дзень заявілі пра незалежнасьць Беларусі (за месяц да абвяшчэньня незалежнасьці БНР). Прадстаўніцтва, створанае Скірмунтам, існавала паралельна з урадам БНР. «І дзякуючы Антону Луцкевічу, які ў сакавіку прыехаў у Менск, адбылася вельмі важная падзея. Беларускае прастаўніцтва, а гэта 25 дзеячаў, былі прынятыя ў склад Рады БНР», — распавядае Смалянчук. І ў вялікай ступені таксама дзякуючы Луцкевічу, у траўні сацыялісты пагадзілася на стварэньне кааліцыйнага ўраду пад кіраўніцтвам Скірмунта, кажа гісторык.

Парыская канфэрэнцыя

Галоўнай рэальнай магчымасьцю дамагчыся прызнаньня БНР мог быць удзел у Парыскай мірнай канфэрэнцыі. Аднак не было сродкаў на паездку дэлегацыі. Генэрал Кандратовіч паехаў сваім коштам (ва ўрадзе ён павінен быў стаць міністрам абароны). Гэта змог зрабіць таксама дэпутат дзярждумы (з-пад Горадні) Азнабішын, які таксама меў грошы. Калі атрымалі ўкраінскі крэдыт, паехаў таксама Луцкевіч. Аднак беларусаў слухаць не жадалі, канстатуе Алесь Смалянчук.

Прэм’ер-міністар Польшчы Ігнацы Падэрэўскі даў нечакана надзею Луцкевічу: падтрымаў ідэю аб пэўным палітычным саюзе БНР і Польскай рэспублікі, працягвае гісторык: «І нават падпісалі пачатковую дамову. Здалося, што Беларусь набывае рэальнага палітычнага саюзьніка, прычым вельмі моцнага». Аднак гэта закончылася нічым. На мапе Эўропы пасьля заканчэньня Парыскай канфэрэнцыі для БНР фактычна не было месца, кажа падсумоваўваючы Алесь Смалянчук:

«Грунтоўнага дасьледаваньня пра дзейнасьць беларускай дэлегацыі ў Парыжы дагэтуль няма. Мова была пра спробу афіцыйнага прадстаўніцтва БНР на канфэрэнцыі. Раман Скірмунт не даехаў. А каб былі яны з Луцкевічам, можа было б іначай». Трэба ехаць у Парыж, працаваць у архівах, аднак у беларускай гістарычнай навукі зусім іншыя прыярытэты, зазначае ён.

Сто год незалежнасьці Польшчы

Палякі прысьвяцілі цэлы год, 2018-ы, сотай гадавіне аднаўленьня незалежнасьці Польшчы. Вялікія сродкі на гэта выдаткаваныя. Бо сьвяткаваньне — гэта ўмацаваньне існуючай дзяржаўнасьці. У нас — максымум зводзіцца да абмеркаваньня гадавіны БНР на круглым стале ў «Звяздзе». «А падзея вельмі важная, можна было адзначыць на ўсю Эўропу», лічыць прафэсар Смалянчук.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG