Расейскае войска атакавала Харкаў і Ізюм; у Расеі пад атаку трапіў завод паліва для ракет

Наступствы расейскага ўдару па Харкаве, 26 лістапада 2026 году
Наступствы расейскага ўдару па Харкаве, 26 лістапада 2026 году

Расея працягвае атакаваць цывільныя аб’екты Ўкраіны, Украіна наносіць удары ў адказ па вайсковых і энэргетычных аб’ектах.

Як паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода, у ноч на 27 лістапада расейская армія атакавала Ўкраіну 155 ударнымі бесьпілётнікамі розных тыпаў, у тым ліку 83 «Шахедамі», паведаміла камандаваньне Вайскова-паветраных сілаў Украіны.

Войскі супрацьпаветранай абароны зьбілі або адхілілі 110 расейскіх дронаў. ВПС паведамляюць пра ўлучэньні расейскіх бесьпілётнікаў у 27 месцаў за ноч.

Расейскія вайскоўцы сярод іншага атакавалі дронамі два раёны Харкава, паведаміў кіраўнік вобласьці Алег Сінягубаў раніцай 27 лістапада:

«Колькасьць параненых у Шаўчэнкаўскім раёне павялічылася да трох. Лекары аказваюць патрэбную мэдычную дапамогу».

Расейская армія таксама атакавала горад Ізюм у Харкаўскай вобласьці — гарадзкая вайсковая адміністрацыя паведамляе пра шэсьць параненых.

У сваю чаргу Ўкраіна ў ноч на 27 лістапада атакавала Тульскую і Ленінградзкую вобласьці, а таксама Краснадарскі край, паведаміла «Настоящее время».

У Тульскай вобласьці пацьвярджаюць зьвесткі ўкраінскіх маніторынгавых каналаў аб атаках на Яфрэмаўскі завод сынтэтычнага каўчуку і Яфрэмаўскую ЦЭЦ. Тамтэйшыя жыхары паведамляюць, што бесьпілётную небясьпеку аб’явілі толькі пасьля першага выбуху. Губэрнатар Дзьмітрый Міляеў заявіў, што над Тульскай вобласьцю зьбілі чатыры дроны, пашкоджаньняў інфраструктуры не зафіксавана.

Яфрэмаўскі завод сынтэтычнага каўчуку вырабляе элемэнты цьвёрдага ракетнага паліва, у тым ліку для балістычных ракет «Іскандэр». Украінскія вайскоўцы ўжо атакавалі яго ў сьнежні 2025 году.

Выбухі былі чуваць і ў розных раёнах Пецярбургу і Ленінградзкай вобласьці. Губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Аляксандар Дразьдзенка заявіў пра 45 зьбітых над рэгіёнам дронаў. Ён паведаміў, што пацярпелых і пашкоджаньняў няма, а Ладаскі мост над ракой Нявой перакрывалі для працы мабільных агнявых групаў.

Чаму гэта важна

Расейскія войскі сыстэматычна з розных відаў зброі — дронамі, ракетамі, авіябомбамі і з артылерыі — атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру Ўкраіны.

Кіраўніцтва Расеі адмаўляецца прызнаваць, што расейская армія наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і зьнішчаючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.

Украінская ўлада і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і настойваюць на тым, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

Абстрэлы сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня насельніцтва і ўстановаў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электраэнэргіі, цяпла, водазабесьпячэньня, сувязі, мэдычнай дапамогі, іншых умоваў для жыцьця — прыкмета генацыдных дзеяньняў.

​
XS
SM
MD
LG