Перапрацоўка нафты ў Расеі ўпала амаль удвая з канца кастрычніка, Расея актыўна купляе беларускі бэнзін

Наступствы паветранай атакі на НПЗ ў Самарскай вобласьці Расеі. 25 лістапада 2026
Наступствы паветранай атакі на НПЗ ў Самарскай вобласьці Расеі. 25 лістапада 2026

Украіна працягвае ўдары па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах, у выніку ў розных рэніёнах Расеі існуе дэфіцыт паліва.

Аб’ёмы перапрацоўкі нафты ў Расеі ўпалі прыкладна ўдвая ў параўнаньні з канцом кастрычніка 2026 году на фоне ўдараў Украіны па нафтаперапрацоўчых заводах, якія працягваюцца, паведаміла агенцтва Bloomberg News са спасылкай на аналіз кампаніі Rystad Energy.

Пры гэтым прыводзяцца зьвесткі аналітыка Rystad Віктара Курылава, што 23 лістапада абʼём перапрацоўкі нафты на расейскіх НПЗ складаў 2,6-2,7 мільёна барэляў у дзень, — гэта самы нізкі ўзровень за больш чым два дзесяцігодзьдзі. Гэта ўзмацняе ціск на забесьпячэньне палівам унутры краіны.

Reuters паведамляла, што ў расейскіх рэгіёнах вяртаюцца абмежаваньні на раздробны продаж бэнзіну і дызэльнага паліва пасьля аднаўленьня ўкраінскіх удараў па нафтаперапрацоўчых заводах. Крыніцы агенцтва сьцьвярджалі, што напады бесьпілётнікаў скарацілі сукупныя абʼёмы перапрацоўкі сырой нафты на расейскіх НПЗ на 45% у параўнаньні з канцом кастрычніка.

25 лістапада паведамлялася пра ўдары Ўкраіны па Сызранскім і Куйбышаўскім нафтаперапрацоўчых заводах, двух найбуйнейшых прадпрыемствах Самарскай вобласьці Расеі.

Як Беларусь прадае ў Расею паліва

Пастаўкі беларускага бэнзіну ў Расею ў студзені — кастрычніку 2026 гоу дасягнулі 1,25 мільёна тон. Гэта у 5,5 раза больш, чым аб’ём паставак за студзень — лістапад 2025 году, калі на расейскі рынак было адпраўлена 222,4 тысячы тон паліва, піша Financial Times са спасылкай на ацэнкі аналітыкаў.

Расея нарасьціла закупкі паліва за мяжой пасьля таго, як удары ўкраінскіх бесьпілётнікаў істотна пашкодзілі яе нафтаперапрацоўчыя заводы.

На піку крызісу летам прастойвалі, паводле розных ацэнак, ад 40 да 45% нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў гэтай краіны. Большасьць расейскіх рэгіёнаў увялі абмежаваньні на продаж паліва, а чэргі на запраўках расьцягваліся на кілямэтры.

У пачатку верасьня старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ільля Ікан заявіў, што дэфіцыт нафтапрадуктаў у Расеі і яго папаўненьне сіламі беларускіх НПЗ станоўча адбіліся на фінансавых паказьніках апошніх.

Зьвестак пра экспарт нафтапрадуктаў у РФ Менск не раскрывае.

Беларускія НПЗ ня маюць рэзэрваў нарасьціць вытворчасьць нафтапрадуктаў, патрэбных Расеі для кампэнсацыі дэфіцыту, узьніклага ў выніку ўкраінскіх атак на расейскі нафтаперапрацоўчы комплекс.

Як паведаміла выданьне «Позірк» з спасылкай на дасьледаваньне, апублікаванае 9 лістапада сеткай FREE Network (аўтары — дасьледнік цэнтру BEROC Дзьмітры Крук і спэцыяліст iSANS Яўген Макарчук), беларускія пастаўкі кампэнсавалі прыблізна «30% недавытворчасьці бэнзіну» ў Расеі, забясьпечыўшы амаль палову імпарту гэтага паліва на расейскі рынак.

У канцы кастрычніка агенцтва Bloomberg пісала з спасылкай на крыніцы пра занепакоенасьць кіраўніцтва карпарацыі «Роснефть» тым, што нават некалькі месяцаў вайны ўва Ўкраіне могуць нанесьці істотную шкоду справам кампаніі.

​
XS
SM
MD
LG