Гэта сумесная акцыя беларускіх дэмакратычных сіл у супрацоўніцтве з партнэрамі, сярод якіх Fundacja Demokracja (Польшча), Эўрамайдан і Stand with Ukraine (Украіна), распавяла 25 лістапада падчас анлайн-брыфінгу Вольга Зазулінская, кіраўніца місіі дэмакратычных сіл Беларусі ва Ўкраіне.
Паводле Вольгі Зазулінскай кропкава розныя беларускія арганізацыі і беларусы асобна дапамагаюць украінцам з 2022 году, але цяпер упершыню было вырашана ўзяць удзел у маштабнай кампаніі, што рэгулярна ладзяць грамадзяне Польшчы і Чэхіі.
«У межах акцыі набываюцца генэратары ды іншыя прылады для вырабу электрычнай энэргіі. Іх закупляюць і прывозяць ва Ўкраіну, каб забясьпечыць працу мэдычных устаноў, школ, дзіцячых садкоў і адміністрацыйных будынкаў у час, калі няма электрычнасьці, няма цяпла. Сёлета нам прапанавалі далучыцца да гэтай акцыі і мы з задавальненьнем прынялі прапанову. Ад сёньня адкрыты збор, мы заклікаем неабыякавых беларусаў далучыцца і ахвяраваць свае грошы, выявіць салідарнасьць. Наступаючая зіма будзе для ўкраінцаў вельмі складанай, ім патрэбная наша дапамога», — сказала журналістам Вольга Зазулінская.
Паводле Вольгі Зазулінскай беларускія ўдзельнікі кампаніі абралі менавіта Чарнігаўскую вобласьць для дапамогі ня толькі таму, што гэты рэгіён суседзкі, гістарычна зьвязаны зь Беларусьсю.
«Так, гістарычна мы зьвязаны, гэта вельмі важна. А па-другое, гэта тая тэрыторыя, дзе ў 2022 годзе адбывалася ўварваньне расейскіх агрэсараў ва Ўкраіну, яны ішлі менавіта зь беларускай тэрыторыі. Таму такі дадатковы імпэт выявіць салідарнасьць», — зазначыла Вольга Зазулінская.
Паводле актывісткі сабраная беларусамі грашовая дапамога будзе выкарыстаная на набыцьцё генэратараў для патрэб грамады Рэпкінскага раёну.
- Навучальны цэнтар Міжнароднага легіёна Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, дзе праходзяць падрыхтоўку замежныя добраахвотнікі.
- Рэпкінскі ліцэй імя Соф'і Русавай Рэпкінскага пасялковага савета.
- Камунальнае некамэрцыйнае прадпрыемства «Цэнтар першаснай мэдыка-санітарнай дапамогі «Здаровая сямʼя» Рэпкінскага пасялковай рады.
«Як сацыяльныя аб’екты яны вельмі важныя. Мястэчка ў 2022 годзе перажыло кароткую акупацыю, а цяпер яно рэгулярна абстрэльваецца. Там не ідуць баявыя дзеяньні, але паступова зьнішчаецца ўся цывільная інфраструктура. Для гэтага рэгіёну генэратары — гэта тое, што дазволіць забясьпечваць працу і крамаў, і садкоў, і адміністрацыйных будынкаў. Людзі, якія там жывуць, ня могуць прыпыніць сваё жыцьцё праз тое, што ў іх няма электрычнасьці», — зазначае Вольга Зазулінская.
Прадстаўніца Фонду салідарнасьці BySol Марыя Анімія падзялілася падлікамі: у сярэднім адзін генэратар будзе каштаваць да 5 тысяч эўра, як найменей трэба сабраць 15 тысяч эўра. Але арганізатары акцыі спадзяюцца, што ўдасца сабраць дастаткова грошай, каб набыць па некалькі генэратараў на кожны з трох аб’екатаў, бо адной прылады будзе недастаткова. Але ў плянах — дапамога больш маштабная.
«Генэратар мусіць працаваць больш за 5-6 гадзінаў штодня. Зразумела, як любая тэхніка, генэратары выходзяць з ладу, ім патрэбны рамонт альбо замена. Разьлічваем на збор, які дазволіць забясьпечыць бесьперапынную падачу электрычнасьці на гэтыя аб’екты цягам усёй зімы, з улікам замены. А калі хопіць грошай на генэратары для іншых аб’ектаў — цудоўна, знойдзем іншыя», — сказала Марыя Анімія.
Паліва для працы генэратараў будзе закупляцца на запраўках, якія ва Ўкраіне дзейнічаюць.
«Так, на некаторых адчуваецца дэфіцыт 95-га бэнзіну, але з большага паліва ёсьць», — дадала Вольга Зазулінская.
Паводле арганізатараў кампаніі салідарнасьці «Цяпло для Ўкраіны» дабрачынны збор заплянавана праводзіць да 25 сьнежня, але пры патрэбе месяцавы тэрмін можа быць павялічаны.
Форум