Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальлю Гарачку за лаянку падчас затрыманьня расейскімі вайскоўцамі пакаралі 3 суткамі арышту

абноўлена

Натальля Гарачка ў судзе Барысаўскага раёну
Натальля Гарачка ў судзе Барысаўскага раёну

4 верасьня Барысаўскі раённы суд прысудзіў праваабаронцы Натальлі Гарачцы трое сутак арышту па абвінавачаньні ў дробным хуліганстве.

Паводле прысуду судзьдзі Сяргея Герасімовіча, жанчына лаялася матам падчас затрыманьня на палігоне пад Барысавам.

1 верасьня Натальля Гарачка прыехала адведаць сына Івана, які праходзіць тэрміновую службу і цяпер знаходзіцца на ваенным палігоне пад Барысавам. Там разьмешчана частка падразьдзяленьняў, задзейнічаных у вайсковых вучэньнях «Захад-2017». Паводле слоў жанчыны, спачатку яе затрымалі расейскія вайскоўцы, а затым перадалі беларускім. Апошнія, зь ейных словаў, ужывалі да яе фізычную сілу, на руках засталіся сінякі.

Суд праігнараваў сьведчаньні жанчыны, паверыўшы словам сьведак абвінавачаньня — беларускім вайскоўцам.

Пасьля затрыманьня праваабаронца знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрыманьня Барысава, а таму сёньня ўвечары мае выйсьці на волю.

«Гэтыя тры дні арышту — толькі каб апраўдаць яе незаконнае затрыманьне і тое, што трымалі за кратамі тры дні. Калі б суд быў на наступны дзень, мяркую, мы б яго выйгралі», — пракамэнтавала прысуд Натальлі Гарачцы яе дачка Юлія Гарачка. — Мама не рыхтавала ніякай правакацыі на тым палігоне, дый не дайшла да яго, гэта я цяпер дакладна ведаю. Калі б рыхтавала нешта такое, не ішла б на сустрэчу з сынам з гарачым супам у торбе».

Паводле слоў Юліі, яе маці пачала здымаць на відэа расейскіх вайскоўцаў, якія яе затрымалі, бо была зьдзіўлена, што ў беларускім лесе яе затрымліваюць расейцы.

«Мяне таксама на гэтым судзе зьдзівілі словы сьведкі-вайскоўца, што манэўры, аказваецца, для іх даўно ідуць, гэта мы думаем, што яны пачнуцца 14 верасьня, а насамрэч яны ўжо пачаліся. Магчыма, таму і рэакцыя на выпадковае зьяўленьне маёй мамы ў гэтым раёне была такая нэрвовая. Магчыма, ня хочуць, каб стала вядома больш пра тыя манэўры, чым усім яны кажуць», — сказала Юлія Гарачка.

Падрабязная онлайн-трансьляцыя з суду

Праваабаронцу зь Менску Натальлю Гарачку з ізалятара прывезьлі ў Барысаўскі раённы суд. Судовы працэс пачнецца неўзабаве.

Вядома, што на праваабаронцу заведзена адміністрацыйная справа, але няма дакладных зьвестак, у чым яе вінавацяць.

Суд Барысаўскага раёну
Суд Барысаўскага раёну

Адвакату Натальлі Гарачкі яшчэ не далі азнаёміцца зь яе справай.

Судзіць Натальлю Гарачку судзьдзя Сяргей Герасімовіч.

У суд прыехала дачка праваабаронцы Юлія, якая расказала карэспандэнту Свабоды пра марныя спробы напярэдадні перадаць Натальлі перадачу.

Юлія Гарачка
Юлія Гарачка


«Маці затрымалі ўвечары ў пятніцу, а мы з праваабаронцам Валерам Шчукіным змаглі прыехаць у ізалятар часовага утрыманьня Барысава ў суботу. Але ў мяне не прынялі ані прадукты, ані цёплыя рэчы, і нават сродкі асабістай гігіены не ўзялі. Сказалі, што выходны, і таму нібыта нельга. Такім чынам яна ўжо тры ночы там прабыла, а ў якіх умовах — невядома», — сказала Юлія Гарачка.

Паводле Юліі, яе маці ехала на сустрэчу з сынам Іванам, які служыць у вайсковай частцы ва Ўруччы, а цяпер знаходзіцца на палігоне пад Барысавам дзеля ўдзелу ў манэўрах. Што непасрэдна адбылося з маці, Юля ня ведае. Ведае толькі, што на палігоне маці спачатку спынілі расейскія вайскоўцы, якія перадалі яе беларускім. Трох вайскоўцаў — двух шарагоўцаў і афіцэра — сёньня Юлія ўжо бачыла ў судзе. Дзяўчына мяркуе, што гэта будучыя сьведкі на працэсе над яе маці.

Юлія Гарачка мяркуе, што маці не рыхтавала ніякай правакацыі. Маці і яна ўжо раней прыяжджалі да Івана пад Барысаў, бо ён прасіў прывезьці ежы.

«Ён раней званіў, прасіў прывезьці адмысловых прадуктаў, бо тая ежа, якой яго тут на палігоне кормяць, яму не падыходзіла. Мы прыяжджалі на аўтамабілі, даяжджалі да КПП і крыху далей да лесапілкі ды сустракаліся зь ім. Ніякіх знакаў там няма, што нельга ехаць. Але маці гэтым разам была без аўтамабіля, дабіралася сама, як яна прайшла туды, ня ведаю. Відаць, спынілі і тады ўсё пачалося, дэталяў ня ведаю. Чула ад афіцэра, які даваў інструкцыі вайскоўцам, якія будуць сьведкамі, каб казалі, што нібыта фатаграфавала ды ім пагражала. Але чым яна можа пагражаць? Вельмі дзіўна!», – апавяла Свабодзе Юлія Гарачка.

Юлія паведаміла, што справай яе маці апякуецца грамадзянская кампанія «Наш дом», якая прадставіла адваката і аказвае арганізацыйную дапамогу.

11:45 Адвакатка пайшла ў канцылярыю знаёміцца з адміністрацыйнай справай. Назіральнікі за працэсам чакаюць у калідоры. На суд прыйшло шмат барысаўскіх актывістаў, праваабаронцы і мясцовыя журналісты.

12:30 Натальлю Гарачку прывялі ў судовую залю. Тры дні ў пастарунку яна апісвае як «жахлівыя», бо сама ня курыць, а давялося сядзець у тытунёвым воблаку.

Яна распавядае, што калі ішла лесам на палігон, да яе падбеглі расейскія вайскоўцы і пачалі патрабаваць дакумэнты. Яна адмовілася — маўляў, тут Беларусь, а не Расея, там камандуйце. Пачала фатаграфаваць. Тым часам падʼехала машына, яе схапілі. Павезьлі на КПП.

Потым зьявіліся беларускія вайскоўцы, якія ўжывалі да яе фізычную сілу, на руках засталіся сінякі.


Натальля дагэтуль ня ведае, у чым яе абвінавачваюць.

12:35 Пачаўся суд, старшынюе судзьдзя Сяргей Герасімовіч.

Натальля Гарачка распавяла пра сябе. Жыве пад Менскам, у яе 4 дарослых дзяцей. Працуе праваабаронцам у Цэнтры прававой дапамогі, якім кіруе Алег Воўчак.

Заявіла хадайніцтва аб выкліку ў суд расейскіх вайскоўцаў, якія яе затрымалі.

«Яны могуць засьведчыць, як мяне зьбівалі беларускія вайскоўцы, яны ўсё гэта ведалі».

Але судзьдзя адмовіў у хадайніцтве «бо гэтыя падзеі выходзяць за межы таго, што будзе разглядаць суд».

Судзьдзя зачытаў пратакол, складзены 1 верасьня. Паводле пратаколу, яна абвінавачваецца ў «нецэнзурнай лаянцы на адрас вайскоўцаў».

Затрыманьне (вэрсія Натальлі Гарачкі)

12.50 Натальля Гарачка не пагадзілася з пратаколам пра нецэнзурную лаянку і расказала пра падзеі 1 верасьня.

У прыватнасьці, яна сказала, што прыехала ў Барысаў на электрычцы, каб перадаць сыну прадукты. Паехала далей на маршрутцы. Выйшла каля вайсковай часткі, па сьцежцы, якую ёй паказалі, пайшла празь лес. Там яе спынілі расейскія вайскоўцы. Спыталі дакумэнты, яна ўключыла відэа і пачала іх запісваць, кажучы, хто яна. І сама запытала іх, хто такія і што робяць у Беларусі. Тады іхны тон зьмяніўся, яны сталі гаварыць больш ветліва.

Натальля даведалася ад расейцаў, што раней яны былі «ва Ўкраіне ў акупацыйных войсках». Яна працягвала здымаць. Раптам да яе падбег беларускі афіцэр, напаў, хапаў за рукі, спрабаваў вырваць камэру. Яе пасадзілі на грузавік і везьлі хвілін 20. Прывезьлі ў нейкую частку, там убачыла шмат расейскіх вайсковых машын. Яе там паспрабавалі абшукаць, начапілі кайданкі.

«Падпалкоўнік Галавін (ці Галаўко?) накінуўся на мяне, выхапіў камэру. Я патрабавала выклікаць міліцыю, і нарэшце міліцыянты прыехалі».

«Дазволілі расейцам здымаць мой пашпарт, а паколькі была назіральніцай ва Ўкраіне за дзеяньнямі расейскіх акупантаў, я асьцерагаюся за маё жыцьцё», — сказала Гарачка. Яна заявіла, што зь нецэнзурнай лаянкай да іх не зьвярталася.

Пра тое, як заблудзіла, Натальля кажа:

«Я пайшла да сына ўздоўж дарогі да КПП-1. Але мясцовы жыхар мне паказаў карацейшую дарогу, і я пайшла туды. Ніякага палігону там не было, я пра яго ня ведала. Ішла паралельна дарозе. Ведаю, што манэўры будуць, але будуць 14 верасьня. Яшчэ не прыехалі назіральнікі, а расейцы тут ужо. Дарэчы, усе вайскоўцы мне казалі, што манэўры ўжо пачаліся. Чаму?! Назіральнікі ж яшчэ не прыехалі!»

Натальля распавяла, што яе сын Іван служыць танкістам у 120-й дывізіі, цяпер ён на палігоне пад Барысавам:

«Яны рыхтуюцца да манэраў. Большую частку часу рамантуе свой танк часоў Другой усясьветнай вайны».

Затрыманьне — вэрсія вайскоўцаў

Запрасілі сьведку-вайскоўца, які служыць ва Ўзброеных сілах Беларусі. Павал Крэстоўскі на палігон прыехаў з Горадні, дзе служыць у камендатуры. Ён кажа, што Гарачка вяла сябе неадэкватна.

«Там паўсюль КПП. Мы пазванілі нашаму камандзіру і павезьлі яе на КПП. Яна казала, што яе захапілі, лаялася матам, адмаўлялася паказаць свае фота і відэа, якое зьняла, і патлумачыць, што там рабіла. Адмаўлялася спыніць здымкі».

Судзьдзя пытаецца, што зараз праходзіць на палігоне. Сьведка кажа: «Ідуць манэўры, ужо пачаліся — „Захад-2017“. Поўна войскаў, ідуць манэўры».

13:10 Гарачка патрабуе, каб сьведка назваў нецэнзурныя словы, якія яна нібыта ўжывала. Сьведка адмаўляецца. Судзьдзя да Гарачкі: «Што вы зараз робіце? Вы аказваеце ціск на судзьдзю». Гарачка працягвае настойваць, яна кажа, што ніколі не ўжывае мацерных словаў. Сьведка напісаў словы на паперцы: «Там было шмат, гэта тыя, якія запомніліся». Гарачка: «Вы ўсе запішыце, мы потым праглядзім відэа і параўнаем».

Затрыманьне — вэрсія міліцыянта

Выступіў сьведка Сапелка — міліцыянт, які прыехаў на КПП па выкліку і адвёз Гарачку ў райаддзел.

Сьведка кажа, што ім паведамілі, што Гарачка нецэнзурна выказваецца і крычыць.

«Я ня бачыў канфліктных сытуацый зь ёй, калі паказвала дакумэнты. Я чуў нецэнзурныя словы ад яе, а калі села ў аўто, яна гэта спыніла».

Сьведка згадаў, што калі ўбачыў Гарачку, яе за рукі трымалі вайскоўцы, калі адпусьцілі, дык аддалі ёй фотаапарат. На пытаньне, якія нецэнзурныя словы яна ўжывала, адказаў: «Тыя, якія зьневажаюць гонар і годнасьць». Яго таксама просяць напісаць гэтыя словы на паперцы.

Гарачка даводзіць, што ня лаялася, калі прыехалі міліцыянты, і просіць выклікаць у якасьці сьведкі іншага міліцыянта, напарніка. Але яго няма ў судзе.

Перапынак да 14:00.

Абазвалі «расейскім наёмнікам»

14:20 У Барысаўскім судзе аднавілася судовае паседжаньне па адміністрацыйнай справе праваабаронцы Натальлі Гарачкі, якую вінавацяць у лаянцы падчас затрыманьня 1 верасьня на палігоне пад Барысавам.

У судзе выступае трэці сьведка, беларускі вайсковец, які затрымліваў Гарачку пасьля таго, як яе спынілі на палігоне расейскія вайскоўцы. Сьведка распавёў, што Гарачка добраахвотна спыніла здымку, калі яны ад яе гэтага запатрабавалі, але, паводле яго, працягвала лаяцца матам. — Чаму, з-за чаго тады ўзьнік паміж вамі і ёй канфлікт? — пытаецца адвакат. — Ня ведаю, адказаў сьведка.

Паводле сьведкі Гарачка нібыта абзывала яго «расейскім наёмнікам».

15.40 Суд пастанавіў арыштаваць Гарачку на 3 сутак.
Гарачку выпусьцяць у 19.50. Яна пасьпела сказаць, што пратаколу дагэтуль ня бачыла. Праваабаронцу павялі па калідоры ў закрытае памяшканьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG