Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі абмежавалі пазыковую нагрузку крэдытаў для насельніцтва


Ілюстрацыйнае фота

Нацыянальны банк Беларусі зацьвердзіў новую інструкцыю аб парадку выдачы крэдытаў насельніцтву. Старая інструкцыя 2003 году скасоўваецца, поўны тэкст новай апублікаваны на Pravo.by (PDF).

У інструкцыі зьявіўся шэраг новых азначэньняў: «грэйс-пэрыяд» (ільготны пэрыяд выплаты адсоткаў па крэдыце), «адтэрміноўка платы па крэдытнай дамове» і «растэрміноўка платы па крэдытнай дамове» (такія паслугі ўжо прапаноўваліся крэдыторамі, але не былі замацаваныя законамі), «мультывалютны крэдыт» і іншыя.

Таксама вызначалі межы, у якіх мусіць знаходзіцца паказьнікі, што вызначаюць памеры выплатаў па крэдытах (акрамя тых, што даюцца зь дзяржаўнай падтрымкай). Паказьнік пазыковай нагрузкі — суадносіны штомесячнай платы да сярэднямесячнага даходу атрымальніка крэдыту — ня можа быць большым за 40%. Паказьнік забясьпечанасьці крэдыту — суадносіны сумы крэдыту да цаны аб’екта нерухомасьці, які прымаецца ў заклад, — ня большы за 90%.

Пры перавышэньні першага паказьніка і пры другім у межах 90–100% запазычанасьць у такіх крэдытах мае складаць ня больш як 10% ад агульнай сумы па крэдытах на фіксаваньне нерухомасьці і крэдытах на спажывецкія патрэбы.

Мэтодыку разьліку гэтых паказьнікаў вызначаюць самі банкі, якія даюць крэдыты. Інструкцыя набудзе сілу ад 1 траўня.

Рост спажывецкага крэдытаваньня «азадачыў» Нацбанк

У 2017 годзе аб’ём спажывецкага крэдытаваньня ў Беларусі вырас на 75%. Як адзначае БелаПАН, Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця, які крэдытуе Беларусь, рэкамэндаваў беларускім уладам зрабіць захады дзеля абмежаваньня тэмпаў росту спажывецкага крэдытаваньня.

Намесьнік старшыні Нацбанку Дзьмітры Лапко казаў, што рост спажывецкага крэдытаваньня «азадачыў» ягоных супрацоўнікаў — яны «непакояцца, што банкі могуць грэбаваць рызыкамі ў працэсе крэдытаваньня насельніцтва». Менавіта ў сувязі з гэтым, казаў ён, Нацбанк мае карэктаваць правілы з улікам крэдытнай нагрузкі.

Чарговы рэкорд: беларусы набралі ў банках крэдытаў больш чым на 9 мільярдаў рублёў

Раней Нацбанк забараніў рабіць падарункі ўкладчыкам банкаў, забараніў выкарыстоўваць крыптавалюты як грошы, але паабяцаў дазволіць беларусам адкрываць рахункі за мяжой.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG