Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Відавочна, нехта хацеў зьмяніць сыстэму кіраваньня і абслугоўваньня нафтавых плыняў», — экспэрт пра адстаўку гендырэктара «Нафтану»


Яраслаў Раманчук

Камэнтуючы адстаўку гендырэктара «Нафтану» Ўладзімера Трацьцякова ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды, кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук сказаў:

«Гендырэктар — гэта не самастойная асоба, гэта, па сутнасьці, і палітычная асоба. У сувязі з тым, што нафтавы бізнэс у нас пад адмысловым кантролем Аляксандра Лукашэнкі, тут багата можна прыдумляць прычынаў, чаму гэтая асоба адпраўлена ў адстаўку. Калі гэта адстаўка без крымінальных спраў, то гэта адна сытуацыя. Ёсьць яшчэ сытуацыя, зьвязаная з мадэрнізацыяй, разьвіцьцём, дывэрсыфікацыяй паставак. Таму тут шмат чаго, і трэба проста пачакаць, пакуль будзе больш інфармацыі. І ці будуць тут толькі кадравыя зьмены, ці будуць нейкія зьмены ў карпаратыўнай сыстэме кіраваньня».

Яраслаў Раманчук мяркуе, што гэтая адстаўка не зьвязаная зь беларуска-расейскай нафтагазавай спрэчкай.

— Гэта ж не кіраўніцтва «Нафтану» прывяло да таго, што пастаўкі сырой нафты зьнізіліся на 6 мільёнаў тон. Яны проста ахвяры гэтай сыстэмы кіраваньня. А вось што яны рабілі ў самім кіраваньні? Ёсьць такі пункт гледжаньня, што нейкая іншая група ўзялася за пастаўку на нафтаперапрацоўчыя камбінаты нафты зь іншых крыніцаў. Таксама каб гэта неяк кантраляваць. Таксама і гэтага нельга выключаць. То бок тут можа быць многа чаго, і трэба пачакаць, каб рабіць нейкія высновы.

— Кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава казала пра сытуацыю з мадэрнізацыяй прадпрыемства...

— Штогод НПЗ выкарыстоўваюць шмат дзяржаўнай дапамогі для мадэрнізацыі абсталяваньня, каб палепшыць якасьць нафтапрадуктаў. Адбываецца кантроль выкарыстаньня сродкаў. Калі два прадпрыемствы забясьпечваюць амаль 15–20% эканомікі краіны і экспарт, тут, безумоўна, патрэбны вельмі жорсткі кантроль. І, відавочна, нехта хацеў зьмяніць сыстэму кіраваньня і абслугоўваньня гэтых нафтавых плыняў.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG