Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 прафэсіяў, якім навучылі беларускіх беспрацоўных


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі расказала БелТА пра рэйтынг спэцыяльнасьцяў для навучаньня беспрацоўных за 2016 год.

Асноўная арыентацыя перападрыхтоўкі беспрацоўных — на рабочыя прафэсіі; сьпіс спэцыяльнасьцяў складаецца, як заяўляе міністэрства, «з улікам патрэбаў рынку».

Рэйтынг паводле колкасьці чалавек, накіраваных на навучаньне, такі:

1. Апэратар кацельні (1385 чалавек за 2016 год).

2. Індывідуальны прадпрымальнік (1108).

3. Прадавец і прадавец-кансультант (712).

4. Электразваршчык (662).

5. Кухар (577).

Усяго за 2016-ы было накіравана на профільнае перанавучаньне 11 тысяч беспрацоўных — паводле міністэрства, гэта 5,2% ад тых, хто меў патрэбу. Атрымліваецца, што патрэбу мелі 211,5 тысячы чалавек. Але зь іншых зьвестак Міністэрства працы — пра рэалізацыю захадаў палітыкі занятасьці (PDF) — вынікае, што за 2016 год зьвярталіся па працаўладкаваньне ў органы працы, занятасьці і сацыяльнай абароны 239,2 тысячы чалавек, але зь іх зарэгістраваныя беспрацоўнымі былі 167,6 тысячы чалавек.

Пры гэтым афіцыйнае беспрацоўе на парадак меншае. Беспрацоўе ў Беларусі лічыцца па зарэгістраваных беспрацоўных (а не па хатніх гаспадарках, як у астатнім сьвеце), але не сумарна за год, а на канец году альбо на канец месяца. На канец 2016-га беспрацоўных налічылі толькі 35,6 тысячы, а ў самы «беспрацоўны» месяц — красавік 2016 году — 53,7 тысячы. У афіцыйнай статыстыцы ўжо даўно выходзіць, што беспрацоўных у Беларусі каля 1% эканамічна актыўнага насельніцтва.

«Дармаедаў» жа — тых, хто не рэгістраваўся беспрацоўным, але не «фінансаваў дзяржаўных выдаткаў» і мусіць плаціць за гэта адпаведны збор — у Беларусі знайшлі ўжо 470 тысяч.

Колькасьць звольненых з працы перавышала колькасьць прынятых на працу 10 з 12 месяцаў 2016 году. Калі проста скласьці зьвесткі па ўсіх месяцах, атрымаецца, што за 2016 год звольнілі на 108,1 тысячы чалавек больш, чым прынялі на працу.

Скарачаюць работнікаў у тым ліку прамысловыя гіганты: за апошнія 5 гадоў МАЗ страціў 40% супрацоўнікаў, МТЗ — 31%, «Белшына» — 20%, «Нафтан» — 23%, МАПІД — 38%, ММЗ — 33%, а Менскі падшыпнікавы завод — 60%. «Беларуськалій» зьменшыў штат толькі на 10%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG