Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэльгійская малочная карпарацыя купіла 69% акцыяў «Ляхавічка»


Ілюстрацыйнае фота. Скрыншот фрагмэнту тытульнай старонкі сайту Ляхавіцкага малочнага завода

Ляхавіцкі малочны завод прадаў кантрольны пакет акцыяў. Сайт doingbusiness.by піша, што ў канцы студзеня іх набыла бэльгійская малочная карпарацыя B.S.A. International S.A.

Факт продажу 177 551 акцыі (69,3 % статутнага фонду) за 18,2 мільёна рублёў пацьвярджаецца на сайце Беларускай валютна-фондавай біржы. Гэтая зьдзелка адбылася 31 студзеня 2017 году ў далярах. Таксама ў гэты ж дзень іншы пакупнік выкупіў амаль 40 тысяч акцыяў на 4 мільёны рублёў (зьдзелка адбылася ў беларускай валюце).

Паводле правілаў валютна-фондавай біржы, інфармацыя пра асобы пакупнікоў зьяўляецца канфідэнцыйнай.

Дырэктар Ляхавіцкага малочнага заводу Вячаслаў Жукоўскі адмовіўся даць Свабодзе камэнтар, ускосна пацьвердзіўшы факт продажу:

«Вы ведаеце, што ў прэсе і інтэрнэце дастаткова інфармацыі на гэты конт. Вы ўжо нават пытаньне некарэктна задаяце — ніякая не бэльгійская кампанія, спыняйце вы гэты ажыятаж вакол прадпрыемства!», — сказаў Вячаслаў Жукоўскі па тэлефоне.

Кампанія B.S.A. International S.A. разьмяшчаецца ў Бэльгіі, але пазыцыянуецца як міжнародная і супрацоўнічае з вытворцамі малочнай прадукцыі ва ўсім сьвеце.

Эканаміст Яраслаў Раманчук назваў гэты факт прыходу незалежнага капіталу з Эўропы станоўчым, але адзначыў, што продаж кантрольнага пакета акцыяў Ляхавіцкага малочнага заводу яшчэ ня сьведчыць пра тое, што Беларусь пачынае прыватызацыю.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Калі б заходнія інвэстары купілі ў нас 30% сэктару малочнай прамысловасьці і сталі экспартаваць прадукцыю ў Эўропу, тады можна было б казаць, што эканоміка павярнулася ў бок прыватызацыі. А так гэта проста адна са зьдзелак куплі-продажу і ня больш за тое».

Раманчук прыгадаў, што ў Беларусі ўжо быў досьвед замежнага капіталу ў малочнай вытворчасьці — расейская кампанія «Вім-Біль-Дан».

«Справа ў тым, што 69% акцыяў ня могуць гарантаваць бясьпеку інтарэсам гэтага інвэстара. У нас быў выпадак, калі прыходзіў „Вім-Біль-Дан“, пасьля парушыў правілы гульні на рынку і ў выніку быў вымушаны сысьці пад ціскам уладаў. Сэктар малочнай вытворчасьці ў Беларусі вельмі своеасаблівы і пакуль ня можа разьвівацца паводле рынкавых прынцыпаў. Асноўная праблема — гэта доступ да сыравіны. Я маю на ўвазе, што ёсьць вялікая розьніца паміж тым, калі Ляхавіцкаму малочнаму заводу дадуць магчымасьць купляць малако па ўсёй Беларусі, і тым, калі яму загадаюць гадаваць сваіх кароў. У другім выпадку гэта будзе вельмі складана. Я б параіў інвэстару выходзіць на рынак ня толькі праз калідоры Міністэрства сельскай гаспадаркі, але і публічна абвяшчаць пра свае дзеяньні. Я думаю, гэта павялічыць бясьпеку яго інвэстыцыяў, гарантуе, што чыноўнікі ня зробяць з гэтай бэльгійскай карпарацыяй тое, што яны рабілі з папярэднімі інвэстарамі».

Паводле інфармацыі Bloomberg, B.S.A. International S.A. зьяўляецца мацярынскай кампаніяй аднаго з найбуйнейшых вытворцаў малака — французскай Groupe Lactalis S.A., якая, у сваю чаргу, ёсьць трэцім паводле велічыні перапрацоўшчыкам малака ў сьвеце пасьля амерыканскай Dairy Farmers of America і навазэляндскай Fonterra.

Ляхавіцкі малочны завод зьяўляецца невялікім, але прыбытковым перапрацоўчым прадпрыемствам. Кампанія ўваходзіць у дваццатку самых прыбытковых кампаніяў галіны. Прадукцыя кампаніі прадаецца пад брэндам «Ляхавічок».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG