Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Начальства сьпяшаецца напхаць уласныя кішэні, пакуль не адцягнулі ад кармушкі...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

У адным са сваіх сьнежаньскіх выступаў Аляксандр Лукашэнка мімаходзь заўважыў, што 2016 год для беларусаў стане самым складаным за ўсю гісторыю краіны. Мяркуючы на некаторых лістах, многія людзі ў гэтым не сумняваліся і без прэзыдэнцкага прагнозу.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу нашага даўняга слухача і аўтара Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Падсумоўваючы назіраньні за сваёй калгаснай рэчаіснасьцю, спадар Павал піша:

«Па ўсім відаць, калгасы без фінансавага сілкаваньня з боку дзяржавы асуджаны на маруднае выміраньне. Не было ў іх сапраўднага гаспадара — і няма. Бачылі б вы, якія счарнелыя, гнілыя рулоны сена звозілі ў нас з сенажаці. І гэта пры леташнім сухім і цёплым надвор’і. Дажджы ж пачаліся толькі пасьля верасьня.... Дарэчы, сена ў многіх месцах застаецца ў пракосах дагэтуль. Канюшыну таксама скасіць скасілі, а ўбраць рукі не дайшлі: ляжыць на полі. На сяўбу саляркі не было, дык шмат дзе палі нават не ўзаралі.

І так — паўсюль. Работнікам заробкі зьніжаюць, шмат дзе затрымліваюць.

А начальства тым часам невядома куды прадало незаконна 10 тон мяса. Паводле дакумэнтаў, нібыта, расьпісалі ўсё па мясцовых пэнсіянэрах: каму 300, каму нават 500 кіляграмаў. Дык цяпер па сёлах бегаюць міліцыянты, распытваюць, ці сапраўды набываў хто мяса ў такой колькасьці. Суцэльнае махлярства.

Раён такім гаспадараньнем давялі да ручкі. Кажуць, яго ў хуткім часе ўвогуле скасуюць: далучаць ці то да Берасьцейскага, ці да Кобрынскага. Ну, а начальства тым часам сьпяшаецца напхаць як мага болей уласныя кішэні, пакуль не адцягнулі ад кармушкі. А як народ пры гэтым выжывае — каго тое цікавіць...»

Такія вось назіраньні звычайнага жыхара палескай «глыбінкі» — гэта вельмі жорсткі, але справядлівы прысуд усёй мадэлі палітычнага і эканамічнага ўпарадкаваньня краіны, якую на працягу дваццаці двух гадоў выбудоўваў Аляксандар Лукашэнка сваёй цьвёрдай аўтарытарнай рукой. Людзям не далі ні свабоды, ні ўласнасьці, затое мясцовых чыноўнікаў-«вэртыкальшчыкаў» надзялілі мала чым абмежаванымі паўнамоцтвамі. І што ў выніку? Гаспадарка паўсюль у заняпадзе. Прычым размова цяпер ужо ня толькі пра вёску, але і пра большасьць прамысловых гігантаў, якія дзяржава наадрэз адмовілася перадаваць у прыватныя рукі. Затое тысячы чыноўнікаў, якія ўсім гэтым распараджаліся і распараджаюцца, сталі даляравымі мільянэрамі і бессаромна дэманструюць народу-жабраку сваё багацьце ў выглядзе палацаў, што вырасьлі ў Драздах ды іншых падобных мясьцінах вакол усіх абласных ды раённых цэнтраў.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста Вячаслаў Сухарэбскі зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну пільна сочыць за падзеямі ў суседніх Украіне ды Расеі. І вынікі гэтых назіраньняў міжволі супастаўляе зь беларускімі рэаліямі. У лісьце на Свабоду спадар Вячаслаў піша:

«Аніяк ня могуць расейскія імпэрцы зьмірыцца з тым, што Ўкраіна пазбаўляецца ад дыктату Масквы. Вось і Пуцін ганарыста заяўляе, што ня здасьць рускамоўнае насельніцтва Ўкраіны на зьядзеньне ўкраінскім нацыяналістам. А пра тое, колькі ўкраінцаў зьнішчыла расейская (савецкая) імпэрыя ў ГУЛАГу, колькі закатавала падчас галадамору — пра гэта ні слова. Дасьледчыкі кажуць, што лік ідзе на мільёны чалавечых жыцьцяў.

Зразумела, чаго дамагаюцца імпэрцы: пазбавіць украінцаў роднай мовы. Тады лёгка можна будзе ператварыць Украіну ў Маларосію, дзе будуць панаваць крамлёўскія заправілы.

Тое ж самае яны робяць і з беларусамі, пераймаючы практыку царскага рэжыму. У нас у вёсцы Русіны Баранавіцкага раёну сярод навучальнага году ўлады невядома пад чыім ціскам перавялі выкладаньне ў першым клясе на расейскую мову. І ўжо сёньня ўсё ў школе выкладаецца на расейскай. Дзеці ня ўмеюць нават чытаць па-беларуску. Вось да чаго давяла наша беларуская памяркоўнасьць!»

Так, спадар Вячаслаў, усё гэта мае месца: і ціск з боку Крамля, зацікаўленага ў працягу палітыкі русіфікацыі былых імпэрскіх ускраін; і абыякавае (а то і агрэсіўна адмоўнае) стаўленьне да беларускай мовы з боку беларускіх чыноўнікаў. Нельга, аднак, маўчаць і пра яшчэ адзін фактар — магчыма, самы галоўны, вырашальны: пра стаўленьне бальшыні саміх беларусаў да мовы сваіх продкаў. Запратэставалі б жыхары вёскі Русіны супраць русыфікацыі сваёй школы — бясьсільнымі былі б любыя антыбеларускія высілкі чыноўнікаў ад адукацыі. Ды толькі не чуваць пра такія пратэсты....

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG