Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працэс беларушчыны цяжка спыніць, бо ён ідзе зьнізу»


Якія падзеі і тэндэнцыі адбываліся ў сфэры беларускай мовы і сымбаляў у 2015 годзе? Ці стала ў грамадзтве больш беларушчыны? Як улады ставіліся да мовы, ці працягвалі яны мяккую беларусізацыю?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды. Вынікі году» адказваюць арганізатар курсаў «Мовы нанова» Глеб Лабадзенка і намесьнік рэдактара газэты «Наша Ніва» Зьміцер Панкавец. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:59 0:00

Цыганкоў: Ці стала ў 2015 годзе больш беларушчыны, беларускіх праяваў і традыцыяў? Якія грамадзкія кампаніі і тэндэнцыі варта адзначыць?

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

Лабадзенка: Паколькі я варуся ў курсах «Мова нанова», то першым пунктам я б назваў менавіта гэтыя курсы, якія ў 2015 дасягнулі 10 гарадоў Беларусі, ад 500 да 700 чалавек кожны тыдзень прыходзіць на курсы. Таксама «Дні вышыванкі», беларусізацыя кампаніі «А-100».

Зь іншага боку, я разумею, што магу быць неаб’ектыўным. Хтосьці скажа, што гэта незаўважна, кропля ў моры, і большасьць людзей ня ведае пра гэтыя рэчы. Але я гляджу на гэта з аптымізмам — учора не было, а цяпер ёсьць, таму гэта станоўчыя зьявы.

Панкавец: Я б сказаў, што 2015 год нейкіх прынцыпова новых кампаніяў не нарадзіў — паляпшаліся і разьвіваліся тыя, якія ўжо былі. Дарэчы, сёлета, калі не памыляюся, не было Дня вышыванкі. У 2014-ым зьявілася столькі шмат новых праяваў і кампаніяў, — і можна канстатаваць, што ў 2015-ым назіраўся нейкі застой, у пляне стварэньня чагосьці новага.

Цыганкоў: Хіба не было прарыву ў спорце — клюбы і спартоўцы сталі часьцей ужываць беларускую мову?

Зьміцер Панкавец
Зьміцер Панкавец

Панкавец: Найперш можна адзначыць, што сайт найлепшага баскетбольнага клюбу Беларусі «Цмокі» — перайшоў цалкам на беларускую і англійскую мову. І гэта было ўспрынятае вельмі пазытыўна — я не сустракаў нэгатыўных водгукаў на спартовых сайтаў на гэта. Другая падзея — нарэшце беларускі футбаліст зрабіў публічную прамову на беларускай мове. Гэта Мікалай Януш з Салігорскага «Шахцёру», найлепшы бамбардыр чэмпіянату Беларусі па футболе. Фанаты працягвалі актыўна выкарыстоўваць беларускую мову — але гэта зьявы мінулых гадоў, якія працягваліся і ў 2015-ым.

Цыганкоў: Глеб, вы актыўна адстойваеце правы беларускай мовы на поўную дзяржаўнасьць, і часам вам даводзіцца ўступаць у ліставаньне з дзяржаўнымі чыноўнікамі ці прадстаўнікамі прыватных прадпрыемстваў. Ёсьць нейкія зрухі тут?

Лабадзенка: У межах нашага сайту «Мова нанова» працуе рубрыка "Хуткая моўная дапамога", бясплатныя публічныя пераклады на беларускую мову. За гэты год каля 40 фірмаў, кампаніяў, прыватных прадпрымальнікаў зьвярнуліся да нас па пераклад. Былі выпадкі, калі мы дапамаглі людзям перакласьці сайты, якія яшчэ не запушчаныя. І ў выніку запускалася толькі беларуская вэрсія сайту.

Канешне, гэта ня меншы плён, чым пісаць «кляўзы» у розныя ўстановы. Мы стараемся пісаць гісторыі посьпеху, каб яны сталі прыкладам і натхненьнем для іншых людзей. Гэта канкрэтныя вынікі, нават большыя, чым адпіскі ад розных органаў.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Пасьля крымскіх падзеяў зьявіліся меркаваньні, што беларуская ўлада вымушаная будзе пайсьці на мяккую беларусізацыю. І нейкія крокі, хутчэй нейкія заявы чыноўнікаў, сапраўды былі зробленыя. Ці працягнуўся гэты трэнд у 2015 годзе ці ён прытармазіў?

Панкавец: Я б не сказаў, што ён цалкам заглух, але ён працягваецца ў такім сонным стане. Лукашэнка ў 2015-ым афіцыйна не выказваўся ў падтрымку беларускай мовы, як у 2014-ым. Памятаеце, тады нават была ініцыятыва павялічыць колькасьць урокаў беларускай мовы ў школах, але ўсё неяк заглухла.

Я сказаў бы, што дзяржава ў пытаньнях беларушчыны прынамсі не замінала ніякім працэсам — не чыніла перашкодаў, але і не дапамагала. У любой дзяржаўнай кнігарні можна пабачыць шмат календараў на беларускай мове. Даюць памяшканьні для правядзеньня мерапрыемстваў, татальных забаронаў тут няма. Я спадзяюся, што сонны стан зьменіцца на больш лагодны.

Цыганкоў: Глеб, ці сталі дзяржаўныя чыноўнікі ў сваіх адказах на вашы звароты больш абачлівымі?

Лабадзенка: Ведаеце, яны якраз навучыліся пісаць прыгожыя адпіскі, яны навучыліся не казаць «не». Раней яны адказвалі — «у нас 2 дзяржаўныя мовы, і мы будзем самі выбіраць, што рабіць». А зараз пішуць такія фармулёўкі кшталту — «мы разглядаем вашы прапановы», абнадзейваюць. Тое, пра што казаў Зьміцер, што менш душаць, менш забараняюць — гэта ўжо нямала, і гэта важна.

Сытуацыя, у якой мы зараз знаходзімся, калі адбываюцца нейкія імпрэзы, мерапрыемствы — яна набліжаецца трошачку да нармальнай. Застаецца яшчэ канцэрт Лявона Вольскага альбо Вайцюшкевіча правесьці ў «Менск-арэне». Мы па-ранейшаму ўспрымаем гэта як нейкую ласку з нябёсаў — але ж гэта нармальна, калі нейкія імпрэзы адбываюцца без перашкодаў ці нават пры спрыяньні ўладаў.

Цыганкоў: Давайце паспрабуем даць прагноз на наступны год, у сэнсе ацаніць тыя тэндэнцыі, якія панавалі ў 2015-ым годзе, і спраецыраваць іх на наступны год.

Панкавец: Беларушчыны і беларускай мовы будзе станавіцца болей з кожным годам. Я тут аптыміст, я ня думаю, што мова гіне, людзі перастануць яе разумець і гэтак далей. З кожным годам прастора беларускай мовы будзе павялічвацца, і наступны год ня стане выключэньнем з гэтай сэрыі. Лабадзенка: Я вельмі рады, што пайшоў працэс, якія ўжо цяжка спыніць. Працэс зьнізу. Калі я сустракаю ўсё больш «звычайных» людзей, якіх я раней ня ведаў — якія гавораць па-беларуску, ходзяць на імпрэзы, курсы. Гэта адбываецца часткова дзякуючы разбурэньню стэрэатыпаў — мову больш ня лічаць калгаснай, ці апазыцыйнай.

Мне здаецца, што ў будучыні гэта будзе толькі павялічыцца. Падрасло пакаленьне моладзі, дастаткова апалітычнае, вельмі прасунутае, езьдзіць «па Эўропах», ва ўсім добра зьбіраецца. Сярод гэтых людзей я бачу шмат прыхільнікаў беларушчыны, і гэта ня можа не радаваць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG