Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаданьне, памножанае на грошы эўрапейскіх падаткаплатнікаў: як перакінуць пэрсанальны MOST у Эўропу


Падведзеныя прамежкавыя вынікі праграмы MOST (Mobility Scheme for Targeted People-to-People-Contacts) — глябальнага эўрапейскага праекту, накіраванага на пашырэньне стасункаў паміж грамадзянамі і арганізацыямі Эўразьвязу і Беларусі.

Дзякуючы Праграме мабільнасьці для мэтанакіраваных міжасабовых кантактаў (прыблізна так расшыфроўваецца абрэвіятура MOST), усе, хто зацікаўлены ў пашырэньні прафэсійных рамак, маюць магчымасьць апынуцца ў любой з 28 краін аб’яднанай Эўропы. За першы год удзельнікамі праграмы ўжо сталі больш за 600 адмыслоўцаў у розных сфэрах, а да канца 2017 году скарыстацца фінансавай і арганізацыйнай дапамогай заходніх партнэраў змогуць 1500 адабраных кандыдатаў. Самых лепшых і крэатыўных вызначаюць экспэрты, чый аўтарытэт у сваіх галінах агульнапрызнаны.

Пра стажыроўку ў Грацы расказвае прафэсар мэдыцыны Алена Мяркулава
Пра стажыроўку ў Грацы расказвае прафэсар мэдыцыны Алена Мяркулава

Галоўнае — разумець, чаго хочаш сам. Экспэрты «дагоняць»

Куратары праекту, беспрэцэдэнтнага паводле ахопу аўдыторыі, — Інстытут імя Гётэ і Брытанская рада ў Польшчы. Найвышэйшы орган — Кіраўнічы камітэт у складзе Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску і Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Ключавымі сфэрамі для прэтэндэнтаў акрэсьленыя культура і адукацыя, моладзь і ахова здароўя, навука і тэхналёгіі, эканоміка і энэргетыка, дзяржкіраваньне і СМІ. Але кожны мае права распрацаваць і падаць на разгляд уласны бізнэс-плян. Пра тое, на якой падставе вызначаюць фіналістаў, расказаў кіраўнік працоўнай групы, даўні супрацоўнік Інстытуту імя Гётэ ў Менску Клаўс Баер:

Клаўс Баер
Клаўс Баер

«Крытэры адбору адносна простыя і дазваляюць шырокую інтэрпрэтацыю. Перш за ўсё трэба быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і мець поўных 18 гадоў — дзеля таго каб падарожнічаць без суправаджэньня. Гэта перадумовы. Ну, а далей досыць дакладна сфармуляваць сваю задуму, свае мэты, каб потым нашы экспэрты былі ў стане ацаніць, наколькі мэтазгодна падтрымаць такі праект. Бо менавіта меркаваньне экспэртаў ёсьць падставай для Кіраўнічага камітэту, каб прыняць рашэньне па канкрэтнай заяўцы. Такім чынам, той, хто здольны сфармуляваць мэты, задачы і вынікі, якіх ён хоча дасягнуць, мае вельмі нядрэнныя шанцы, каб яго заяўку ўхвалілі.

Дадатковы станоўчы аспэкт — наяўнасьць партнэрства, якое ўжо існуе. Тады мы можам гаварыць пра тое, што будзе ісьці праца на яго паглыбленьне. Гэта плюс, але не вызначальная ўмова. Калі партнэрства няма, гэта не перашкаджае падтрымаць такую заяўку. А ў шэрагу выпадкаў мы самі дапамагаем шукаць партнэраў у Эўразьвязе. Менавіта таму так важна, што мы можам абаперціся на існуючыя партнэрскія сеткі Інстытуту імя Гётэ і Брытанскай рады».

Удзельнік сустрэчы, амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар
Удзельнік сустрэчы, амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар

Паводле статыстычных дадзеных працоўнай групы, у чатырох асноўных галінах — культуры, адукацыі, навуцы, ахове здароўя, а таксама некаторых іншых сфэрах — за год агулам прынята 4666 заявак. Найбольш актыўныя — жыхары Менску і сталічнага рэгіёну, тут 2617 ахвотных паспытаць шчасьця. Найменшая цікавасьць да эўраінтэграцыі ў жыхароў Магілёўшчыны — 305 прэтэндэнтаў. Суседзі-гамельчукі выявілі інтарэс удвая большы.

За прамінулы час было адабрана 611 фіналістаў, найбольш у сфэры навукі — 238 чалавек. На наступных пазыцыях — адукацыя і культура (121 і 101 удзельнік адпаведна). Астатнія рэалізоўвалі ўласныя праекты.

Не разгубіцца ў багацьці выбару. Але — не апускаць рукі

Тым ня меней, як лічыць сябра экспэртнай групы, мастацтвазнаўца Тацяна Бембель, шанцам заявіць пра сябе, які дае праграма, варта карыстацца нашмат шырэй. Пакуль перашкаджае адсутнасьць элемэнтарных ведаў і практыкі — напрыклад, як загарнуць свае жаданьні ў прывабную абгортку, зразумелую іншым:

Тацяна Бембель
Тацяна Бембель

«Гэты праект — ня толькі ўнікальны шанец для дзеячаў культуры (таго сэгмэнту заяўнікаў, якіх я ў пэўным сэнсе курырую), але і пэўны выклік, выпрабаваньне. Зьвяртаючыся да гастранамічных асацыяцыяў, калі вельмі шмат смачных страў, а магчымасьць выбару — толькі адна, можна лёгка разгубіцца.

Па-другое, даць зьмястоўную праектную прапанову — а гэта фактычна праект, бо ты мусіш прыдумаць сабе і мэту, і партнэраў, і маршрут — для, скажам так, сярэдняга дзеяча культуры аказалася ня так проста. Найперш у сілу адсутнасьці навыкаў, звычкі гэта рабіць, бо раней такой магчымасьці проста не было. Мне, напрыклад, даводзіцца дадаткова тлумачыць, як лепей скарыстаць гэты шанец, думаць разам зь людзьмі, як сплянаваць ажыцьцяўленьне іхнай мары. Здаецца, да мэдыюму, да сярэдзіны праекту MOST гэты навык стаў паступова напрацоўвацца. Таму спадзяюся, што дзякуючы такім сустрэчам праблема будзе ўрэшце пасьпяхова пераадоленая».

Безумоўны лідэр у попыце на прафэсійныя абмены і стажыроўкі — Нямеччына: з 1366 атрыманых заявак на паездкі туды задаволеныя 163. У тройцы лідэраў таксама Вялікая Брытанія (861 прэтэндаваў, 26 ухваленыя) і Польшча (394 на старце і 48 на фінішы). Што адметна, прафэсійную цікавасьць з боку прэтэндэнтаў выклікалі абсалютна ўсе 28 краін Эўразьвязу, уключна з тымі, дзе беларускі сьлед выглядае нязвыкла — напрыклад, Люксэмбург, Мальта ці Румынія.

Як удакладняе кіраўнік праекту, дырэктар Інстытуту імя Гётэ Франк Баўман, у гэтым і палягае прывабнасьць праграмы — поўная адсутнасьць межаў як у геаграфічным, так і ў прафэсійным вымярэньні:

Франк Баўман
Франк Баўман

«Інстытут імя Гётэ працуе ў Беларусі 23 гады, я ім кірую 6 гадоў, але мушу адразу сказаць: за ўсю гісторыю нашай арганізацыі ў Беларусі такога маштабнага праекту яшчэ не было. Калі я кажу пра маштабнасьць, то маю на ўвазе наступныя аспэкты. Найперш — працягласьць, бо не было яшчэ такіх праектаў у сфэры культуры, якія б цягнуліся тры гады. Па-другое, памер бюджэту, які значна адрозьніваецца ад таго, што прадугледжваюць агульнапрынятыя стандарты — бюджэт праграмы MOST набліжаецца да 5 мільёнаў эўра. Нарэшце, я кажу пра ўзьдзеяньне праграмы, бо канчатковы эфэкт непараўнальны з тым, якога мы звычайна чакаем ад стандартнага праекту ў галіне культуры.

Час ад часу ўзьнікае пытаньне: чаму менавіта мы займаемся рэалізацыяй такога праекту? Адказ досыць просты. Перш за ўсё, лічым сябе здольнымі ўправіцца з такой задачай. Зь іншага боку, многія з тых, хто становіцца ўдзельнікамі праграмы, і без таго нашы партнэры — прадстаўнікі сфэры культуры, адукацыі, дзяржкіраваньня. Усе тыя, з кім мы ўзаемадзейнічаем у нашай штодзённай дзейнасьці».

Будавалі сьцены, цяпер — масты

Праграма MOST фінансуецца са сродкаў эўрапейскіх падаткаплатнікаў. Задача пераарыентаваць грошы пад адукацыйныя, культурніцкія ці навуковыя паездкі ўскладаецца на Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі. Нацыянальны каардынатар у гэтым працэсе — МЗС Беларусі. Інстытут імя Гётэ і Брытанская рада, якая ў свой час спыніла працу ў Беларусі, а цяпер каардынуецца з Польшчы, займаюцца адраснай дапамогай.

Танцор Аляксандар Куркуль згадвае пра паездку ў Славаччыну
Танцор Аляксандар Куркуль згадвае пра паездку ў Славаччыну

Фармат фінансаваньня прадугледжвае кароткатэрміновы выезд у групе да 5 чалавек ці індывідуальна, на тыдзень ці на месяц, з элемэнтамі практыкі і стажыроўкі. Гэта могуць быць адукацыйныя імпрэзы, прафэсійныя канфэрэнцыі, візыты ў адказ, мерапрыемствы дзеля нэтўоркінгу, сумесная праца над праектам, майстар-клясы, сэмінары і г.д.

MOST аплочвае ўсе выдаткі, зьвязаныя з транспартам, пражываньнем, харчаваньнем, візай, страхоўкай, складкамі за ўдзел у мерапрыемстве.

Амбасадарка Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын кажа, што ганарыцца праектам міжасабовых кантактаў, які ня мае аналягаў ва ўсёй ранейшай гісторыі адносін Беларусі з аб’яднанай Эўропай:

Андрэа Віктарын
Андрэа Віктарын

«Гэта самы буйны праект Эўразьвязу ў Беларусі ў акрэсьленай галіне. І для мяне ён мае асаблівае значэньне. Справа ў тым, што калі мы яго пачыналі, я толькі першы тыдзень была ў Менску. Але калегі казалі, што гэта цікавая і незвычайная справа, што яна ўпершыню рэалізуецца ня толькі ў Беларусі, а ўвогуле. Шчыра кажучы, мы нават ня ведалі, як праект будзе працаваць. Таму для Беларусі гэта быў ня толькі ўнікальны досьвед, а ў пэўным сэнсе прыгода. Запатрабаваўся пэўны час, каб распрацаваць цэлы комплекс мерапрыемстваў.

Магу сказаць, што плённым атрымалася супрацоўніцтва з МЗС Беларусі, а як грамадзянка Нямеччыны я ўсьцешаная, што праект рэалізуецца намаганьнямі Інстытуту імя Гётэ, лепшую кандыдатуру знайсьці проста цяжка... Мінуў год, і мы можам сказаць, што праект ужо пасьпяховы. Гэта сапраўды мост, які ўзводзіцца. Як часта здараецца, спачатку ніхто асабліва ня хоча, каб пачыналася будоўля, якая спараджае нямала праблем і невыгодаў. Але калі мост збудаваны, усе хочуць ім карыстацца».

Андрэа Віктарын выказала ўдзячнасьць калегам, дзякуючы якім праект рэалізуецца з тэхнічнага гледзішча — дзякуючы разуменьню з боку супрацоўнікаў кансулятаў краін Эўразьвязу візы ўдзельнікам праграмы MOST выдаюцца ў прыярытэтным парадку і ў максымальна кароткія тэрміны. Па яе словах, у гісторыі нямала прыкладаў узьвядзеньня «жалезных заслонаў», але ў ХХІ стагодзьдзі калі што і будаваць, дык гэта масты.

Амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб у праекце MOST прадстаўляе таксама інтарэсы Брытанскай рады, якая ў апошнія гады беларускімі справамі займаецца дыстанцыйна, з Варшавы. Але кажа, што геаграфічная аддаленасьць не перашкаджае ўдзельнічаць у годнай і патрэбнай ініцыятыве:

Фіёна Гіб
Фіёна Гіб

«Так сталася, што ў Менску няма прадстаўніцтва Брытанскай рады. Але магу сказаць, што сярод маіх плянаў — зноў вярнуць усё на сваё месца. Спадзяюся, гэта атрымаецца. Непасрэдна дзеля рэалізацыі задумы цяпер працуе Інстытут імя Гётэ, і мы таксама хацелі б далучыцца да яго на месцы. MOST патрэбны для ўсіх нас, бо забясьпечвае выдатную магчымасьць збліжэньня людзям, якія жывуць і ў Беларусі, і ў краінах Эўразьвязу.

Мяне цешыць, што Вялікая Брытанія — краіна, якая атрымлівае шмат заявак ад ахвотных наведаць яе ў рамках праекту. Наколькі ведаю, Брытанія ідзе другой пасьля Нямеччыны, і я вельмі задаволеная, што некаторыя ўжо атрымалі магчымасьць пераняць досьвед у самых розных галінах. У ангельскай мове ёсьць канструкцыя, якая азначае „скарыстацца нечым на сто працэнтаў“. Гэта якраз слова most. Таму я спадзяюся, што і Беларусь, і краіны Эўразьвязу будуць супрацоўнічаць у рамках гэтага праекту і сапраўды на 100% скарыстаюць яго патэнцыял. Відаць, літаральна перакласьці гульню слоў з ангельскай мовы досыць складана» (сьмяецца).

Прадстаўнік Мінэканомікі Пётар Арушаньянц
Прадстаўнік Мінэканомікі Пётар Арушаньянц

Больш за шэсьць сотняў беларусаў ужо скарысталі магчымасьць пераняць досьвед заходніх калегаў, крыху меней за 900 выправяцца ў краіны Эўразьвязу ў агляднай будучыні. Гэта дзяржаўныя служачыя, навукоўцы, прадстаўнікі моладзевай культуры.

Некаторыя падзяліліся сваім практычным досьведам. Так, кіраўнік дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Пётар Арушаньянц расказаў пра плённыя візыты да нямецкіх калегаў, прафэсар мэдыцыны Алена Мяркулава падзялілася досьведам кантактаў з удзельнікамі прафэсійнага кангрэсу ў аўстрыйскімі Грацы, а адзін з найкруцейшых прадстаўнікоў школы брэйк-дансу ў Беларусі Аляксандар Куркуль расказаў пра майстар-клясы ў Славаччыне, дзе сёлета сабраліся найлепшыя танцоры сьвету гэтага стылю.

Заяўкі на ўдзел у праграме MOST прымаюцца да канца 2017 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG