Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наш міністар адукацыі фанацее ад фінскага досьведу». 10 цытат дэпутата Марзалюка з Кастрычніцкага форуму


Ігар Марзалюк, архіўнае фота
Ігар Марзалюк, архіўнае фота

10 цытат дэпутата Ігара Марзалюка з выступу на Кастрычніцкім эканамічным форуме падчас дыскусіі «Вучэньне — сьвятло? Сярэдняя адукацыя для грамадзтва, заснаванага на ведах»

1. Наша краіна, пачынаючы з 1990-х гадоў, разьвівалася пад уплывам нямецкай адукацыйнай мадэлі. У тым ліку і ў раньняй спэцыялізацыі гімназій, пачынаючы зь пятай клясы. Мая другая мова — нямецкая, таму мне яна заўсёды падабалася. У тым ліку і раньняя спэцыялізацыя гімназій.

2. Наш цяперашні міністар адукацыі, якога асобныя спадары называюць «чырвоным міністрам», фанацее ад эстонскага і фінскага досьведу. І менавіта таму Міністэрства адукацыі нашай краіны бачыць ідэальную мадэль базава-сярэдняй адукацыі ў гэтых краінах.

Міністар адукацыі Ігар Карпенка
Міністар адукацыі Ігар Карпенка

3. Я толькі што вярнуўся з пашыранай нарады зь міністрам адукацыі. Пра ўсё не распавяду, скажу толькі, што Міністэрства адукацыі падрыхтавала нарматыўна-прававы акт па гімназіях. А 29 лістапада будуць парлямэнцкія слуханьні па праблемах адукацыі ў Палаце прадстаўнікоў.

4. Гімназіі будуць, не перажывайце. Яны ня будуць такімі ж самымі, чым зьяўляюцца звычайныя школы. Але яны застануцца. Экзамэнаў пасьля 4 клясы — такіх, якімі яны былі, — ня будзе.

5. Мы прадумаем мэханізмы адбору, каб ня страціць якасьці адукацыі. Але пакуль пра гэта казаць заўчасна.

6. Не ўва ўсіх школах будуць гімназічныя клясы. Мы аддамо гэта на водкуп мясцовым адміністрацыям, упраўленьням адукацыі. Але там, дзе ёсьць адпаведная кваліфікацыя, яны будуць. Галоўнае, пра што казаў міністар сёньня — гэта даступнасьць адукацыі, крокавая даступнасьць.

4-я гімназія Менску
4-я гімназія Менску

7. Я гарачы прыхільнік гімназій. У мяне сын — гімназіст, вучыцца ў 9 клясе, здаў некалі іспыты па 9, 10, 9. Ён таксама прыхільнік гімназій. Тое, што працуе добра, мы зьнішчаць ня будзем. Гэта такі стрыманы аптымізм.

8. Для таго каб была якасьць адукацыі, патрэбны якасны настаўнік, якасны выкладчык. Якаснага настаўніка, якаснага выкладчыка ня можа быць, пакуль у яго малая зарплата. Фіны пачыналі з таго, што зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб пачатковая заработная плата настаўніка на пачатку карʼеры была супастаўляльная з заробкам тых, хто пачынае карʼеру ў найбольш прэстыжных, пэрспэктыўных галінах эканомікі.

9. Гэта не адбудзецца імгненна — але мы разумеем, што без нармальнай якаснай школы мы ніколі не пабудуем ІТ-дзяржаву, а мы вельмі гэтага хочам. Каб у нас адбыўся сынгапурскі цуд, неабходна, каб цуд адбыўся ў сыстэме адукацыі.

10. Мая пазыцыя такая: усе рэчы, якія працуюць якасна, павінны быць захаваныя. Але мы павінны пазбавіць дзіця ад стрэсу, хоць усё наша жыцьцё — стрэс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG