Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей дыпляматам: «Так, у нас фінансава-эканамічны крызіс»


Уладзімер Макей, архіўнае фота
Уладзімер Макей, архіўнае фота

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сустрэўся 16 сьнежня з акрэдытаванымі ў Беларусі кіраўнікамі дыппрадстаўніцтваў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацыяў.

Ён заклікаў дыпляматаў аднавіць і ўмацаваць узровень даверу паміж краінамі.

«Я б хацеў, каб мы аднавілі той узровень даверу, які быў хаця б некаторы час таму, і ўмацавалі гэты давер — давер у сьвеце, давер паміж нашымі краінамі, давер паміж нашымі народамі. Мы ў Беларусі будзем працаваць толькі ў гэтым кірунку. Мы заўсёды гатовыя не ствараць праблемы, а ўносіць свой уклад у стваральны працэс, — цытуе БелТА Макея. — Год быў вельмі цяжкі і неадназначны. Так, у нас фінансава-эканамічны крызіс. Ёсьць праблемы, але я думаю, што мы іх пасьпяхова пераадолеем».

Сярод пазытыўных падзеяў гэтага году міністар назваў зьняцьце зь Беларусі большасьці санкцыяў, а таксама пасьпяховае правядзеньне парлямэнцкіх выбараў.

«Але нам ня трэба супакойвацца, таму што апошняя сустрэча міністраў замежных спраў у Гамбургу паказала, што прорва недаверу паміж краінамі на сёньняшні дзень вялікая. На мой погляд, самая вялікая праблема — адсутнасьць даверу», — сказаў Уладзімер Макей.

Сустрэча ў сувязі з навагоднімі і каляднымі сьвятамі прайшла на ювэлірным заводзе «Зорка».

Макей не выключае, што ў наступным годзе такая сустрэча можа адбыцца ў вайсковай частцы, каб дыпляматы ўбачылі, што «Беларусь не ўяўляе ніякай пагрозы для сьвету».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG