Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ціск на прарасейскія структуры ў Беларусі існуе ўжо як мінімум 5 гадоў»


Каму і што хацела даказаць беларуская ўлада, арыштоўваючы трох антыбеларускіх аўтараў, якіх абвінавачваюць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці? Як на гэта можа адрэагаваць Масква? Чаму некаторыя беларускія палітыкі выступілі ў абарону арыштаваных, заяўляючы, што ўлада арыштоўвае людзей за выказваньне сваёй пазыцыі?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў і намесьнік рэдактара газэты «Наша Ніва» Зьміцер Панкавец. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Беларускія ўлады затрымалі двух беларускіх аўтараў парталу «Регнум» — Дзьмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца. Супраць іх заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці).

Натуральна, што гэтая падзея разгарнула вялікія дыскусіі ў незалежнай прэсе і грамадзянскай супольнасьці. Пра што сьведчыць гэтае затрыманьне? Ці беларускія ўлады гэта зрабілі, проста каб весьці нейкую гульню з Масквой, ці можна казаць пра больш глыбокі паварот Менску да тэматыкі нацыянальнай бясьпекі?

Зьміцер Панкавец, архіўнае фота
Зьміцер Панкавец, архіўнае фота

Панкавец: Я б не стаў казаць, што гэта нейкі глыбокі паварот беларускай улады, што яна тут ідзе на нейкі адкрыты канфлікт з Расеяй. І Паўлавец, і Алімкін пісала надта адыёзныя рэчы, на іхнія тэксты шмат паступала скаргаў у пракуратуру, і ўлады вырашылі адрэагаваць, найперш у тым пляне, каб іншым было не панадна.

Сілавікі, ці нават сам Лукашэнка, бачаць, што ў Казахстане ў гэтыя дні адбываюцца падобныя працэсы з прарасейскімі актывістамі — і Масква фактычна не рэагуе. А тут грамадзяне Беларусі, этнічныя беларусы. Якая тут справа Расеі можа быць да гэтых аўтараў?

Паротнікаў: Я думаю, Масква паспрабуе скарыстаць гэты факт для ўнутрырасейскай агітацыі і прапаганды, каб разбурыць тую сымпатыю, якая яшчэ існуе ў Расеі да беларусаў і Аляксандра Лукашэнкі. Пасыл будзе такі: фашыстоўскі русафобскі рэжым, здрада, «нашых б’юць», а мы іх кормім. Ну і выснова — «карміць іх ня трэба». Тым болей у наступныя гады выдаткі расейскага бюджэту будуць скарочаныя на 20 працэнтаў, і магчымасьць фінансаваньня Беларусі таксама зьменшыцца.

Цыганкоў: Масква можа мець нейкія нэгатыўныя рэакцыі на гэты арышт, але не выказваць іх? Ці сапраўды ў Крамлі запануе стаўленьне, што гэта «ня наша справа і мы туды ня ўмешваемся»?

Панкавец: Разумееце, дастаткова цяжка будзе абгрунтаваць, чаму за гэтых людзей трэба заступацца. Яны крытыкавалі фактычна ўсё, што існуе ў Беларусі — ад кіраўніка дзяржавы да Дзён беларускай мовы. І растлумачыць расейскаму спажыўцу будзе цяжкавата, што гэта «нашы людзі». Яны не былі актывістамі нейкай рускай дыяспары ў Беларусі — гэта былі дастаткова шараговыя публіцысты-фрыкі. Я ня бачу, як Расея можа за іх «упрагацца».

Цыганкоў: Але чаму існуе такая публіцыстыка, калі яна нават Маскве нібыта не патрэбна? Няўжо гэта проста спосаб самавыявіцца для некалькіх чалавек?

Панкавец: Ёсьць такія людзі, як шэф-рэдактар «Регнума» Юры Баранчык, які перакананы, што беларускі рэжым — гэта злосныя літвіны, якія вядуць Беларусь у Эўразьвяз. Увогуле, многія публікацыі Баранчыка проста на мяжы шызафрэніі, пра тое, напрыклад, што Макей рыхтуе Майдан на Зыбіцкай вуліцы, дзе тусуюцца хіпстэры. І гэта сьведчыць пра ўзровень «аналітыкі» на такіх сайтах. Скажам, калі б арыштавалі журналіста газэты «Коммерсантъ», гэта быў бы скандал. А «Регнум» — гэта па-за межамі здаровага сэнсу.

Цыганкоў: Гучаць камэнтары, што беларуская ўлада нарэшце ў нейкай форме паказала зубы Маскве. І калі гэта так, што ў адказ пакажа Масква?

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

Паротнікаў: Ціск на прарасейскія структуры ў Беларусі існуе ўжо як мінімум 5 гадоў. Гэты арышт — сьведчаньне таго, што палітычныя стасункі паміж Беларусьсю і Расеяй настолькі кепскія і імавернасьць іхняга паляпшэньня настолькі малая, што хвалявацца наконт ціску ў сувязі з арыштам беларусафобскіх дзеячоў асабліва не выпадае. То бок можна рабіць як прасьцей і як эфэктыўней.

Іхні арышт — гэта дастаткова зразумелы знак для астатніх, што ёсьць чырвоныя лініі, якія ня варта пераходзіць.

Як адрэагуе Масква? Яна можа адрэагаваць, як пажадае. Яны вельмі лёгка могуць раскруціць гэтую сытуацыю ў мэдыясфэры паводле наступнай схемы: «рускія людзі, людзі рускай культуры, якія адстойвалі рускую мову і прарасейскую арыентацыю, пацярпелі за свае перакананьні. Гэта вельмі лёгка зрабіць, бо ў Расеі існуе попыт на «зьнешняга ворага», змовы, здрады і гэтак далей. Будзе ўдзячная аўдыторыя. Трэба назіраць за сытуацыяй, празь некалькі дзён будзе відаць, як адрэагуе Масква.

Панкавец: Нагадаю, што ў Віцебску 12 сьнежня пачынаецца суд над байцом украінскага батальёну «Азоў». Фактычна гэты суд і затрыманьне беларусафобскіх публіцыстаў мае на мэце трымаць такі балянс — маўляў, радыкалізм ні з аднаго боку ня пройдзе.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Давайце пагаворым пра рэакцыю беларускага незалежнага грамадзтва. Некаторыя палітыкі, такія як Тацяна Караткевіч ці Вольга Карач, заявілі, што ўлада арыштоўвае людзей за выказваньне сваёй пазыцыі. «Я лічу, што вельмі няправільна, калі ўлада арыштоўвае людзей за тое, што яны думаюць уголас, выказваюць сваю пазыцыю. Лічу гэта, вядома, некарэктным», — сказала Караткевіч.

Натуральна, адразу шмат хто пачаў абвінавачваць Караткевіч і Карач у «здрадзе», у тым, што «праявілі сабе». Таксама часам прыводзяць для параўнаньня нядаўнюю справу Эдуарда Пальчыса. Ці бачыце вы тут розьніцу?

Панкавец: Натуральна, розьніца ёсьць. Справа Паўлаўца і Анікіна — гэта не пытаньне абмеркаваньня і ўнутранай дыскусіі. Ёсьць такая базавая каштоўнасьць, як незалежнасьць, якая не павінна абмяркоўвацца. Яна існуе, і ўсё астатняе павінна адбывацца пад маркай незалежнасьці.

Калі гэтыя людзі кажуць, што Беларусь — недадзяржава, лімітроф, то гэта ўжо ня тычыцца свабоды слова, а тычыцца мовы варожасьці.

Цыганкоў: Нельга абмяркоўваць пытаньне незалежнасьці? Людзі могуць абмяркоўваць усё: ці можа існаваць Беларусь, Расея, ЗША. Гэта называецца свабода слова. Каб іх затрымалі паводле артыкулу 361, дзе ёсьць адказнасьць за «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду бясьпекі Рэспублікі Беларусь, яе сувэрэнітэту, нацыянальнай бясьпекі і абароназдольнасьці», гэта было б іншае. Але іх затрымалі менавіта паводле артыкулу за «распальваньне варожасьці», то бок за выказваньні.

Паротнікаў: Фактычна сваімі заявамі Вольга Карач і Тацяна Караткевіч зьнішчылі сябе як палітыкаў. Больш такіх палітыкаў у Беларусі няма.

Па-другое. «Затрымалі за выказваньне». Гэта падман. Іх затрымалі за прыніжэньне нацыянальнай і культурнай годнасьці людзей. Іх затрымалі за заклікі да зьнішчэньня беларускай дзяржаўнасьці, за адмаўленьне публічна ў абразьлівай форме палітычнай і культурнай суб’ектнасьці беларускай нацыі. Гэта ўсё — распальваньне міжнацыянальнай варожасьці. Гэта тое, што ў Эўразьвязе і ЗША называецца злачынствам на глебе нянавісьці. Прававая пазыцыя беларускіх уладаў у гэтым выпадку абсалютна бездакорная. Тут няма чаго абмяркоўваць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Глядзець камэнтары (5)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG