Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Юлі Саламацінай: Выходзіць, за зьнішчэньне цела маёй дачкі пакараньне не прадугледжанае


Маці забітай Юліі Саламацінай: Забойца не сказаў усёй праўды
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:05 0:00

Маці забітай Юліі Саламацінай: Забойца не сказаў усёй праўды

У Фрунзенскім судзе агалошаны прысуд па справе аб забойстве васямнаццацігадовай Юлі Саламацінай, цела якой зьнішчылі, каб схаваць злачынства.

17 гадоў зьняволеньня ва ўмовах строгага рэжыму, зь іх 5 першых гадоў — у турме, плюс 1,5 мільярда рублёў спагнаньня ў якасьці маральнай кампэнсацыі. Такі прысуд вынесены менчуку Паўлу Цыняўскаму, якога суд прызнаў вінаватым у наўмысным забойстве Юлі Саламацінай і зьнішчэньні яе пашпарту.

Маці Цыняўскага Галіна, якая дапамагала сыну зьнішчаць цела дзяўчыны, яе адзеньне, пашпарт і сьляды сынавага злачынства, атрымала 2 гады зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама суд пастанавіў спагнаць з жанчыны 500 мільёнаў рублёў на карысьці пацярпелай Людмілы Саламацінай — Юлінай маці. На выхадзе з суду Людміла Саламаціна сказала, што яшчэ ня вырашыла, ці будзе яна падаваць скаргу на прысуд, але для яе відавочна, што сын і маці Цыняўскія не былі шчырымі ў сваіх паказаньнях і заслугоўваюць, на яе думку, больш жорсткага пакараньня:

«Магчыма, частка праўды ў ягоных паказаньнях была, але ён яўна ўтойваў доказы, каб яму не пагражала максымальнае пакараньне. Бо тое, што яны зрабілі зь целам маёй дачкі, мяркую, было зроблена дзеля таго, каб не атрымаць максымальнае пакараньне. І гэтага ён дамогся. А за тое, што яны зрабілі зь целам Юлі, выходзіць, пакараньне не прадугледжанае».

Карэспандэнт: «У справе фігуруюць паказаньні, што ў кватэры былі жаночыя крыкі, грукат ног, гук падзеньня нечага цяжкага...»

«А ён нічога ня памятае. Так, сьведкі казалі, што чулі крыкі аб дапамозе і бег. Магчыма, Юля спрабавала зьбегчы, тым больш што былі знойдзеныя сьляды яе крыві на ўваходных дзьвярах, на ручцы і на парозе. Таму магчыма, што яна спрабавала ўцячы, а ён яе ўтрымліваў. Але што там было мы ня ведаем. Тое, што вядома, вядома зь ягоных слоў, і, мяркую, у яго было што хаваць».

Галіна Цыняўская і Павал Цыняўскі
Галіна Цыняўская і Павал Цыняўскі

Карэспандэнт: «Ці будзеце вы абскарджваць прысуд?»

«Пакуль ня вырашылі, трэба вывучыць прысуд. Мяркую, тое, што залежала ад суду, ён зрабіў. Суд ня можа перакваліфікаваць частку 1 на частку 2. Гэта магчыма было зрабіць цягам расьсьледаваньня, я пісала хадайніцтва, бо не была згодная з часткай 1, каб перакваліфікавалі на 2 частку артыкула 139, але мне адказалі, што гэта толькі мае здагадкі, мае эмоцыі, а падстаў няма. Выходзіць, што «няма цела — няма і справы».

Карэспандэнт: «Што б вы сказалі абвінавачаным, калі б была такая магчымасьць?»

«Нічога. Сама я ня маю права выносіць прысуд, але дадала б ад сябе, каб яны зазналі ўсё тое, што зрабілі зь Юляй».

Людміла Саламаціна
Людміла Саламаціна

Карэспандэнт: «З прысудам маці вы згодны?»

«Бачыце, гэта яўны прабел у законе, калі няма такога артыкула, паводле якога яе можна было б пакараць за тое, што яна рабіла зь целам Юлі. Канечне, гэта вельмі мала — два гады».

На працэсе аб забойстве Юлі Саламацінай гучалі паказаньні сьведак, зь якіх немагчыма выключаць, што да забойства дзяўчыну згвалцілі. Калі б гэта было даказана, то дзеяньні Паўла Цыняўскага варта было б кваліфікаваць паводле 2 часткі 139 артыкула, якая прадугледжвае пакараньне ажно да вышэйшага — а гэта пажыцьцёвае зьняволеньне альбо сьмяротнае пакараньне. Аднак цела забітай было зьнішчанае, у тым ліку праз спальваньне. У лесе на ўскраіне Менску, дзе ў ноч на 19 ліпеня Павал і Галіна Цыняўскія спалілі рэшткі Юлі Саламацінай, сьледчыя знайшлі каля 60 дробных фрагмэнтаў костак дзяўчыны. У верасьні 2014 году рэшткі Юлі Саламацінай былі пахаваныя на могілках.

У прысудзе Паўлу Цыняўскаму і ягонай маці Галіне Цыняўскай адмыслова пазначана, што суд не ўлічыў іх яўку з павіннай, бо і пасьля затрыманьня яны давалі хлусьлівыя паказаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG