Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай і Віктар Лукашэнкі выказалі спачуваньні расейцам з нагоды трагедыі ў Кемераве. ФОТА


Мікалай Лукашэнка (зьлева) і Віктар Лукашэнка (у цэнтры) пакінулі запіс у кнізе спачуваньняў у расейскай амбасадзе ў Менску ў сувязі з трагедыяй у Кемераве.

Сыны Аляксандра Лукашэнкі Мікалай і Віктар 28 сакавіка наведалі амбасаду Расеі ў Менску. Яны выказалі спачуваньні і пакінулі запісы ў кнізе спачуваньняў ахвярам трагедыі ў Кемераве, дзе ў пажары загінулі ня менш за 64 чалавекі, піша БелаПАН.

«Хачу ад усёй нашай сям’і, ад нашага бацькі, ад усіх братоў выказаць глыбокае спачуваньне братняму народу расейскаму, — казаў Віктар Лукашэнка. — Наш брат [Дзьмітры] таксама знаходзіцца цяпер у Маскве, там ушануе памяць. Сапраўды жудасная трагедыя. Мы разам з расейцамі, разам з роднымі і блізкімі, якія страцілі сваіх дзяцей. Смуткуем з вамі».

«Мы разам з расейскім народам, мы разам з вамі», — дадаў Мікалай Лукашэнка.

Віктар Лукашэнка
Віктар Лукашэнка

Мікалай Лукашэнка (справа)
Мікалай Лукашэнка (справа)

Аляксандар Лукашэнка 28 сакавіка выказаў спачуваньні ў сувязі з трагедыяй Уладзіміру Пуціну ў тэлефоннай размове. Таксама 28 сакавіка ў Беларусі абвясьцілі жалобныя захады ў сувязі з трагедыяй у Кемераве — прыспусьцілі дзяржаўныя сьцягі, скасавалі забаўляльныя перадачы на дзяржаўным ТВ, рэкамэндавалі скасаваць забаўляльныя мерапрыемствы па краіне.

Як беларускія ўлады рэагавалі на трагедыі маштабу кемераўскага пажару

28 сакавіка ў Кемераве прайшлі першыя пахаваньні загінулых у пажары ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня»: пяць жалобных цырымоніяў і 13 трунаў. Некаторым давялося хаваць адразу па некалькі чалавек: ахвярамі пажару сталі цэлыя сем’і.

Днём раней улады афіцыйна абвясьцілі загінулымі ў пажары ў «Зімовай вішні» 64 чалавекі, і менавіта гэтую лічбу намесьнік міністра надзвычайных сытуацый Уладлен Аксёнаў ў сераду тройчы паўтарыў журналістам, падкрэсьліўшы, што загінулі ў Кемераве — менавіта шэсьцьдзесят чатыры чалавекі, і ніякіх іншых «зьніклых бязь вестак» няма. Многія целы са знойдзеных працягваюць заставацца неапазнанымі, а на гарачую лінію і цяпер працягваюць паступаць заяўкі пра зьніклых у нядзелю людзей.

Паводле паведамленьняў відавочцаў, пасьля пачатку пажару ў будынку ўзьнікла паніка, якую ніхто з супрацоўнікаў не спрабаваў рэгуляваць, былі замкнёныя прынамсі некаторыя з пажарных выхадаў. Пуцін назваў прычынай пажару «злачынную нядбайнасьць і разгільдзяйства».

МНС Беларусі ўжо ўзялося правяраць шляхі эвакуацыі, работу сыстэмы бясьпекі, аўтаматыкі, пажаратушэньня, навучаньне пэрсаналу ў беларускіх гандлёвых цэнтрах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG