Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Альтэрнатыўная» статыстыка ад Лукашэнкі: заробкі па 300 рублёў, рост цэнаў на 8-10% за год


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

У часе нарады аб эканамічных выніках 2017 году Аляксандар Лукашэнка абураўся дзеяньнямі ўраду і непраўдзівасьцю статыстыкі. Ён назваў некалькі лічбаў, якія не супадаюць з афіцыйнай статыстыкай.

Паводле Лукашэнкі, як перадае БЕЛТА:

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас за 7 гадоў менш як на 6% («недацягнуў» да 6%, сказаў ён). Але, паводле Нацбанку, у 2010 годзе ВУП складаў 55,1 млрд даляраў, а ў 2017-м, калі пералічыць у даляры паводле сярэднегадавога курсу, толькі 54,4 млрд (не павялічыўся, а зьменшыўся на 1,3%).

З новых працоўных месцаў высокапрадукцыйныя толькі 5%. Такой статыстыкі публічна не зьяўлялася. Але іншыя афіцыйныя зьвесткі сьведчаць, што апошнім часам на працу прымаюць менш людзей, чым звальняюць — пры стварэньні новых працоўных месцаў колькасьць старых зьмяншаецца хутчэй.

Цэны на штодзённыя тавары за год вырасьлі аж на 8–10%. Афіцыйная інфляцыя за 2017 год склала рэкордна малыя 4,6% (на харчы на 4,2%), але статыстыка ня ўлічвае «тавары, якія купляюць штодзень», як казаў Лукашэнка.

Толькі дзьве траціны беларусаў ня бачылі заробкаў па 1000 рублёў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, не 66,6%, а 86,3% мелі налічаны заробак, меншы за 1000 рублёў (гэта да вынятку падаткаў і збораў — на рукі даюць адчувальна менш).

— Людзі зарабляюць па 300 рублёў! Лукашэнка заяўляў, што 10% змаглі зарабіць ня больш як 300 рублёў (гэта паводле БЕЛТА, а паводле «Советской Белоруссии», абураўся тым, што людзі зарабляюць 300 рублёў). Гэта часткова супадае з афіцыйнай статыстыкай: у ёй 9,6% беларусаў мелі налічаныя заробкі, меншыя за 300 рублёў (але на рукі атрымлівалі меней, бо з налічаных заробкаў вымаюцца падаткі і зборы). Кажучы пра заробкі, Лукашэнка зьвяртаўся да кіраўнікоў аблвыканкамаў: «Глядзіце, нарвяцеся!»

На 300 рублёў пражыць немагчыма. Паводле Лукашэнкі, на 300 рублёў месяц «пражыць сёньня практычна нельга», але бюджэт пражытковага мінімуму ў Беларусі складае 199,32 рубля — на траціну меней.

Дзяржава запазычыла 3,5 млрд даляраў, вярнула даўгоў на 2,3 млрд. Паводле Міністэрства фінансаў, за 2017 год Беларусь прыцягнула вонкавых пазык на 4,04 млрд даляраў, сплаціла вонкавай запазычанасьці на 1,03 млрд. Унутраная дзяржаўная запазычанасьць за год зьменшылася на 1,1 млрд рублёў (крыху больш за паўмільярда даляраў).

***

Тры дні таму Лукашэнка насьцярожыўся дэкляраваным сілавікамі зьніжэньнем колькасьці зафіксаваных крымінальных злачынстваў на 7%. «Можа быць, у нас неўзабаве наогул злачыннасьці ня будзе?» — пытаў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG