Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка запатрабаваў у Шуневіча адрозьніваць пакараньні спажыўцам і пастаўшчыкам наркотыкаў


Ігар Шуневіч, архіўнае фота

У час сустрэчы зь міністрам унутраных справаў Ігарам Шуневічам Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт «дыфэрэнцыяваньня» адказнасьці паводле «наркатычных» артыкулаў, піша БЕЛТА. Якой, на думку Лукашэнкі, павінна быць адказнасьць для першых і другіх, не паведамляецца.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:

Аляксандар Лукашэнка пацікавіўся, «што ў нас там за праблемы» з крымінагенным становішчам у краіне і ў сытуацыі з распаўсюдам наркотыкаў.

«Можа, мы недзе дапусьцілі пралікі ці памылкі пры прыняцьці адпаведнага заканадаўства, — казаў Лукашэнка. — Я тады настойваў на ўзмацненьні заканадаўства асабліва да тых, хто вырабляе і пастаўляе, прадае сюды наркотыкі. Нам трэба строга дыфэрэнцыяваць спажыўцоў і пастаўшчыкоў».

Ігар Шуневіч на гэта адказаў, што крымінагенная сытуацыя ў краіне «характарызуецца, як і раней, зьніжэньнем зарэгістраваных злачынстваў і здарэньняў», «нейкіх асаблівасьцяў» ён не назіраў.

Паводле яго словаў, «зьменшыць наркапагрозу» ўдалося «шляхам жорсткіх, часам неардынарных прававых і практычных захадаў». Ён заявіў, што цяперашні ўзровень наркатычнай пагрозы дазваляе казаць, што «мы адэкватна адрэагавалі на выклікі і пагрозы».

У артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу не разьдзяляецца адказнасьць за захоўваньне або ўжываньне наркотыкаў і за выраб або перавозку, таксама няма градацыі пакараньняў у залежнасьці ад колькасьці наркотыку.

За «выраб, перапрацоўку, набыцьцё, захоўваньне, перавозку або перасылку наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсараў або аналягаў бяз мэты збыту» прадугледжанае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў. За тое самае «з мэтай збыту» або за продаж — ад 5 да 8 гадоў турмы з магчымай канфіскацыяй маёмасьці. Пры розных умовах (паводле часткі 3, 4 ці 5 гэтага ж артыкулу) могуць пасадзіць на тэрмін да 25 гадоў.

Колькі ў Беларусі нарказалежных, невядома. Паводле «наркатычных» артыкулаў толькі за 2017 год асудзілі амаль тры тысячы чалавек, палове зь іх далі рэальныя тэрміны зьняволеньня. За перавозку паўтары таблеткі экстазі могуць прысудзіць удвая большы тэрмін, чым за забойства чалавека.

Маці асуджаных паводле «наркатычных» артыкулаў 27 красавіка пачалі галадоўку на знак пратэсту супраць неадэкватна жорсткіх, як яны лічаць, пакараньняў за ўжываньне наркотыкаў. Адміністрацыя Лукашэнкі сьцьвярджае, што ён ня можа іх прыняць.

Ня так жорстка, як у Беларусі. Што пагражае «за наркотыкі» ў суседніх краінах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG