Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава ацаніла катэджы як «панэлькі»: як у Менску разбураюць «вёску навукоўцаў»


Жыхары "вёскі навукоўцаў" з Лошыцы ў судзе перад пачаткам слуханьняў паводле іхнага пазову да Менгарвыканкаму

12 жыхароў менскай Лошыцы распачалі судовы працэс супраць Менгарвыканкаму.

З просьбай разам абараніць ад зносу «вёску навукоўцаў» зьвярнуліся да грамадзкіх актывістаў і журналістаў жыхары прыватнага сэктару ў мікрараёне Лошыца. «Тут такая справа: „Асмалоўку“ адстаялі, перамога мае быць і ў Лошыцы», — такую просьбу мясцовыя жыхары разьмясьцілі ў сацыяльных сетках.

Прыватны падворак — другі Батанічны сад

Белацагляны двухпавярховік патанае ў зеляніне: мініяцюрная сажалка, экзатычныя дрэвы і кусты, зялёны лужок — у двары дома. «Гэты дом мой і майго брата Аляксандра», — сустракае журналістаў Генадзь Усьціновіч.

Так выглядае дом братоў Усьціновічаў
Так выглядае дом братоў Усьціновічаў

Ён праводзіць кароткую экскурсію па двары:

«У нас вельмі шмат экзатычных расьлін — грэцкі, маньчжурскі арэх, некалькі сартоў фундуку. Вось тут бірачкі на дрэўцах — каб адрозьніваць сарты яблыкаў і ігруш — іх больш за пятнаццаць. У мяне на ігрушах яблыкі растуць, і наадварот», — сьмяецца гаспадар.

«Пэрсікі сёлета зьмерзьлі, а так — буйныя, салодкія, смачныя плады. Уздоўж плоту бэз — вось такія буйныя кветкі», — разводзіць рукі гаспадар на памер уяўных гронак.

«Ну, і я заўсёды кажу, што ў нас ёсьць найшыкоўнае дрэва. Ня куст, а дрэва — рукамі не абхапіць. Гэта магнолія. Вясной, калі няма яшчэ лісьця нідзе — яно квітнее буйнымі кветкамі. Гэтае дрэва ёсьць толькі ў двух асобніках: у нас і ў Лошыцкім парку».

У двары Аляксандра Ўсьціновіча — брата Генадзя
У двары Аляксандра Ўсьціновіча — брата Генадзя

Ці працавалі ў двары ляндшафтныя дызайнэры, будаўнікі? Не.

«Мы тут усё рабілі ўласнымі рукамі, на свой густ і паводле ўласных праектаў», — Генадзь Усьціновіч працягвае эмацыйны расповед.

«Вунь паглядзіце — гэта летні дамок. Думаю, для многіх было б за шчасьце ў ім жыць, ня кажучы пра лецішча. І ўсё гэта абсалютна законна: на ўсе пабудовы мы маем патрэбныя дазволы. Зямля ў нас у пажыцьцёвым валоданьні, і працавалі мы так, каб было ня толькі нам, але і дзецям нашым засталося».

У глыбіні двара — летні дом Усьціновічаў
У глыбіні двара — летні дом Усьціновічаў

Тры рэпрэсаваныя пакаленьні

«Шмат і добра працаваць — гэта сямейная традыцыя», — кажа Генадзь Усьціновіч.

«Некалі жылі на Магілёўшчыне наш дзед і два ягоныя браты. Калі дзяды гаспадарылі, то людзі марылі, каб „Усьціновічы ня справіліся“, каб наняцца да іх грошай зарабіць. Ну, і як „кулакоў“ выслалі дзядоў у Сыбір», — кажа спадар Генадзь.

Генадзь Усьціновіч у кухні-гасьцёўні, зробленай уласнымі рукамі
Генадзь Усьціновіч у кухні-гасьцёўні, зробленай уласнымі рукамі

​Дзяды з Сыбіры вярнуліся, але падчас сталінскіх рэпрэсій арыштавалі Ўсьціновіча-малодшага — бацьку спадара Генадзя.

«Бацьку забралі, як прыяжджалі па суседа. Таго не аказалася дома, то ўзялі тату — 10 гадоў адбыў у турме. Вярнуўся ўжо з падарваным здароўем, але пасьпеў яшчэ папрацаваць у саўгасе „Лошыцкім“ галоўным бухгальтарам і нават узначаліць будаўніцтва той самай „вёскі навукоўцаў“ на дзесяць дамоў, якія цяпер заплянаваныя пад разбурэньне», — працягвае спадар Генадзь.

Жыхары "вёскі навукоўцаў": мы тут адна сям'я
Жыхары "вёскі навукоўцаў": мы тут адна сям'я

«Нават мая жонка ўжо стамілася, кажа: калі ўжо гэтую сям’ю пакінуць у спакоі. Выходзіць, што мы ўжо трэцяе пакаленьне рэпрэсаваных. Я пра гэта магу гадзінамі гаварыць, бо гэта выпакутаванае».

«Канфэрэнцыя з нагоды 105-годзьдзя майго дзеда»

Суседка Ўсьціновічаў — Тацяна Раманавец. Яна біёляг у трэцім пакаленьні, унучка навукоўца-біёляга Антона Амбросава, які быў гаспадаром цяперашняга яе дома.

Адна з каштоўнасьцяў у сям'і Раманавец — старая елка каля брамкі. Садзіў яе знакаміты дзед
Адна з каштоўнасьцяў у сям'і Раманавец — старая елка каля брамкі. Садзіў яе знакаміты дзед

«Літаральна сёньня ў Інстытуце абароны расьлін — канфэрэнцыя з нагоды 105-годзьдзя майго дзеда Антона Лаўрэнцевіча Амбросава. Ён быў заснавальнік і першы дырэктар інстытуту, прафэсар, член-карэспандэнт Акадэміі навук. Я неяк палічыла, што ў нашай сям’і трынаццаць біёлягаў — і я трынаццатая. Праўда, на мне ўсё скончылася», — усьміхаецца спадарыня Тацьцяна.

«А бабуля была заслужаным аграномам, вывела некалькі сартоў памідораў. Гэта я толькі пра сваю сям’ю расказваю — такія людзі жылі ў кожным доме. Зайдзіце ў любы, і вам раскажуць падобную гісторыю. Тут на кожным доме можна шыльду вешаць: жыў такі і такі», — кажа жанчына.

Адкрытая вэранда — улюбёнае месца ўсёй сям'і
Адкрытая вэранда — улюбёнае месца ўсёй сям'і

​А свой дом Тацяна Раманавец называе не інакш, як «радавое гняздо». З асаблівым цяплом узгадвае і сваіх суседзяў — жыхароў «вёскі навукоўцаў».

«Калі ў мяне ў доме здарыўся пажар, то людзі беглі і выносілі з хаты ўсё: я пасьля па ўсёй вёсцы рэчы свае зьбірала, бо людзі ратавалі ад агню і паразносілі па сваіх дамах.

Галоўная рэліквія, якая ацалела пасьля пажару, — шафа, якая належала дзеду, навукоўцу Антону Амбросаву.
Галоўная рэліквія, якая ацалела пасьля пажару, — шафа, якая належала дзеду, навукоўцу Антону Амбросаву.

Гэты быў дом камунальнай уласнасьці, але нам сказалі, што грошай няма — рамантуйце самі. І мы адбудавалі яго наноў, а калі давялося яго прыватызаваць, то вось гэта ўсё, пабудаванае за ўласныя сродкі, мы былі вымушаныя зноў выкупляць у дзяржавы. А цяпер за гэтае вось, двойчы аплачанае жыльлё нам прапануюць прыніжальную проста кампэнсацыю», — абураецца Тацяна Раманавец.

Дыхтоўныя дамы — таньнейшыя за панэльныя кватэры

«Вёска навукоўцаў» — гэта 10 блякаваных двухкватэрных дамоў, дванаццаць гаспадароў якіх зьвярнуліся ў суд супраць зносу іхнага жыльля. Абуральнай яны называюць нават фармулёўку зносу: «дзеля дзяржаўных патрэб».

У гасьцёўні-кухні Тацяна Раманавец любіць бавіць час зь сябрамі
У гасьцёўні-кухні Тацяна Раманавец любіць бавіць час зь сябрамі

«Якія такія дзяржаўныя патрэбы вымагаюць пазбаўляць нас нашага жыльля, якое мы будавалі ўласнымі рукамі? Каб будаваць шматпавярховікі, то якая гэта дзяржаўная патрэба, калі 80% навабудаў у Менску не распрададзеныя?! Проста ў нас каштоўнае месца — побач з ракой, паркам і Лошыцкім палацам. Таму яго хочуць прадаць багатым інвэстарам», — перакананая Тацяна Раманавец.

Дворык у другой палове дома належыць сям'і Генадзя Ўсьціновіча
Дворык у другой палове дома належыць сям'і Генадзя Ўсьціновіча

​«У горадзе дастаткова старых прадпрыемстваў, нейкіх аўтапаркаў у страшэнным выглядзе, якія займаюць агромістыя тэрыторыі. Вынесіце тыя прадпрыемствы і пабудуйце там дамы», — падтрымлівае суседку Генадзь Усьціновіч.

«Акрамя таго — кошт нашых капітальных будоў, саду, дрэваў ацанілі паводле кошту квадратнага мэтра жыльля, дык у нас ён аказаўся таньнейшы, чым квадратны мэтар у панэльнай кватэры! Гэта проста пракамэнтаваць цяжка», — абураецца спадар Генадзь.

«Умовы нашага перасяленьня — проста ганебныя і зьневажальныя. Мы нізавошта на такія ўмовы не пагодзімся», — кажуць людзі.

Жыхары "вёскі навукоўцаў" у судзе — супраць Менгарвыканкаму
Жыхары "вёскі навукоўцаў" у судзе — супраць Менгарвыканкаму

Ня мы прыйшлі ў горад, а горад нас паглынуў

Перш чым зьвярнуцца ў суд, жыхары «вёскі навукоўцаў» сабралі больш за дзьве тысячы подпісаў супраць зносу іх пасёлка і адмены статусу культурнай каштоўнасьці, што дазволіла распачынаць тут новае будаўніцтва. «Тут была вёска, і ня мы прыйшлі ў горад, а горад паглынуў нас», — кажа Генадзь Усьціновіч.

У судзе — прадстаўніцы Менгарвыканкаму
У судзе — прадстаўніцы Менгарвыканкаму

​Падчас слуханьняў у Маскоўскім судзе Менску прадстаўнікі гарадзкіх уладаў казалі заяўнікам, што частка тутэйшых жыхароў згодныя на пераезд.

«Згодныя на пераезд тыя жыхары, якія ніколі не клапаціліся пра свае дамы: дзе няма нават водаправоду і каналізацыі і яны дагэтуль ходзяць „да ветру“. Там па 15–20 чалавек зарэгістраваныя, і яны толькі і мараць, каб атрымаць кватэры, якія, магчыма, будуць даведзеныя да такога ж стану. Ну то прадайце гэтыя кавалкі зямлі з аўкцыёну, і людзі адбудуюць тут сучасныя катэджы, якія ўпішуцца ў агульную архітэктуру гораду», — кажуць удзельнікі судовых слуханьняў.

Заяўнікі просяць суд адмяніць рашэньне Менгарвыканкаму пра знос «вёскі навукоўцаў». У выніку першага паседжаньня суд вырашыў прыпыніць яго выкананьне да завяршэньня судовага разбору.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG