Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перамога грамадзкасьці». Плян зносу Асмалоўкі адхілены


Менск, раён Асмалоўка, які рыхтуюць пад знос

На паседжаньні архітэктурна-горадабудаўнічай рады, якое прайшло ў Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгараыканкаму, не прынялі дэталёвага пляну, які прадугледжваў знос Асмалоўкі. Яго адправяць на дапрацоўку.

«Мы можам сказаць, што ўсе высілкі грамадзтва — 9 тысяч подпісаў, вялікая падтрымка СМІ — прывяла да таго, што гэты дэталёвы плян, які прадугледжвае знос Асмалоўкі, ня быў прыняты, — паведаміў Свабодзе Дзяніс Кобрусеў, каардынатар кампаніі „Генплан для мінчан“. — Гэта перамога. Бо была вялікая верагоднасьць, што прымуць ПДП і дамы пойдуць пад знос».

Сёньня было паседжаньне архітэктурнай горадабудаўнічай рады, якая мусіла падводзіць вынікі грамадзкага абмеркаваньня дэталёвага пляну зносу Асмалоўкі. На нараду былі дапушчаныя прадстаўнікі грамадзкасьці. Падрабязнасьць распавядае Дзяніс Кобрусеў:

«Калі коратка, было выступленьне распрацоўніка праекту Бандарчыка, задавалі яму пытаньні. Пасьля выступалі сябры рады. Яны выказвалі розныя думкі. Былі меркаваньні, што гэты раён мае каштоўнасьць і яго ня трэба зносіць. Была думка, што на сёньня не хапае дадзеных пра стан будынкаў, на падставе чаго нельга прымаць рашэньне. Таксама было сказана, што зямля тут вельмі каштоўная, а дамы ня маюць каштоўнасьці. Але пры гэтым дэталёвы плян не дае адказу, як гэтую каштоўную зямлю можна выкарыстаць.

Сход жыхароў Асмалоўкі
Сход жыхароў Асмалоўкі

Прадстаўнікі грамадзкасьці па пунктах пералічылі, на наш погляд, парушэньні і заўвагі. Гэта 40 старонак, якія мы накіроўвалі ў межах грамадзкага абмеркаваньня.

Прадстаўнікі адміністрацыі Цэнтральнага раёну выступілі з ініцыятывай гэты дэталёвы плян адхіліць. А паводле Паўла Лучыновіча, галоўнага архітэктара Менску, хутчэй за ўсё будзе вынесенае рашэньне аб адпраўцы дэталёвага пляну на дапрацоўку.

Гэта значыць, што ПДП ня будзе зацьверджаны, на дапрацоўцы ён можа знаходзіцца шмат часу, і ў грамадзкасьці будзе магчымасьць камунікаваць з уладамі, прапаноўваць свае варыянты.

Грамадзкае абмеркаваньне па Асмлоўцы
Грамадзкае абмеркаваньне па Асмлоўцы

Мы можам сказаць, што ўсе высілкі грамадзтва — 9 тысяч подпісаў, вялікая падтрымка СМІ — прывялі да таго, што гэты дэталёвы плян, які прадугледжвае знос Асмалоўкі, ня быў прыняты. Гэта перамога грамадзкасьці. Бо была вялікая верагоднасьць, што прымуць ПДП і дамы пойдуць пад знос.

Мы можам сказаць, што пытаньне захаваньня і разьвіцьця Асмалоўкі толькі пачынаецца. Наперадзе вельмі вялікая праца.

У межах грамадзкага абмеркаваньня, якое было, мы атрымалі перамогу. Дэталёвы плян не прыняты, і гэта важна. Мы спадзяваліся на гэты варыянт. Мы задаволеныя вынікам».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG