Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста «Белсату» Любенчука аштрафавалі


Алесь Любянчук

Першамайскі суд Менску аштрафаваў відэаапэратара тэлеканалу «Белсат» Алеся Любенчука на 25 базавых велічыняў (575 рублёў) за нецэнзурную лаянку ў пастарунку.

Працэс вёў судзьдзя Юры Гарбатоўскі, які неаднаразова караў прадстаўнікоў апазыцыі.

Учора разгляд справы быў адкладзены, бо не зьявіліся сьведкі з боку міліцыі. Сёньня сьведак дапыталі ў судзе.

Адзін са сьведак, міліцыянт Уладзіслаў Падрэз, сказаў, што Любянчук мацюгаўся ў кабінэце Першамайскага РУУС і гэтыя мацюганьні «мелі агульны характар», журналіст «паводзіў сябе неспакойна».

Сьведка ня памятаў дакладна імя журналіста, ня змог адказаць на шэраг пытаньняў Алеся Любенчука і ягонага адваката.

Любянчук сказаў, што міліцыянт яго агаварыў. Да таго ж падчас затрыманьня ў яго не было магчымасьці выклікаць адваката.

«Справу адносна мяне трэба спыніць, бо былі зроблены грубыя парушэньні пры падрыхтоўцы гэтай справы да разгляду», — сказаў Любянчук у судзе.

Ён сказаў таксама, што яму было адмоўлена ў аказаньні юрыдычнай дапамогі. Паводле журналіста, ён прасіў даць магчымасьць зьвязацца з адвакатам, калі адносна яго пачалі складаць пратакол. Аднак супрацоўнікі Першамайскага РУУС яму ў гэтай просьбе неаднаразова адмовілі.

Любянчук сказаў, што міліцыянт Падрэз склаў на яго пратакол за дробнае хуліганства дзеля помсты, бо не пачуў ад яго таго, што хацеў, па справе аб гандлёвым знаку «Белсат».

31 сакавіка ў двух менскіх офісах «Белсату» адбыліся ператрусы. У адным з памяшканьняў на момант прыходу міліцыянтаў знаходзіўся журналіст Алесь Любянчук. Яго затрымалі і адвезьлі ў Першамайскі РУУС.

Там на журналіста, які мае акрэдытацыю МЗС Беларусі, склалі пратакол за нецэнзурную лаянку. Міліцыянты заявілі, што малады чалавек нібыта брудна лаяўся ў аддзяленьні міліцыі (дробнае хуліганства, артыкул 17.1 КаАП). Яго зьбіраліся везьці ў ізалятар на Акрэсьціна, але ўвечары нечакана вызвалілі зь міліцыі.

XS
SM
MD
LG