Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест таго, каб рашаць праблемы эканомікі, улады займаюцца перасьледам фрылансэраў, — Яўген Меркіс


Яўген Меркіс

Судзьдзя Савецкага раёну Гомля Андрэй Лагуновіч пакараў 19 красавіка журналіста-фрылансэра Яўгена Меркіса штрафам у памеры 40 базавых велічыняў (920 рублёў). Меркіс прызнаны вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ для польскага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат» без акрэдытацыі ў беларускім зьнешнепалітычным ведамстве.

Разгледжаны адразу два пратаколы: за стрым акцыі пратэсту 11 сакавіка ў Пінску, а таксама інтэрвію з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў у Магілёве, пад назвай «Меркіс: «Депутат Марзалюк не зразумеў, што людзі выходзяць ня толькі супраць дэкрэту», паказанага 15 сакавіка ў праграме «Абʼектыў» тэлеканалу «Белсат».

Віны сваёй журналіст-фрылансэр не прызнаў, бо штатным супрацоўнікам тэлеканалу «Белсат» не зьяўляецца і адпаведных працоўных дамоваў ня мае. Сказаў суду, што паводле артыкула 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь мае права на збор і распаўсюд інфармацыі. Онлайн-трансьляцыя выкладвалася на папулярны відэагостынг YouTube, адкуль відэаздымкі мог узяць любы інфармацыйны рэсурс, у тым ліку й «Белсат».

«А які мікрафон быў у вас у руках?» — цікавіўся судзьдзя.

«Зь лягатыпам «Белсату», — адказваў Яўген.

«Дзе вы яго ўзялі?»

«Знаёмыя журналісты далі. Хто мне даў — супраць сябе ня сьведчу».

«Вы прадстаўляліся, калі бралі інтэрвію, супрацоўнікам тэлеканалу „Белсат“».

«Так, магчыма, называўся. Гэта мая мара».

Яўген Меркіс
Яўген Меркіс

Судзьдзя Лагуновіч цікавіўся таксама, ці вядома Меркісу, што польскі беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал «Белсат» не акрэдытаваны ў Беларусі, зачытваў рапарты міліцыянтаў зь Пінску і Магілёва, адказы Міністэрства замежных спраў Беларусі пра тое, што ў Меркіса няма акрэдытацыі ў якасьці замежнага карэспандэнта. Потым суд працяглы час спрабаваў запусьціць праз кампутар дыскі з копіямі відэасюжэтаў, якія дэманстраваліся на спадарожнікавым тэлеканале — іх у міліцыі ў Пінску і Магілёве так старанна заклейвалі ў канвэрты, што клеем папсавалі самі дыскі.

Яўген Меркіс сказаў:

«Усімі шматлікімі судамі супраць незалежных журналістаў, фрылансэраў, актывістаў беларускія ўлады лішні раз зьвяртаюць увагу на пратэставыя акцыі ў краіне, замест таго каб вырашаць узьнятыя пытаньні, значныя для нашага грамадзтва — такія, як жахлівы стан беларускай эканомікі і аслабленьне сацыяльнай падтрымкі грамадзян. Замест гэтага ўлады займаюцца перасьледам фрылансэраў, блогераў, актывістаў. Але гэтым сытуацыю не паправіць».

Фрылансэр перакананы, што, нягледзячы на рэпрэсіі, значныя ў краіне падзеі будуць асьвятляцца і ў незалежных мэдыях — сучасныя тэхналёгіі даюць магчымасьць гэта рабіць кожнаму, хто мае смартфон, пляншэт, тэлефон ці нейкі іншы сучасны гаджэт.

XS
SM
MD
LG