Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «Марш недармаедаў» у Кобрыні пакаралі журналістаў


Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава

Суд у Кобрыні пакараў штрафамі ў памеры 85 базавых велічынь берасьцейскіх незалежных журналістаў Мілану Харытонаву і Алеся Леўчука. Іх абвінавацілі адразу паводле двух артыкулаў — непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.

7 красавіка журналістаў выклікалі позвай на працэс у Кобрынь. Туды ж прыехаў міліцыянт, які выпісаў ім позвы зьявіцца ў РАУС для складаньня яшчэ аднаго пратаколу — за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». Ляўчук і Харытонава запатрабавалі час для азнаямленьня з матэрыяламі справы, суд перанесьлі на сёньня.

У выніку Алесю Леўчуку прысудзілі штраф у памеры 50 і 10 базавых велічынь адпаведна, Мілане Харытонавай — 20 і 5 базавых велічынь.

Журналістаў затрымалі ў Кобрыні 18 сакавіка падчас «маршу недармаедаў». Тады акцыі, па сутнасьці, не адбылося. На плошчу выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Але міліцыянты сталі іх жорстка затрымліваць. Схапілі і фрылансэраў. Частку іхнай апаратуры паламалі, кажа Алесь Ляўчук:

«Да гэтага часу нашу апаратуру, якая не была зьнішчана падчас затрыманьня, не вярнулі. Спадзяёмся, што гэта будзе неўзабаве зроблена. А што да штрафу, то агулам мы атрымалі каля 1000 даляраў зь Міланай. Я маю намер абскарджваць прысуд, бо мы не вінаватыя, а падчас затрыманьня нават і пацярпелі».

XS
SM
MD
LG