Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як гастарбайтэры зь Лельчыцаў «адбіваюць» свае заробкі ў АБЭП, суду і расейскага працадаўцы


Лельчыцкі гастарбайтар Руслан Грэська
Лельчыцкі гастарбайтар Руслан Грэська

Гомельскі абласны суд 22 верасьня на касацыйную скаргу адмяніў буйныя штрафы двум гастарбайтарам зь Лельчыц і канфіскацыю ў іх 200 тысяч расейскіх рублёў (амаль 6700 беларускіх рублёў на момант публікацыі). Пакаралі іх за тое, што атрымалі на тэрыторыі Беларусі заробак расейскімі банкнотамі.

«Абласны суд вырашыў, што наша адміністрацыйная справа разгледжана Калінкавіцкім раённым судом неабʼектыўна, без уліку шэрагу істотных акалічнасьцяў.

І пакаралі нас на падставе ўказу № 49 „Аб забесьпячэньні парадку пры ажыцьцяўленьні валютных апэрацый“, які прадугледжвае і канфіскацыю заробку, і штраф да 100 базавых велічыняў, хоць маглі абмежавацца адміністрацыйным штрафам да 50 базавых паводле КаАП.

У нас семʼі, грошы мы ня кралі, а зарабілі ў Расеі цяжкай працай на будоўлі. Аддаў іх расейскі наймальнік у Калінкавічах. Цяпер разумеем: спэцыяльна прывёз у Беларусь, каб нам нашкодзіць», — кажа лельчыцкі гастарбайтар Руслан Грэська.

Аляксандар Буцько
Аляксандар Буцько

Аштрафавала ў жніўні Руслана Грэську і Аляксандра Буцька (кожнага на 1380 рублёў) судзьдзя Калінкавіцкага раёну Сьвятлана Кугейка на падставе пратаколаў старшага опэрупаўнаважанага АБЭП Лельчыцкага РАУС Валянціна Хомчыца і мясцовай падатковай інспэкцыі.

Самі гастарбайтары перакананыя, што іх наўмысна падставіў расейскі наймальнік Анатоль Сныцараў. Сам ён родам з Мазыра, але даўно мае расейскае грамадзянства. Разьлічваўся ён зь лельчукамі нерэгулярна, і тыя вырашылі спыніць зь ім працоўныя стасункі. На думку Аляксандра Буцька, гэта, відаць, не спадабалася расейцу, і ён праз сваіх знаёмых міліцыянтаў у Мазыры вырашыў паквітацца зь непаслухмянымі гастарбайтарамі.

У Маскве, дзе працавалі Буцько й Грэська, Сныцараў разьліковы заробак ня выдаў, а прывёз яго ў Мазыр, прызначыўшы сустрэчу ў прыдарожнай кавярні «Лукаморʼе» паблізу Калінкавічаў. І як толькі лельчыцкія гастарбайтэры напісалі расьпіскі і атрымалі па 100 тысяч расейскіх рублёў, тут іх і засьпелі супрацоўнік АБЭП зь Лельчыцаў Валянцін Хомчыц з начальнікам ізалятара тамтэйшага райаддзелу міліцыі Віктарам Навіцкім. Быў зь імі і трэці міліцыянт, які называўся супрацоўнікам аддзелу па барацьбе з наркотыкамі, а насамрэч аказаўся супрацоўнікам Мазырскага міжраённага аддзелу Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК.

Калі справе аб парушэньні парадку ажыцьцяўленьня валютных апэрацый быў дадзены ход, выявілася, што Валянцін Хомчыц з жонкай адпачываў на Чорным моры на лецішчы Анатоля Сныцарава. Фатаздымкі ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» выклала жонка маёра Хомчыца.

Здымкі тыя жыхары Лельчыц раздрукавалі, адразу пазнаўшы «прычарнаморскае лукаморʼе» Анатоля Сныцарава, бо раней самі яго будавалі. Праз адваката яны спрабавалі далучыць здымкі да справы як сьведчаньне змовы. Але судзьдзя Калінкавіцкага раённага суду адхіліла хадайніцтва, палічыўшы, што здымкі ня маюць дачыненьня да справы.

Валянцін Хомчыц (справа) патрабуе ў адваката здымкі, выкладзеныя жонкаю ў «Аднаклясьніках»
Валянцін Хомчыц (справа) патрабуе ў адваката здымкі, выкладзеныя жонкаю ў «Аднаклясьніках»

Абласны суд, наадварот, зьвярнуў на гэта ўвагу і нават вынес на адрас Лельчыцкага РАУС прыватнае вызначэньне, абавязаўшы правесьці службовую праверку ў дачыненьні да Валянціна Хомчыца.

Адміністрацыйная справа аб нібыта яўным парушэньні парадку ажыцьцяўленьня валютных апэрацый лельчыцкімі гастарбайтарамі накіраваная назад у Калінкавічы на новы разгляд у іншым складзе суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG