Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскім саборным мячэце адзначылі Курбан-байрам


Курбан Байрам у Менску, 16 кастрычніка 2013 году

Першага верасьня мусульмане ўсяго сьвету адзначаюць адно са сваіх самых вялікіх сьвятаў — Курбан-байрам.

Як паведаміў карэспандэнту Свабоды муфцій мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіч, сёньня раніцай у Менскім саборным мячэце прайшло сьвяточнае набажэнства. 2 верасьня а 15-й гадзіне мячэт запрашае на сьвята дзяцей.

Паводле Шабановіча, адной з асноўных тэмаў сёлетняй малітвы было яднаньне ў грамадзтве.

«Сёлета наша сьвята супадае з Днём ведаў, з пачаткам новага навучальнага года. І, на жаль, з датай пачатку Другой усясьветнай вайны. 8 верасьня ў мячэце мы правядзём дзень памяці палеглых падчас вайны», — сказаў Шабановіч.

Сьвяткаваньне Курбан-байраму адбываецца і ў іншых краінах. Таксама ва ўсіх мячэтах анэксаванага Расеяй Крыму раніцай адбылося сьвяточнае набажэнства. 4-га верасьня ў Крыме аб’яўлена выходным днём.

Курбан-байрам у Астане, Казахстан
Курбан-байрам у Астане, Казахстан

«Нялёгкія выпрабаваньні выпалі на долю крымскіх татараў у акупаваным Крыме, а шчырыя пачуцьці вернікаў ацэньваюцца акупантамі як экстрэмізм.

Але ўстойлівасьць і сіла духу даюць упэўненасьць, што мы абавязкова разам пройдзем усе выпрабаваньні і пераможам ворага», — напісаў у Facebook з нагоды сьвята Упаўнаважаны прэзыдэнта Ўкраіны ў справах крымска-татарскага народу Мустафа Джамілёў.

Курбан-байрам — адно з галоўных сьвятаў у ісламскім календары, якое азначае заканчэньне хаджу. Падчас гэтага сьвята як абрад глыбокай пашаны мусульмане заколваюць ахвярную жывёлу. Курбан-байрам таксама называюць сьвятам ахвярапрынашэньня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG