Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзесяць фактаў зьнішчэньня ў Беларусі габрэйскай гістарычнай спадчыны


Фрагмэнт афармленьня залі грамадзка-палітычнага цэнтру на вуліцы Палескай у Гомелі падчас правядзеньня прэсавай канфэрэнцыі.

Гэтыя факты пералічыў 24 жніўня ў Гомелі падчас прэсавай канфэрэнцыі ў грамадзка-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай прэзыдэнт Усясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман.

1. У 2001 годзе зьнесены будынак сынагогі ў Менску па вуліцы Дзімітрава. Двухпавярховы будынак быў узьведзены ў другой палове ХIХ стагодзьдзя, у ім месьціліся сынагога, бібліятэка, школа. У 2000 годзе гэтую сынагогу ўнесьлі ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны, які адносіўся да кампэтэнцыі Саўміну Рэспублікі Беларусь.

2. Праз тэрыторыю двух былых габрэйскіх могілак у Мазыры летам 2003 году праклалі газаправод, вырылі катлаван пад будоўлю шматкватэрнага жылога дома.

3. У Рагачове ў жніўні 2003 году помнікі з габрэйскіх магілаў звалілі ў кучу, праз могілкі праклалі дарогу ды абсталявалі там футбольную пляцоўку.

4. Усталяваны ў лістападзе 2003 году Ўсясьветнай асацыяцыяй беларускіх габрэяў у Мазыры на вуліцы Кірава мэмарыяльны знак на месцы самаспаленьня мазырскіх габрэяў падчас акупацыі гораду нацыстамі зьнішчаны паводле рашэньня гарвыканкаму.

5. У Менску ў сьнежні 2003 году пры будоўлі паркінгу на Нямізе канчаткова зьнішчаны фундамэнт Халоднай сынагогі. Помнік яшчэ магчыма было аднавіць, аднак гарадзкія ўлады не захацелі. Прапаноўвалася на месцы самай старой сынагогі сталіцы ўсталяваць хоць бы памятны знак, але і яго так і не паставілі, хоць паркінг ужо дабудаваны.

6. У красавіку 2009 году ў мястэчку Любань Менскай вобласьці зруйнавалі драўляны будынак былой сынагогі, зьвязаны ня толькі з гісторыяй любанскай габрэйскай грамады, але й зь вядомым юдэйскім рэлігійным дзеячам Мошэ Файнштэйнам — прызнаным усясьветным лідэрам артадаксальнага габрэйства. Зьнесены будынак — унікальны ўзор культавай драўлянай архітэктуры, адна з апошніх драўляных сынагог на Беларусі.

7. У Гомлі ў 2008 годзе на паўднёвай частцы габрэйскіх могілак на вуліцы Сожаўскай збудаваныя корты ды футбольны стадыён.

8.У райцэнтры Валожын Менскай вобласьці ў 2013 годзе пабудавалі дамы для працаўнікоў сьвінафэрмы на касьцях ахвяраў Галакосту.

9. У 2016 годзе ў Мазыры распачалі будоўлю 10-павярховага жылога дома на былых габрэйскіх могілках.

10. Чэрвень 2017 году. У Гомлі на вуліцы Сожаўскай пачалі будаваць 18-павярховы жылы дом на паўночным мысе былых габрэйскіх могілак.

Прэсавая канфэрэнцыя з удзелам гісторыка Яўгена Малікава, Уладзімера Кацоры, Якава Гутмана і архітэктара Сяргея Ляпіна
Прэсавая канфэрэнцыя з удзелам гісторыка Яўгена Малікава, Уладзімера Кацоры, Якава Гутмана і архітэктара Сяргея Ляпіна

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG