Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамада мармонаў пераедзе ў новы малітоўны дом у Менску


Будынак у Менску, вул. Велазаводская, 8

Цяпер менскія мармоны зьбіраюцца ў бізнэс-цэнтры, але рыхтуюцца пераехаць у асобны будынак.

Старшынюючае біскупства Царквы Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён набыло асобны будынак у Менску — на вул. Велазаводскай, 8. Ён ня будзе мець статусу храму — бліжэйшы храм у Кіеве. Цяпер у будынку рамонт. Як адрамантуюць, менская абшчына падпіша дамову арэнды й падасьць запыт у Менгарвыканкам на дазвол праводзіць там набажэнствы. Пра гэта Свабодзе сказаў пастар Васіль Юрэвіч.

Нядзельная служба ў мармонаў складаецца з трох частак. Спачатку вернікі сядзяць у агульнай залі: моляцца, сьпяваюць, слухаюць выступоўцаў. Пасьля разыходзяцца па сэкцыях, у кожнай зь якіх абмяркоўваюць сваю тэму. На заканчэньне паасобку зьбіраюцца мужчыны й жанчыны. Вернікі вывучаюць сьвятыя пісаньні сваёй царквы — Біблію, Кнігу Мармона, «Вучэньні й Запаветы», «Каштоўную жамчужыну», а таксама вучэньні кіраўнікоў царквы. Цяпер яны арандуюць памяшканьне ў бізнэс-цэнтры на пр. Машэрава, 76а.

Бізнэс-цэнтар на пр. Машэрава, 76а
Бізнэс-цэнтар на пр. Машэрава, 76а

Царкву Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён заснаваў амэрыканец Джозэф Сьміт у 1830 годзе. Ён казаў, што бачыў Бога-Айца й Хрыста ды пачуў ад іх, што ўсе цэрквы ня ёсьць сапраўднымі. А пазьней ад анёла Маронія даведаўся пра схаваную ў штаце Нью-Ёрк Кнігу Мармона — летапіс пра тры групы людзей, якія нібыта прыплылі ў Амэрыку з Блізкага Ўсходу. У кнізе таксама гаворыцца, што Хрыстос наведаў амэрыканцаў у 33 ці 34 годзе. Мармоны лічаць сябе хрысьціянамі, але асобнымі ад пратэстантаў, каталікоў і праваслаўных.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG