Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя злавіла «круцякоў» на квадрацыклах. Яшчэ да заявы Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка на квадрацыкле на полі ў ААТ «Александрыя», 18 жніўня 2017 году

У час паседжаньня Савету бясьпекі Беларусі 13 лютага Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў жорсткага пакараньня для тых, хто езьдзіць на квадрацыклах і сьнегаходах па сельскагаспадарчых палетках. Усё рашэньне пытаньня, казаў ён, гэта «пакараць і забраць іхныя транспартныя сродкі».

«Пытаньне да міністра ўнутраных спраў адно: калі будзе наведзены парадак? — казаў Аляксандар Лукашэнка. — Парадак ва ўсім, каб мне не адпісваў, што там некаторыя „круцякі“ у нас зьявіліся. Гэта ж ня дзеці простых людзей. А самі крутыя і іхныя дзеткі сёньня на квадрацыклы, сьнегаходы і пайшлі па азімых, па палях, на што я зьвяртаў увагу, а вы мне адпіскі пішаце».

Войска кепска працуе з салдатамі, «круцякоў» на квадрацыклах трэба караць, сьвет у кроку ад вайны. 10 цытатаў Лукашэнкі з паседжаньня

Упраўленьне ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму 13 лютага паведаміла, што такіх «круцякоў» злавілі яшчэ да таго, як Лукашэнка абураўся непарадкам. 10–11 лютага былі праведзеныя рэйды, у якіх выявілі чатырох «круцякоў», якія езьдзілі на квадрацыклах і парушалі правілы дарожнага руху або прыродаахоўнае заканадаўства.

Супраць іх пачалі адміністратыўныя працэсы за зьнішчэньне або пашкоджаньне пасеваў (арт. 10.8 КаАП Беларусі), ім пагражае штраф ад 2 да 5 базавых велічыняў (49–122,5 рублі на момант публікацыі), рэкамэндавана запатрабаваць зь іх кампэнсацыю шкоды, іхныя транспартныя сродкі забралі на стаянку пад ахову.

Лукашэнка сам катаўся на квадрацыкле па полі, але скардзіліся не на гэта

Летась 18 жніўня Аляксандар Лукашэнка пракаціўся на квадрацыкле па полі ААТ «Александрыя». З афіцыйных фота і відэа бачна, што ён ехаў па зжатым полі ўздоўж яшчэ не прыбранага поля. Ці псаваў ён ураджай, зь відэа і фота незразумела. Ніхто на дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі ня скардзіўся.

Але, калі верыць успамінам былога амбасадара Беларусі ў Японіі Пятра Краўчанкі, ў 1998 годзе ў японскім Нагана падчас Алімпійскіх гульняў на Лукашэнку выклікалі паліцыю, калі ён на лыжах заехаў на прыватныя рысавыя палі.

Аляксандар Лукашэнка і яго сын Мікалай едуць на камбайне ў ААТ «Александрыя», 18 жніўня 2017 году
Аляксандар Лукашэнка і яго сын Мікалай едуць на камбайне ў ААТ «Александрыя», 18 жніўня 2017 году

У той жа дзень, калі Аляксандар Лукашэнка катаўся на квадрацыкле ў «Александрыі», ён езьдзіў на камбайне разам з сынам Мікалаем, прычым 12-гадовага Мікалая дапусьцілі да кіраваньня машынай, хоць ён ня мае права кіраваць камбайнам. Праваабаронцы зьвярталіся ў Мінпрацы, МУС і Адміністрацыю прэзыдэнта са скаргамі на гэта, але дзяржаўныя органы адмовіліся паведаміць, на якой падставе непаўнагадовага дапусьцілі кіраваць камбайнам (і паказалі гэта ў дзяржаўных СМІ).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG