Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банкі выдалі насельніцтву ў паўтара раза больш крэдытаў і прапанавалі зьмяніць умовы ўкладаў

  • БелаПАН

Ілюстрацыйнае фота

Аб’ём крэдытаў, выдадзеных банкамі на спажывецкія патрэбы за 9 месяцаў гэтага году, павялічыўся на 48,8% — пра гэта сьведчаць зьвесткі Нацбанку. Камэрцыйныя банкі Беларусі ініцыююць перагляд дзейных умоваў прыцягненьня банкаўскіх укладаў насельніцтва.

Аб’ём крэдытаў, выдадзеных сёлета за 9 месяцаў, павялічыўся на 48,8%

Аб’ём крэдытаў, выдадзеных банкамі на спажывецкія патрэбы за дзевяць месяцаў гэтага году, павялічыўся на 48,8% — пра гэта сьведчаць зьвесткі Нацыянальнага банку. Паводле прагнозаў эканамістаў, рост аб’ёмаў спажывецкага крэдытаваньня будзе працягвацца.

Як паведамляе БелаПАН, найбольшыя аб’ёмы спажывецкіх крэдытаў выдаюць «Пріорбанк», «Беларусбанк» і «МТБанк» — на іх долю прыпадае каля 40% крэдытаў, выдадзеных насельніцтву на спажывецкія патрэбы.

На 1 кастрычніка запазычанасьць фізычных асобаў па спажывецкіх крэдытах склала рэкордныя 2,56 млрд рублёў. З пачатку гэтага году паказчык запазычанасьці вырас на 868,6 млн рублёў, або на 48,8%.

Банкіры таксама канстатуюць ўстойлівы рост попыту насельніцтва на такія крэдыты.

«Насельніцтва ня хоча зьніжаць узровень спажываньня, таму істотнае зьніжэньне працэнтных ставак на крэдыты прыводзіць да росту попыту на гэтыя прадукты. Працэнтныя стаўкі па крэдытных рэсурсах працягваюць ісьці ўніз, і гэта толькі разагравае рынак спажывецкага крэдытаваньня», — растлумачыў БелаПАН прадстаўнік банкаўскіх колаў.

Банкі прапануюць зьмяніць умовы прыцягненьня ўкладаў насельніцтва

Камэрцыйныя банкі Беларусі ініцыююць перагляд дзейных умоваў прыцягненьня банкаўскіх укладаў насельніцтва. Банкаўская супольнасьць ужо выказала ў пісьмовай форме сваё меркаваньне, і цяпер яе ініцыятыву павінен разгледзець Нацбанк.

Банкі, у прыватнасьці, прапануюць адмяніць нарматыў суадносінаў прыцягнутых сродкаў насельніцтва і актываў з абмежаваным рызыкай (да іх адносяцца наяўныя грошы ў касе банкаў, сродкі на карэспандэнцкіх рахунках, міжбанкаўскія крэдыты, а таксама іншыя найбольш ліквідныя актывы). Гэты нарматыў быў уведзены ў 2007 годзе, каб банкі маглі апэратыўна задавальняць патрабаваньні ўкладчыкаў, якія тады атрымалі права забіраць свае зьберажэньні з банкаў на працягу пяці рабочых дзён.

Паводле інфармацыі БелаПАН, у кастрычніку банкі выступілі з ініцыятывай аб адмене (альбо пераглядзе) дзейнага нарматыву. Як адзначаюць банкіры, за апошнія два гады істотна павялічылася доля безадзыўных дэпазытаў, уведзеных у 2015 годзе, і цяпер ўкладчыкі ў шэрагу выпадкаў ня маюць магчымасьці ў любы момант забраць уклады з банкаў, таму цяпер гэты нарматыў у цэлым састарэў.

На думку банкіраў, сучасная практыка нэгатыўна ўплывае на прыбытковасьць банкаў, якія адначасова з захаваньнем нарматыву павінны забясьпечваць даходнасьць па ўкладах насельніцтва на ўзроўні 0,7-0,9 стаўкі па крэдытах «оўвэрнайт» (аднадзённыя крэдыты, як правіла, міжбанкаўскія. — РС). У такім выпадку «банк атрымлівае нулявую альбо адмоўную даходнасьць», — канстатуюць у банках.

Там таксама зьвяртаюць увагу на тое, што зьніжэньне ў краіне долі наяўных плацяжоў вядзе да росту рэшткаў на бягучых рахунках насельніцтва, якія зьяўляюцца ўкладамі да запатрабаваньня. Адпаведна, калі аб’ём укладаў насельніцтва зраўняецца з памерам актываў з абмежаванай рызыкай, то банк будзе вымушаны ў мэтах выкананьня дзейнага нарматыву адмовіцца альбо ад далейшага разьвіцьця безнаяўных плацяжоў, альбо ад прыцягненьня тэрміновых укладаў насельніцтва.

«Для дзяржавы карысна, калі насельніцтва павялічвае памер зьберажэньняў у банках. Гэта і падушка бясьпекі для самога насельніцтва, і рэсурсы для крэдытаваньня эканомікі. Таму неабходна стымуляваць рост дэпазытаў насельніцтва, а дзейны нарматыў суадносін прыцягнутых сродкаў насельніцтва і актываў банкаў з абмежаваным рызыкай абмяжоўвае гэты працэс», — растлумачыў БелаПАН сябра праўленьня аднаго з банкаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG