Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы сплацілі рэкордную суму падаткаў Літве


Рэкордная колькасьць кампаніяў зь беларускім капіталам увайшла ў топ-500 найбуйнейшых падаткаплатнікаў Літвы за 9 месяцаў гэтага году.

Як паведамляе Zautra.by, рэйтынг апублікавала Дзяржаўная падатковая інспэкцыя (VMI) пры Міністэрстве фінансаў Літвы.

Лідэрам у аб’ёмах адлічэньняў у казну Літвы стала кампанія Yukon Advanced Optics Worldwide. Кампанія-распрацоўнік, вытворца і дыстрыбутар аптычных прыбораў, створаная беларусам Аляксандрам Альшэўскім, заняла па выніках студзеняверасьня 2017 году 201-е месца. Yukon Advanced Optics Worldwide, галаўны офіс якой з пачатку 2010-х гадоў разьмяшчаецца ў Вільні, заплаціла ў літоўскі бюджэт 2 млн 919 тыс. эўра.

Даччыная кампанія аднаго з найбуйнейшых усясьветных вытворцаў кармоў для жывёл групы кампаній «Садружнасьць», заснаваная ў 1994 годзе грамадзянамі Беларусі Аляксандрам і Натальляй Луцэнкамі, у рэйтынгу літоўскіх падаткаплатнікаў стаіць на 245-м радку. Па выніках 9 месяцаў кампанія заплаціла ў літоўскую казну 2 млн 458 тыс эўра.

Трэцім па аб’ёме пералічэньняў суб’ектам гаспадараньня зь беларускім капіталам стаў клайпэдзкі тэрмінал сыпкіх грузаў Biriu Kroviniu Terminalas. Кампанія, якая заняла ў рэйтынгу 288-е месца з сумай падаткаў 2 млн 198 тыс эўра, уваходзіць у лік найбуйнейшых інфраструктурных бізнэсаў Літвы. 30% яе акцыяў належыць «Беларуськалію».

Нарэшце, яшчэ адзін беларускі прадстаўнік у гэтым сьпісе — разьмешчаны ў Шаўляі Prekybos namai BMZ-Baltija (Гандлёвы дом «БМЗ-Балтыя»). Ён прадстаўляе інтарэсы холдынгу «БМЗ — кіруючая кампанія холдынгу «Беларуская металюргічная кампанія» і пастаўляе мэталапрадукцыю ў Літву, Эстонію, Латвію, Вялікую Брытанію, Ірляндыю, Нарвэгію, Швэцыю, Фінляндыю, Ісьляндыю, Данію і Нямеччыну. Гандлёвы дом заняў 369-ы радок з сумай выплат 1 млн 737 тыс эўра.

Сёлета гандлёвы дом «БМЗ-Балтыя» апынуўся ў цэнтры ўвагі СМІ і беларускіх рэгулятараў ў сувязі з тым, што ў траўні паказаў самы высокі сярэдні заробак у Літве — 28 тысяч 490 эўра. У яго былі ўключаныя прадугледжаныя па выніках 2016 году бонусы. Такімі высокімі даходамі мэнэджараў гандлёвага дому зацікавіліся «беларускія кампэтэнтныя органы», і ў выніку бонусы былі вернутыя ў Беларусь. Яны пайшлі на падтрымку хакейнага клюбу «Мэталюрг» са Жлобіну.

У параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году, Sodrugestvo Baltija і Biriu Kroviniu Terminalas пагоршылі свае пазыцыі. Па выніках 9 месяцаў 2016 году яны займалі адпаведна 173-е (аб’ём выплат 3 млн 37 тыс. эўра) і 198-е (2 млн 716 тыс. эўра) месцы. Падняўся ў рэйтынгу толькі Yukon Advanced Optics Worldwide, які раней быў на 285-м месцы з сумай 2 млн 58 тыс. эўра. Гандлёвы дом «БМЗ-Балтыя» не ўваходзіў у топ-500 па выніках студзеняверасня 2016 году.

Найбуйнейшымі падаткаплатнікамі Літвы за 9 месяцаў 2017 году сталі нафтавая кампанія ORLEN Lietuva (222 млн 911 тыс. эўра), нафтапрадуктавая Okseta (150 млн 822 тыс. эўра), тытунёвая Philip Morris Baltic (145 млн 173 тыс. эўра) і ўладальнік сеткі прадуктовых крамаў Sanitex (102 млн 466 тыс. эўра).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG