Дзясяткі тысяч чалавек у Краіне Баскаў, якая ў складзе Гішпаніі, узяліся за рукі ў жывым ланцугу працягласьцю 202 км у нядзелю, 10 чэрвеня, каб заявіць аб праве на рэфэрэндум аб незалежнасьці, піша Reuters. Відэа акцыі перадаў Euronews.
Падобную акцыю ладзілі недалёка ад Беларусі ў 1989 годзе — жыхары Літвы, Латвіі і Эстоніі сталі ў жывы ланцужок у бяз малага 600 км, злучыўшы сталіцы сваіх краінаў «Балтыйскім шляхам». Акцыя была прымеркаваная да 50-годзьдзя падпісаньня савецка-нацысцкага пакту Молатава-Рыбэнтропа, паводле якога тры незалежныя дзяржавы прызнаваліся «сфэрай інтарэсаў» СССР — а пасьля гвалтоўна былі далучаныя да СССР, што ў краінах Балтыі лічаць акупацыяй.
Канстытуцыя Гішпаніі 1978 году, створаная пасьля падзеньня дыктатуры Франка, называе краіну непадзельнай і не дае права выхаду нейкай часткі зь яе складу – леташняя спроба Каталёніі правесьці рэфэрэндум аб незалежнасьці наткнулася на жорсткі супраціў Мадрыду, у тым ліку фізычныя перашкоды ў правядзеньні галасаваньня і судовы перасьлед лідэраў сэпаратыстаў.
У Краіне Баскаў, якая як і Каталёнія мае ўласную мову і культуру, большасьць не падтрымлівае аддзяленьня ад Гішпаніі, але многія лічаць, што людзям трэба даць права голасу.
Новы прэм’ер Гішпаніі ўжо казаў, што гатовы да перамоваў зь лідэрамі Каталёніі — гэта можа быць добрым знакам і для баскаў.
Тым часам леварадыкальныя арганізацыя баскаў-сэпаратыстаў ETA, якая на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў вяла ўзброеную барацьбу за незалежнасьць Краіны Баскаў ад Гішпаніі і Францыі, тыдзень таму абвясьціла аб самароспуску і спыненьні палітычнай дзейнасьці, бо «народ баскаў жывы і гатовы ўзяць свой лёс у свае рукі».