Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Востраў незалежнасьці: чаму Грэнляндыя можа аддзяліцца ад Даніі


Пасьля няўдалай спробы незалежнікаў у Каталёніі жыхары Грэнляндыі працягваюць сваю барацьбу за незалежнасьць. На думку жыхароў востраву і палітыкаў, аддзяленьне для іх непазьбежна.

Але калі Каталёнія хацела выйсьці са складу Гішпаніі таму, што тэрыторыя плаціць занадта шмат падаткаў фэдэральнаму цэнтру, Грэнляндыя, наадварот, атрымлівае ад Даніі больш за палову свайго бюджэту. Гэтак піша ў суботу, 21 красавіка, газэта Le Monde і задаецца пытаньнем: навошта Грэнляндыі незалежнасьць і як рэгіён будзе забясьпечваць сябе пасьля аддзяленьня?

Ужо ў аўторак, 22 красавіка, у Грэнляндыі пройдуць выбары ў рэгіянальны парлямэнт. З 58 000 жыхароў прыкладна 40 000 валодаюць выбарчым правам. У гэтым годзе ў галасаваньні возьмуць удзел 7 партыяў — рэкордная колькасьць для востраву. Газэта Le Monde удакладняе, што зь іх шэсьць выступаюць за незалежнасьць, а сёмая партыя набярэ, паводле папярэдніх ацэнак, ня больш за 3 працэнты галасоў.

Як пішуць журналісты, ідэя аб незалежнасьці зьявілася яшчэ ў 1979 годзе, калі быў прыняты закон аб так званай «унутранай аўтаноміі». Ён стварыў рэгіянальны парлямэнт і даў уладам востраву значную свабоду ў зборы падаткаў, а таксама ў пытаньнях культуры, адукацыі, паляваньня і рыбалкі. У 2008 годзе прайшоў рэфэрэндум наконт закону аб самакіраваньні — 75 працэнтаў насельніцтва прагаласавала за тое, каб жыхары Грэнляндыі маглі абвясьціць аб сваёй незалежнасьці ў любы момант. Для гэтага ім трэба толькі набраць большасьць на рэфэрэндуме аб незалежнасьці востраву. Гэты рэфэрэндум парлямэнт можа абвясьціць самастойна. Сама Данія прызнала закон аб самакіраваньні, гэта значыць ня будзе выступаць супраць абвяшчэньня незалежнасьці.

Рознагалосьсі паміж Капэнгагенам і Нуукам, сталіцай Грэнляндыі, абвастрыліся ў канцы 2017 году. Як піша Le Monde, тады былы міністар працы Віітус Куяўкітсок падаў скаргу на ўрад Даніі ў ААН. Паводле яго вэрсіі, Капэнгаген не абмяжоўвае забруджваньне востраву з боку амэрыканскіх вайскоўцаў. Трывогу ў мясцовых уладаў выклікае закінутая база Camp Century, якую пабудавалі ў тоўшчы ледніка. Там могуць утрымлівацца радыеактыўныя воды, якія раней выкарыстоўваліся для астуджэньня атамнага рэактару.

Грэнляндыя пацярпела ад забруджаньня амэрыканскімі вайскоўцамі яшчэ ў мінулым стагодзьдзі. У 1968 годзе амэрыканскі ядзерны бамбавік Б-52, на борце якога была тэрмаядзерная бомба, пацярпеў катастрофу на востраве. І хоць выбуху і не адбылося, радыеактыўны фон на востраве павысіўся. Некалькі мясцовых жыхароў загінулі ад прамянёвай хваробы.

«Незалежнасьць востраву — гэта пытаньне часу»

Вайсковая база — адна з асноўных прычын, якія тлумачаць жаданьне Грэнляндыі аддзяліцца. Акрамя таго, у ёй некаторыя партыі бачаць і вырашэньне галоўнай праблемы незалежнасьці. Больш за палову гадавога бюджэту, гэта значыць 500 мільёнаў эўраў, складаюць субсыдыі Даніі, і ў выпадку аддзяленьня востраву Капэнгаген спыніць выплачваць гэтыя сродкі.

На думку дэпутатаў, Амэрыка магла б плаціць за сваю вайсковую прысутнасьць. Журналісты адзначаюць, што база ў Грэнляндыі для NATO — ключавы аб’ект сыстэмы ПРА, і Штаты не зьбіраюцца ад яе адмаўляцца. Фінансаваньне з боку альянсу магло б стаць рашэньнем праблемы, бо, згодна з апытаньнем сацыёлягаў, грэнляндцы гатовыя аддзяліцца толькі ў тым выпадку, калі гэта ня зьнізіць іх узровень жыцьця.

Аўтары артыкула сумняваюцца, што амэрыканская субсыдыя можа вырашыць праблемы востраву. Як распавяла Панінгак Тарак-Пэтрусэн, кандыдат на выбарах 24 красавіка, жыхарам Грэнляндыі трэба спачатку заняцца ўнутранымі праблемамі. «Абвяшчаць незалежнасьць тады, калі Грэнляндыя займае другое месца паводле колькасьці суіцыдаў у сьвеце, было б безадказна», — распавяла яна Le Monde. Журналісты пішуць, што на востраве ня вырашаная ні праблема дзіцячага алькагалізму, ні гвалту ў школах, а незалежнасьць Грэнляндыі можа толькі пагоршыць сытуацыю.

Яшчэ адным пытаньнем, якое стаіць перад сэпаратыстамі — удзел Грэнляндыі ў Эўрапейскім зьвязе. Востраў лічыцца заморскай тэрыторыяй Эўропы, і жыхары маюць эўрапейскае грамадзянства. Пры гэтым у саму арганізацыю Грэнляндыя не ўваходзіць. У выпадку аддзяленьня ад Даніі статус востраву застаецца незразумелым.

На думку журналістаў газэты, незалежнасьць востраву — гэта пытаньне часу. Але калі менавіта аддзеліцца Грэнляндыя, невядома. «Адны партыі заяўляюць, што пара аддзяляцца ўжо ў 2021 годзе, іншыя — праз 8-10 гадоў, а некаторыя кажуць пра пакаленьні», — піша Le Monde.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG