Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску паставяць помнік князю Глебу Ўсяслававічу. Хто гэта


Глеб Усяслававіч, князь Менскі. Выява з манэты Нацыянальнага банку Беларусі «Глеб Менскі». Дызайн манэты: Сьвятлана Заскевіч.

Намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму Ігар Юркевіч паведаміў агенцтву «Менск-Навіны» пра рашэньне паставіць ў Менску помнік князю Глебу Ўсяслававічу (Глебу Менскаму) згодна з прапановай Беларускага грамадзкага аб’яднаньня экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Канцэпцыя і месца помніка абмяркоўваюцца.

Глеб Усяслававіч — сын полацкага князя Ўсяслава Брачыслававіча (Усяслаў Чарадзей), з 1101 да сьмерці ў 1119 годзе быў менскім князем, роданачальнік менскага адгалінаваньня Рагвалодавічаў.

Як расказаў Свабодзе гісторык Алег Дзярновіч, можна ўпэўнена сьцьвярджаць, што Глеб Усяслававіч быў першым менскім князем і тым, пры кім Менск як горад набыў «адміністрацыйнае значэньне».

«Князь Глеб вядомы як першы князь Менскага ўдзельнага княства. Ёсьць такая абгрунтаваная вэрсія, што калі адбываліся яго заручыны з Анастасіяй, дачкой уладзімера-валынскага князя Яраполка Ізяслававіча, ягоны бацька Ўсяслаў у сувязі з гэтым вылучыў з полацкай зямлі ў асобны ўдзел Менскае княства.

Тое, што мы ведаем з крыніцаў, — ён быў чалавек амбітны, відавочна рашучы. Вядома, што ён амаль адразу пачаў праводзіць палітыку пашырэньня Менскага княства на ўсход, дзе ягоныя інтарэсы сутыкнуліся з тэрыторыяй Смаленскай зямлі. Ёсьць вэрсія, што сыстэма фартэцыяў, малых замкаў на берагах Дняпра, дзе Ворша і Копысь, узьнікла ў пэрыяд экспансіі Глеба Менскага. На поўдні ягоныя інтарэсы сутыкнуліся зь інтарэсамі кіеўскага князя Ўладзіміра Манамаха. Быў славуты напад на Слуцак, бо дрыгавіцкая зямля была пад кантролем Кіева.

Паўднёварускія князі вяртаюцца зь няўдалага паходу на Менск у 1104 годзе. Выява з Радзівілаўскага летапісу
Паўднёварускія князі вяртаюцца зь няўдалага паходу на Менск у 1104 годзе. Выява з Радзівілаўскага летапісу

Калі вялікая кааліцыя паўднёварускіх і смаленскіх князёў падышла пад Менск, Глеб быў узяты ў палон, дзе і памёр у Кіеве ў 1119 годзе; пахаваны ў Кіева-Пячорскай лаўры. Гэта цікавы эпізод з рэлігійнай гісторыі: ён пакінуў вялікую фундацыю ў Кіева-Пячорскай лаўры, і калі праз 40 гадоў памерла ягоная жонка, яна таксама была пахаваная ў лаўры разам з мужам, побач з магілай заснавальніка гэтай лаўры».

Таксама падобна, што першая менская мураваная царква, якая была ля замчышча, магла ўзьнікнуць або пачаць будавацца пры Глебу Ўсяслававічу, кажа Дзярновіч. Знойдзеныя падмуркі даюць падставы гаварыць, што гэта быў раманскі храм; паводле адной з вэрсіяў, будаваўся з удзелам польскіх майстроў.

Праект рэканструкцыі замчышча і Ніжняга рынку, прапанаваны Таварыствам аховы помнікаў, 2012 год
Праект рэканструкцыі замчышча і Ніжняга рынку, прапанаваны Таварыствам аховы помнікаў, 2012 год

На пытаньне, каго яшчэ зь менскіх гістарычных асобаў варта ўшанаваць, Дзярновіч разважае: род менскіх старастаў Завішаў у XVII-XVIII ст вельмі адчувальна зьмяніў Менск; таксама мэмарыялу варты Галоўны трыбунал Вялікага Княства, які быў на менскім замку — Менск быў адной з «трыбунальскіх сталіцаў», па чарзе адна сэсія праходзіла ў Вільні, другая — у Менску ці Наваградку.

Помнік савецкаму міліцыянту ў форме царскага паліцыянта? Што можа быць лепей

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG