Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На месцы Менскага замчышча прапанавалі паставіць макет замку. «Альтэрнатыва» зьбірае подпісы


Збор подпісаў за ўсталяваньне макету Менскага замчышча і інфармацыйнай шыльды ў раёне менскай станцыі мэтро «Няміга»

Актывісты грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» пачалі зьбіраць подпісы за ўсталяваньне макету ўмацаваньня і Менскага замчышча ды інфармацыйнай шыльды ў раёне менскай станцыі мэтро «Няміга», побач з гістарычным замчышчам.

Цяпер над пахаванымі пад зямлёй аб’ектамі няма амаль ніякіх прыкметаў, што ў другой палове XI стагодзьдзя тут збудавалі драўляны замак на магутным земляным валу і што ўмацаваньні зьберагаліся да XVIII стагодзьдзя.

Подпісы будуць зьбіраць два тыдні ў раёне Нямігі і Верхняга гораду, таксама плянуюць пакінуць падпісныя лісты ў офісах дэмакратычных арганізацыяў, «Галерэі Ў» і «Арт Сядзібе».

«Мы зыходзім у першую чаргу з таго, што ў бліжэйшы час ня будзе ажыцьцяўляцца праект адраджэньня самога замкавага комплексу ў сувязі з эканамічнай сытуацыяй, — тлумачыць Свабодзе кіраўнік „Альтэрнатывы“ Алег Корбан. — Мы лічым, што з дапамогай гэтага захаду менчукі і госьці Менску пашыраць веды аб нашай гісторыі і культуры, ён пазытыўна паўплывае на ўмацаваньне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, узвысіць дух патрыятызму».

Збор подпісаў за ўсталяваньне макету Менскага замчышча і інфармацыйнай шыльды ў раёне менскай станцыі мэтро «Няміга»
Збор подпісаў за ўсталяваньне макету Менскага замчышча і інфармацыйнай шыльды ў раёне менскай станцыі мэтро «Няміга»

Корбан мяркуе, што такі макет можна зрабіць памерам 1–2 м у вышыню і да 5 м у шырыню. У прыклад ён прыводзіць макеты вакзальнай плошчы і чыгуначных маршрутаў на вакзале ў Вільні. Корбан згадвае, што на Менскім замчышчы ў 1980-я былі археалягічныя раскопкі, у часе якіх высьветлілася, як выглядала брама замчышча, а таксама што замак меў адну вежу, а ня дзьве. Па выніках раскопак быў зроблены прыблізны плян выгляду замку.

«Макет мог бы перадаць тую архітэктуру, дух месца», — кажа Корбан.

Больш радыкальныя праекты — не пры гэтай уладзе. Бо шклопакеты

Раней ня раз прапаноўваліся праекты адбудовы цэлага замчышча або яго фрагмэнтаў у тым ці іншым выглядзе. У 2012 годзе дзяржаўная прэса паведамляла, што спартовая заля «Працоўныя рэзэрвы», што стаіць на месцы замчышча, будзе зьнесеная, а на яе месцы пабудуюць музэйны комплекс і драўляныя макеты пабудоваў «у натуральную велічыню», а таксама адновяць першую мураваную царкву гораду, што стаяла на тым месцы. Але за пяць год спартовую залю нават не пачалі зносіць.

Ці варта адбудоўваць замак на гістарычным падмурку з нуля і ці варта ажыцьцяўляць іншыя «радыкальныя» праекты накшталт рэстаўрацыі «Пішчалаўскага замку» (СІЗА № 1 на Валадарскага) і пераўтварэньня яго ў музэй або, напрыклад, адбудовы з руінаў Наваградзкага ды іншых замкаў Корбан кажа — так, але не цяпер:

Гэта было б цікава, але не пры сёньняшняй уладзе, улічваючы традыцыю яе стаўленьня да гісторыка-культурных каштоўнасьцяў

«Мне падаецца, што такія ідэі даволі цікавыя і патрэбныя, было б добра гэта ўсё аднавіць, бо шмат якія руіны сёньня засыпаныя зямлёй ці бэтонам.

Гэта было б цікава, але не пры сёньняшняй уладзе, улічваючы традыцыю яе стаўленьня да гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Напрыклад, у Мірскім замку цяпер можна пабачыць шклопакеты, што ніяк не стасуецца зь яго гісторыяй. Таму можна скептычна ставіцца да таго, як выглядаў бы ўзноўлены замак, калі за яго ўзяліся б улады.

Як улады ставяцца да гістарычнай спадчыны ў цэнтры Менску?

Няхай гэта застанецца як ёсьць да лепшых часоў, калі ва ўладзе будуць больш актыўныя і больш дэмакратычныя чыноўнікі, а таксама калі будзе больш фінансавых сродкаў, каб запрасіць экспэртаў з замежжа.

Але мы зыходзім з таго, што нешта рабіць усё ж трэба, таму ў сёньняшняй фінансавай і, можа, палітычнай сытуацыі можна зрабіць такі макет з інфармацыйным стэндам ці шыльдай».

XS
SM
MD
LG