Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік крычаўскай вэртыкалі застаўся на пасадзе. Аблвыканкам не падтрымаў адстаўку


Крычаў, старшыня Крычаўскага райвыканкаму Васіль Сысоеў

Магілёўскі аблвыканкам не знайшоў падставаў адправіць у адстаўку старшыню Крычаўскага райвыканкаму Васіля Сысоева. Зварот за адстаўку чыноўніка падпісалі 418 жыхароў раёну. На думку незадаволеных грамадзянаў, Сысоеў не дае рады сваім абавязкам.

У звароце сьцьвярджалася, што за час кадэнцыі Сысоева стан мясцовай эканомікі і сацыяльнай сфэры пачаў «пагаршацца імклівымі тэмпамі». Кіраўніка раённай вэртыкалі вінавацілі ў спыненьні прадпрыемстваў, на якіх трымалася эканоміка раёну. Настойвалі, што амаль усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы пад пагрозай банкруцтва. Скарачаецца колькасьць камэрцыйных арганізацыяў і прадпрымальнікаў, а кіраўніцтва раёну ня робіць «адэкватных і эфэктыўных захадаў у пытаньнях працаўладкаваньня грамадзян».

У адказе на зварот жыхароў Крычаўшчыны ацэнка дзейнасьці Васіля Сысоева на пасадзе кіраўніка раёну не даецца. У лісьце, які падпісаў намесьнік старшыні аблвыканкаму Дзьмітры Харытончык, адзначаецца, што кіраўніцтва раёну робіць захады, каб ліквідаваць нэгатыўныя тэндэнцыі 2016 году. Яны, паводле Харытончыка, дазволілі раёну ўзьняцца «ў рэйтынгу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэгіёнаў Магілёўскай вобласьці з 20-га на 14-е месца».

У 2017 годзе, напісана ў лісьце з аблвыканкаму, аказана садзейнічаньне ў працаўладкаваньні 654 грамадзянам. Згаданы ў лісьце і ўказ Аляксандра Лукашэнкі «Аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласьці». Дзякуючы гэтаму ўказу, напісаў Харытончык, у раёне зарэгістраваныя 25 прадпрыемстваў.

«Улада ня хоча ствараць прэцэдэнт, каб кадравыя пытаньні вырашаў народ. Улада пакідае за сабой права, каго і куды прызначаць», — камэнтуе рэакцыю аблвыканкаму і раённага савету на зварот жыхароў Крычаўшчыны адзін з ініцыятараў кампаніі за адстаўку чыноўніка Сяргей Няроўны.

«Калі б улада паддалася ціску грамадзкасьці і Сысоева зьнялі, то падобныя кампаніі маглі б пачацца ў іншых раёнах, бо незадаволенасьць мясцовымі ўладамі існуе ня толькі ў Крычаве, — адзначае актывіст. — Калі ўлада даведалася пра нашу ініцыятыву, то разварушылася. Чынавенства пачало шукаць станоўчыя тэндэнцыі і спрабаваць выправіць сытуацыю з эканомікай у раёне. Хоць, зразумела, яны гэтага ніколі не прызнаюць, але ў лісьце апраўдваюццца. Улада як можа ратуе Сысоева».

Разгледзеў зварот жыхароў Крычаўшчыны і прэзыдыюм раённага савету. Дэпутаты адзначылі, што прымаць рашэньне пра адстаўку кіраўніка раённай вэртыкалі ня ў іхнай кампэтэнцыі — яго прымае старшыня аблвыканкаму. На пасяджэньні ініцыятараў кампаніі вінавацілі ў тым, што яны «намагаюцца разгайдаць стабільную сытуацыю ў раёне».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG