Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раённы ідэоляг ухваліў расейскі сьцяг над помнікам івацэвіцкім маракам


22 ліпеня ў Івацэвічах урачыста адкрылі помнік мясцовым жыхарам, якія служылі ў вайскова-марскім флёце. Перад урачыстай цырымоніяй побач з помнікам былі ўзьнятыя тры сьцягі — у цэнтры дзяржаўны Рэспублікі Беларусі, паабапал — дзяржаўны расейскі трыкалёр і сьцяг вайскова-марскога флёту СССР.

Намесьнік старшыні па ідэалёгіі Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандар Велікаселец гэтак патлумачыў карэспандэнту Свабоды зьяўленьне побач з афіцыйным сьцягам Беларусі двух іншых.

«Наконт расейскага сьцяга — гэта была іхная ініцыятыва, тых хлопцаў, якія ініцыявалі ўсталяваньне помніку. Таму нічога кепскага ня бачу, тым больш у нас саюзная дзяржава. Хлопцы запрасілі маці Дудко, які загінуў на падводнай лодцы „Курск“, запрасілі вайсковых аташэ зь Менску, тыя папрыяжджалі. Запрасілі нашых маракоў — быў контар-адмірал, было шмат капітанаў першага рангу — палкоўнікаў па-нашаму: зь Берасьця, зь Менску. Яны тут ня першы раз, грошы дабрачынныя зьбіралі на помнік. Ну і падзейнічала тое, што Расея стала правапераемніцай усяго гэтага флёту. Але гучаў гімн Беларусі, прагучала, што гэты помнік— маракам-ураджэнцам Беларусі. Таму навошта гэта: ай-яй-яй — расейскі сьцяг узьнялі! І што тут такога? А што вайскова-марскі сьцяг СССР, дык яны ўсе пад ім плавалі — як інакш. Тысячы нашых землякоў служылі ў тым савецкім флёце, толькі адміралаў —выхадцаў зь Беларусі было 70 чалавек, прагучала такая лічба», — сказаў Свабодзе Аляксандар Велікаселец.

Таксама чыноўнік патлумачыў, чаму на адкрыцьці помніку быў дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусі.

«Наколькі ведаю, ёсьць рэглямэнт выкарыстаньня нашай дзяржаўнай сымболікі, там усё прапісана. Як быць, калі два ці больш сьцягоў, дзе разьмясьціць наш дзяржаўны. Што трэба ў цэнтры, на самым бачным месцы. Даўно ў закон глядзеў, але гэта памятаю. Мы ўсё гэтак і зрабілі».

Падчас цырымоніі адкрыцьця помніку івацэвіцкім маракам таксама выступіў мясцовы сьвятар РПЦ а. Грыгорый, які назваў усіх прысутных «рускімі». Намесьнік старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандар Велікаселец пракамэнтаваў выказваньне сьвятара.

«Гэта пазыцыя праваслаўнай царквы. Я не такой пазыцыі. Але тут бацюшка, відаць, меў на ўвазе, што калі хрысьціянства прымалася, здаецца, у 988 годзе, дык была адзіная Русь, яшчэ тая Русь. Ну, вырашылі яны асьвяціць гэты манумэнт. І добра».

Намесьнік старшыні райвыканкаму ня змог сказаць, колькі каштаваў помнік, пастаўлены ў суботу ў Івацэвічах. Паводле Аляксандра Велікасельца, пакрыцьцё выдаткаў узялі на сябе ініцыятары. Пакуль спадар Велікаселец ня ведае, на чый балянс патрапіць новы помнік, але мяркуе, што гэтае пытаньне абавязкова разьвяжуць.

«Так, трэба, каб помнік быў на балянсе. Можа ня гораду, але ЖКГ», — сказаў Свабодзе Аляксандар Велікаселец з Івацэвіцкага райвыканкаму.

Зьяўленьне расейскага трыкалёру на адкрыцьці помніку маракам у Івацэвічах, а таксама некаторыя словы а. Грыгорыя выклікалі шэраг нэгатыўных камэнтароў у інтэрнэце.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG