Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Таня з Івацэвічаў рыхтуе ў Эўропе «славянскую вясну»


Беларуска стала нявестай уплывовага «ультраправага» троля Джэка Пасобека, за якім пільна сочаць амэрыканскія мэдыі. Спачатку іх абʼяднала любоў да «Гульні тронаў». Але дзякуючы прэзыдэнцкім выбарам Пасобек трапіў у вялікую палітыку. Сёньня яго абвінавачваюць у стварэньні фэйкавых навінаў, называюць галоўным распаўсюднікам MacronLeaks. Цяпер у Пасобека і ягонай нявесты зь Беларусі новы праект. У сваіх твітэр-акаўнтах яны анансуюць SlavSpring — «славянскую вясну».

Ад «Гульні тронаў» да MacronLeaks

Джэк Пасобек кажа, што працуе ў «сапраўднай журналістыцы — часткова расьсьледавальніцкай, часткова актывісцкай, часткова камэнтатарскай». Але ў амэрыканскіх мэдыях пра яго пішуць як пра ультраправага троля і прапагандыста фэйкавых навінаў.

Пасобеку 33 гады. Раней ён вёў блог пра «Гульню тронаў», потым служыў у марской пяхоце. У 2016 годзе ён далучыўся да буйнога грамадзкага руху ў падтрымку кандыдата ў прэзыдэнты Дональда Трампа. Быў там праектным дырэктарам. Пасьля пасьпяховай прэзыдэнцкай кампаніі Джэк пачаў працаваць на правае канадзкае выданьне The Rebel — узначальваў бюро ў Вашынгтоне.

Джэк Пасобек
Джэк Пасобек

Пасобек часта трапляў у цэнтар увагі СМІ з нагоды фэйкавых навінаў. Маючы больш за 130 тысяч падпісчыкаў у твітэры, Пасобек актыўна пісаў пра Pizzagate. Так распаўсюджвалася інфармацыя пра тое, што Гілары Клінтан кіруе крамамі, якія прыкрываюць дзіцячую прастытуцыю. Газэта The Washington Post пісала пра былога ратавальніка са штату Паўночная Караліна. Паверыўшы ў чуткі пра дзіцячую прастытуцыю, Эдгар Ўэлш (Edgar Welch) прыехаў у адну з названых піцэрый. Сховішча зь дзецьмі ён не знайшоў і пачаў страляць у памяшканьні. Ніхто не пацярпеў.

Потым Buzzfeed зрабіла расьсьледаваньне пра тое, што Пасобек сам задумаў і прынёс на антытрампаўскую дэманстрацыю плякат «Згвалтуй Мэланію» (жонку Дональда Трампа. — РС). У якасьці доказу Buzzfeed прыводзіць ліставаньне паміж Джэкам і сваёй крыніцай.

Самы вядомы скандал, зьвязаны з Пасобекам, — MacronLeaks. За два дні да прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі ў сеціве зьявіліся файлы і перапіска кандыдата Эмануэля Макрона. Прычым сапраўдныя файлы былі перамяшаныя з фэйкавымі. Пасобек быў першым, хто запусьціў хэштэг #MacronLeaks. Ён актыўна распаўсюджваў спасылку на непацьверджаныя дакумэнты Макрона.

Падчас расьсьледаваньня на прадмет датычнасьці Пасобека да #MacronLeaks увагу прэсы ўпершыню прыцягнула ягоная дзяўчына — Таня Горбач. Пра яе напісаў The Atlantic.

Джэк і Таня ў Белым доме
Джэк і Таня ў Белым доме

«Пасобек, які называе сябе сябрам руху #SlavRight (гэта літаральна значыць, мы славяне і мы правыя), быў там (у Белым доме. — РС) са сваёй нявестай, якая прадстаўляецца імем Таня Тэй. Тэй сказала мне, што яна з Усходняй Эўропы, з былога СССР; калі я стаў распытваць далей, яна сказала, што прыехала зь Беларусі».

«Гэта ўплыў яе новага бойфрэнда»

Пра Таню вядома няшмат. У фэйсбуку і твітэры яна падпісаная як Tanya Tay. Пад сваім сапраўдным прозьвішчам — Горбач — яна вядзе профілі «Ўкантакце» і ў «Аднаклясьніках». Свабода спрабавала дамовіцца пра інтэрвію зь дзяўчынай, але не атрымала ад яе адказаў. Бацькі таксама адмовіліся гаварыць пра дачку.

Вось што ўдалося высьветліць пра дзяўчыну ад яе знаёмых. Тані 30 год. Яна скончыла ліцэй у Івацэвічах на Берасьцейшчыне. У 2004 годзе паступіла ў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт. У 2007-м паехала ў ЗША па праграме Work and Travel і засталася ў Амэрыцы.

У апошнія гады ў ЗША Таня Горбач працавала ў кампаніі па вытворчасьці замарожаных ягуртаў Red Mango. Была сукіраўніцай сеткі крамаў у штаце Мэрылэнд. Мае амэрыканскае грамадзянства.

Таня скончыла трэці курс Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, калі зьяжджала ў ЗША. Доўгі час не працягвала там вышэйшую адукацыю. У красавіку 2016 году яна вучылася ў Howard Community College. Сommunity сollege у ЗША — гэта дзяржаўныя двухгадовыя каледжы. Ступень бакаляўра ці магістра там атрымаць нельга: дзеля гэтага трэба працягваць навучаньне ва ўнівэрсытэце.

Ад кастрычніка 2015 году Таня вядзе твітэр. Да прэзыдэнцкіх выбараў яна публікавала там толькі фатаздымкі з падарожжаў, апалітычныя дэматыватары і карцінкі на тэму «Гульні тронаў». Але з набліжэньнем дня выбараў яе стужка ператварылася ў палітычную пляцоўку. Таніны знаёмыя, зь якімі гаварыла Свабода, не прыгадваюць, каб яна раней цікавілася палітыкай.

«Было вельмі нечакана пабачыць ад Тані палітычныя пасты, — сказала Свабодзе Таніна знаёмая зь Беларусі. — Асабліва антымігранцкія. Яна ж сама да апошняга моманту была мігрантам. Магчыма, гэта ўплыў яе новага бойфрэнда».

«Мы хадзілі ў Белы дом сёньня»

Таня пазнаёмілася з Джэкам не пазьней за 2015 год. Яны мелі агульны інтарэс — «Гульню тронаў». Абмяркоўвалі яго ў твітэры.

Ад часоў прэзыдэнцкіх выбараў Таня найчасьцей перадрукоўвае Пасобека. Разам зь ім дзяўчына хадзіла на Дэплорабаль — неафіцыйнае сьвяткаваньне перамогі і інаўгурацыі Трампа 19 студзеня 2017 году. Ад таго часу яна амаль паўсюль суправаджае Джэка. Нават ходзіць зь ім у Белы дом.

17 траўня Таня трапіла на прэс-канфэрэнцыю Дональда Трампа і прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана. Галоўнай інфармацыйнай нагодай, якую яна і Джэк абмяркоўвалі пасьля прэс-канфэрэнцыі, стала тое, каму падміргваў прэзыдэнт ЗША.

«Мы хадзілі ў Белы дом сёньня, — казала Таня падчас відэатрансьляцыі ў твітэры. — Мы былі часткай прэсавай групы. Я была ў першым шэрагу. Моцна ўсьміхнулася яму... нічога не магла з гэтым зрабіць. Гэта было настолькі моцнае ўражаньне, што я працягвала ўсьміхацца яму. Ён хутка кінуў на мяне позірк. І вы маглі пабачыць, як увесь ягоны твар зьмяніўся».

Доступ на прэс-брыфінгі ў Белы дом звычайна маюць журналісты. У якасьці каго туды трапіла Таня, невядома. Па ўсім відаць, яна проста суправаджала Джэка.

Час ад часу Таня выступае публічна. Напрыклад, разам з Джэкам яна давала інтэрвію для відэаблогеркі Кары Келемэн (Cari Kelemen). У якасьці палітычнага камэнтатара Таня разважала пра наплыў мігрантаў у Эўропу, амэрыканскіх антыфашыстаў і Джорджа Сораса. Але нават у такіх публічных выступах яна не называе свайго сапраўднага імя і пасады. «Джэк Пасобек з Rebel Media і Таня Тэй», — так была падпісаная пара.

У той жа час многія старыя знаёмыя, хто сочыць толькі за Танінымі старонкамі «Ўкантакце» і ў Фэйсбуку, увогуле ня ведаюць, што дзяўчына трапіла ў «вялікую палітыку».

«Крэмль мог бы спыніць іх, але ня робіць гэтага»

У інтэрвію New York Times Джэк кажа, што працуе ў «сапраўднай журналістыцы».

Пра тое, як шараговыя блогеры трапляюць на палітычную арэну, і ці можна казаць, што Расея наўпрост стаіць за сьпінай ультраправых «журналістаў», Свабода пагаварыла з Эдвардам Лукасам, рэдактарам у брытанскім часопісе The Economist, спэцыялістам па кібэрбясьпецы і палітыцы ва Ўсходняй Эўропе.

Эдвард Лукас
Эдвард Лукас

Па словах Лукаса, фэйкавыя навіны — гэта звычайная дэзынфармацыя і агітпрапаганда, якая мала ў чым зьмянілася з часоў бальшавіцкага перавароту ў 1917 годзе.

«Я лічу, што фэйкавыя навіны ня новыя, — кажа Лукас. — Што мы маем новага — гэта інтэрнэт, які зрабіў іх больш эфэктыўнымі, даў ананімнасьць, усюдыіснасьць, тэрміновасьць. І ўсё гэта па вельмі нізкім кошце».

Па словах Эдварда Лукаса, сёньняшняе грамадзтва па-іншаму ставіцца да традыцыйных мэдыяў, якія 30–40 гадоў таму мелі бясспрэчны аўтарытэт. Людзі ўсё больш скептычна ставяцца да ўсяго, што трансьлююць традыцыйныя мэдыі.

«Вялікая небясьпека, якую мы маем, гэта ананімнасьць, — кажа Лукас. — Калі людзям дазваляюць ствараць незьлічоныя мэдыя-акаўнты і ананімныя электронныя скрыні, пачынаюць працаваць правілы натоўпу. Нехта піша ў твітэры ці ў фэйсбуку штосьці, што ў прынцыпе няпраўда. А потым 10 тысяч ботаў таксама пачынаюць пра гэта пісаць. Гэта стварае ўражаньне, што нешта сапраўды адбываецца».

Ад дэзынфармацыі найбольш церпяць старыя дэмакратыі, асабліва Злучаныя Штаты. На думку Лукаса, інфармацыйныя атакі ў ЗША паказалі слабасьць амэрыканскіх мэдыяў і палітычнай сыстэмы.

Няма сумневу, што на самым высокім узроўні за гэтым стаіць расейская выведка

Калі мэтай інфармацыйных атак становяцца краіны Захаду, ці можна казаць пра «сьлед Масквы»? Эдвард Лукас лічыць, што за атакамі могуць стаяць як расейскія спэцслужбы, так і незалежныя ад Крамля палітыкі і крымінальнікі.

«Няма сумневу, што на самым высокім узроўні за гэтым стаіць расейская выведка. Таксама могуць быць расейцы, якія робяць гэта для сваіх палітычных і крымінальных патрэбаў, і Крэмль закрывае на гэта вочы. Гэта маўклівая падтрымка Крамля. Крэмль можа прыпыніць іх, калі б хацеў таго. Але ён вырашае не рабіць гэтага».

«Апэрацыя» «Славянская вясна» едзе ў Беларусь

29 траўня Паcобека звольнілі з The Rebel. Наперадзе ў пары дзьве важныя падзеі, пра якія вядома зь іхных сацыяльных сетак.

Па-першае, яны заручыліся і зьбіраюцца ажаніцца.

Па-другое, Джэк і Таня абвясьцілі пра свой новы праект #SlavSpring — «славянская вясна». Гэтым летам і ўвосень яны едуць у падарожжа ва Ўсходнюю Эўропу: «каб выкрыць, як Сорас спрабуе паставіць пад кантроль Польшчу і іншыя славянскія нацыі».

Пра праект Джэк падрабязна расказаў на сваім youtube-канале. Ён называе гэта «апэрацыяй «Славянская вясна». На думку Пасобека, па аналёгіі з «арабскай вясной» Джорж Сорас пры падтрымцы ЦРУ хоча захапіць уладу ва Ўсходняй Эўропе.

«І цяпер мы бачым вельмі падобныя рэчы ў Польшчы, Вугоршчыне, Беларусі, Румыніі, многіх іншых краінах. Гэта пачалося ўпершыню ва Ўкраіне, і цяпер гэта выштурхоўваецца вонкі».

Пасобек кажа, што разам са здымачнай групай прыедзе ва Ўсходнюю Эўропу і будзе расьсьледаваць, як Эўразьвяз накідае тамтэйшым краінам сваю палітыку.

«Эўразьвяз сутыкнуўся зь вялікай пагрозай Брэкзіту. Італія вядзе гаворку, каб выйсьці з ЭЗ. Польшча, магчыма, выйдзе з Эўразьвязу праз пытаньне мігрантаў. Яны штрафуюць Польшчу на 2 мільярды даляраў, калі Польшча ня прыме аднаго мігранта. Маё пытаньне — чаму гэта так важна для ЭЗ і Джорджа Сораса, каб Польшча прымала мігрантаў?»

Кажа Пасобек і пра Беларусь — згадваючы навіну пра будаўніцтва лягераў для мігрантаў. У студзені беларускія і замежныя СМІ паведамлялі, што Беларусь зьбіраецца прымаць сырыйскіх уцекачоў. Як потым тлумачылі МЗС і МУС, тут зьбіраюцца будаваць «цэнтры для часовага ўтрыманьня», куды будуць зьмяшчаць затрыманых у Беларусі нелегальных мігрантаў. Гаворкі пра тое, што краіна будзе прымаць уцекачоў з Сырыі ці ўдзельнічаць у пераразьмеркаваньні ўцекачоў з Эўразьвязу, не ідзе.

Але Пасобек працягвае сьцьвярджаць, што Эўразьвяз аплачвае будаўніцтва лягераў для мігрантаў.

«Мы зьбіраемся паехаць, расьсьледаваць гэтыя рэчы, — кажа ён падчас відэатрансьляцыі. — Беларусь нават не ў Эўразьвязе. Дык чаму Эўразьвяз будуе лягеры для мігрантаў у Беларусі? І чаму Беларусь дазваляе гэта?»

Свой праект «Славянская вясна» і Джэк, і Таня актыўна рэклямуюць у сацыяльных сетках.

«Працуем над #SlavSpring. Усе дэталі неўзабаве будуць праанансаваныя», — напісала 6 чэрвеня пра «апэрацыю «Славянская вясна» Таня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG