Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ты беларус, калі разумееш, што бяз мовы ня можа быць краіны — будзе і мова жыць, і краіна разьвівацца». Халера, як жа прыемна ведаць, што такія словы мог сказаць міністар замежных спраў. На падставе сваіх асабістых дзеяньняў. Можна нават расчуліцца. Але ня буду.

Бо што яны азначаюць насамрэч? Што мова жыве наша сяк-так і краіна разьвіваецца вельмі ўмоўна, на паперы. Што чыстай вады праўда. Таму што «богу равные» (як сказаў некалі паэт) не разумеюць такой элемэнтарнай ісьціны. Чаму не разумеюць? Падказка ў словах міністра — «але ўсё павінна ісьці ад душы, ад сэрца». Значыць, душы і сэрца ў іх няма. Альбо яны проста небеларускія. Са штампам «Сделано в СССР». Мала таго, да беларушчыны нярэдка непрыхільныя. Як і належылася сэрцам, зробленым на савецкім канвэеры.

«Усё залежыць ад самога чалавека», дае яшчэ адну падказку міністар. У моўнай справе.

Але калі «усё залежыць ад самога чалавека», гэта датычыць справы прыватнай. Вось мы студэнтамі пачалі зь сябе: у небеларускім горадзе Менск пачалі карыстацца роднай мовай. Пачалі зь сябе. На жаль, празь дзесяцігодзьдзі самыя патрыятычныя, самыя адказныя, самыя сьмелыя чыноўнікі, каб ня даць мове загнуцца, вымушаныя паўтараць нашы студэнцкія ўчынкі.

Таму што насамрэч усё залежыць ад дзяржавы. Але яна крывадушна карыстаецца сваёй назвай, няма ў яе беларускага сэрца, няма душы. Іначай бы не распачала ў 1995-м сапраўдную вайну зь беларускай школай, мовай, зь дзяржаўнымі сымбалямі.

Словы паэта, адрасаваныя ў царскія часы беларускаму народу — «і душу тваю абакралі, у ёй нават мовы няма» — сёньня напрасткі датычаць цяперашняй Рэспублікі Беларусь.

Адзін знаёмы ў вельмі значным веку, які карыстаецца мовай, мне расказваў, што ў 1960-70 гадах у Горадні яму даводзілася сутыкацца зь людзьмі, хто ўпарта размаўляў па-беларуску. Гэта мог быць і доктар, і чыноўнік, інжынэр. Паэтаў я не чапаю. Гэта былі паасобныя людзі, апошнія з магіканаў, але яны былі. Яны адчувалі асабістую адказнасьць за мову, затаптаную, зьняважаную, засунутую ў цёмны кут роднай партыяй і ўрадам. Цяпер плявузгаюць, што так склалася гістарычна — мова не патрэбна, усе размаўляюць па-расейску. Але ж пра гэта дбалі спачатку цары, потым органы. Цяпер людзі ў крэслах. Без душы і сэрца.

Не, і сёньня, як у 1960-я, паасобныя чыноўнікі здольныя на ўчынак, каб асабістым пракладам падтрымаць мову. Але існуюць падводныя камяні. Трэба арыентавацца на ўзровень ведаў начальніка, інакш можна толькі нашкодзіць справе. Увогуле для беларусаў гэта ўласьціва: калі загаварыў на трасянцы, адказвай лепей на трасянцы. Іначай у чалавека можа зьнянацку сапсавацца настрой, ты можаш яго пачаць раздражняць, ён нават сам гэтага напачатку не ўсьвядоміць. Міжволі ўзьнікне штось накшталт рэўнасьці да цябе. Тым больш ня ўцяміш ты сам. Адкуль гэта? Ад агульна невысокіх моўных ведаў, ад зьнікомага ўзроўню распаўсюджаньня мовы ў краіне.

Быў у нас чыноўнік, які нечакана пачаў плянёркі ў аблвыканкаме праводзіць па-беларуску. Без падрыхтоўкі, зыходзячы са сваіх ведаў. Гэта была навіна! Праўда, паасобныя мае калегі неасьцярожна запляскалі: пачалася беларусізацыя вобласьці! Што было, ясна, далёкім ад ісьціны. І чалавек рэзка спыніў плянёркі на беларускай мове. А паасобныя чыноўнікі пачалі на той плянёрцы таксама выступаць на роднай мове. Сэрца маючы і душу. Але прагучала каманда «адбой!»

І сёньня я размаўляю з адным з тых, хто быў адгукнуўся тады душой. Як усё было насамрэч? Паседжаньняў на беларускай мове было, аказваецца, усяго два. Людзі былі непадрыхтаваныя, але раз начальнік пачаў, усе сталі старацца — пык-мык, і выглядалі камэдыйна. Ён так і сказаў: не камічна, а — камэдыйна. Як у кіно.

Мне гэта вядома: калі нашы людзі, скажам, на вуліцы хочуць табе адказаць не па-руску, на языку часам усё што пад руку трапіць. Кактэйль атрымліваецца гарадзенскі. Расейска-польска-беларуская трасянка. І схапіўся наш чыноўнік за гэта як за саломіну — ваша мова больш да польскай падобная, таварышы, таму ён спыняе плянёркі на роднай мове.

Чалавек, зь якім я размаўляў, валодае мовай якраз нармальна, ён мог бы на плянёрках выступаць як мае быць. Аднак, хто ведае, ці не нашкодзіў бы сабе? Вядома, што ўзгаданы вышэй начальнік ня толькі паспрабаваў плянёркі праводзіць на роднай мове, але таксама звольніў з пасадаў двух чалавек, хто карыстаўся моваю. Кіраўніка ўправы культуры і дырэктара аднаго з тэатраў. Такі вынік «добрых намераў». Вельмі па-беларуску атрымалася.

Наогул калі браць тэму асобна — чыноўнік і мова, то душа чыноўніка звычайна ў пятках, а сэрца як палахлівы заяц. Канечне, баяцца цяпер сталі менш, але страх напэўна ж не прайшоў. Так што лепей без душы і сэрца, спакайней.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG