Масавыя пратэсты супраць затрыманьня былога кіраўніка аўтаномнай Каталёніі ў складзе Гішпаніі Карлеса Пудждэмона прайшлі ў некалькіх гарадах рэгіёну 25 сакавіка. Былога кіраўніка Каталёніі маюць судзіць 26 сакавіка ў Нямеччыне, дзе ён быў затрыманы днём раней — Гішпанія абвяcьціла яго ў міжнародны вышук.
Паводле зьвестак Deutche Welle, у пратэстах у Барсэлёне ўзялі ўдзел больш як 50 тысяч чалавек. Мітынгоўцы сабраліся пад будынкам Эўракамісіі, рушылі да генэральнага консульства Нямеччыны, там пачаліся сутыкненьні з паліцыяй — пратэстоўцы сталі закідваць паліцыянтаў падручнымі прадметамі. У сутыкненьнях пацярпелі 92 дэманстранты і 23 паліцыянты, ня менш за чатыры пратэстоўцы затрыманыя.
Паводле каталёнскіх СМІ, пратэсты адбыліся ў іншых гарадах, у прыватнасьці, у Льедзе пацярпелі ад 6 да 8 чалавек.
Яшчэ тры лідэры каталёнскіх сэпаратыстаў тым часам затрыманыя ў Нямеччыне, гішпанскія суды будуць судзіць яшчэ 25 каталёнскіх лідэраў за непадпарадкаваньне цэнтральным уладам, піша Reuters. Масавыя пратэсты супраць гэтага праходзілі яшчэ 23 сакавіка.