Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталёнцы пратэстуюць супраць арышту палітыкаў-незалежнікаў


Пратэст у Барсэлёне 23 сакавіка 2018 году.

У Каталёніі пачаліся акцыі пратэсту ў падтрымку затрыманых палітыкаў. На вуліцы Барсэлёны выйшлі тысячы людзей, якія трымаюць фатаграфіі затрыманых і патрабуюць іх вызваленьня. Акцыі пратэсту пачаліся таксама ў іншых каталёнскіх гарадах.​

Сёньня Вярхоўны суд Гішпаніі прыняў рашэньне арыштаваць пяць каталёнскіх палітыкаў. Сярод арыштаваных — Жордзі Туруль, якога днямі вылучылі на пасаду кіраўніка Каталёніі. Яго вінавацяць у мяцяжы і марнаваньні грамадзкіх фінансаў у сувязі з рэфэрэндумам аб незалежнасьці Каталёніі, які адбыўся летась у кастрычніку.

Мадрыд тады назваў галасаваньне незаконным і ўвёў у Каталёніі прамое кіраваньне. Аднак на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах 21 сьнежня мінулага году перамогу зь невялікай перавагай зноў атрымалі прыхільнікі незалежнасьці рэгіёну.

Жордзі Туруль
Жордзі Туруль

Паводле каталёнскага выданьня La Vanguardia, судзьдзя матываваў арышт вялікай небясьпекай таго, што абвінавачаныя зьбягуць. Былы кіраўнік ураду Каталёніі Карлэс Пудждэмон знаходзіцца ў выгнаньні ў Брусэлі, шэраг іншых каталёнскіх лідэраў ужо ў турме

Як паведаміла агенцтва Reuters, Вярхоўны суд Гішпаніі таксама абвясьціў, што паводле аналягічных абвінавачаньняў у мяцяжы і марнаваньні грамадзкіх фінансаў будуць судзіць 25 каталёнскіх палітыкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG