Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая паліцыя затрымала былога лідэра Каталёніі


Нямецкая паліцыя пацьвердзіла затрыманьне былога лідэра Каталёніі Карласа Пудждэмона. Яго затрымалі паводле ордэру, выдадзенага Гішпаніяй, падчас перасячэньня дацка-нямецкай мяжы.

Сёньня раніцай стала вядома, што Пудждэмон пакінуў Фінляндыю, да таго як фінскія ўлады пасьпелі затрымаць яго па выпісаным у Гішпаніі ордэры, паведамляе ВВС.

Ордэр на арышт каталёнскага палітыка быў выпісаны ў пятніцу, на наступны дзень пасьля ягонага прыезду ў Хэльсынкі.

Пасьля рэфэрэндуму аб незалежнасьці, які прайшоў у Каталёніі і які Мадрыд прызнаў незаконным, Пудждэмон знаходзіўся ў Бэльгіі.

Сытуацыя ў Каталёніі па-ранейшаму застаецца напружанай. Парлямэнт Каталёніі адмовіўся ад плянаў назваць імя новага кіраўніка мясцовага ўраду пасьля таго, як быў арыштаваны папярэдні кандыдат.

Мінулай восеньню тысячы людзей у Каталёніі пратэставалі пасьля таго, як Вярхоўны суд Гішпаніі абвінаваціў 25 каталёнскіх палітыкаў, уключаючы Пудждэмона, які ўзначальваў урад аўтаноміі, у мецяжы і растраце шляхам арганізацыі рэфэрэндуму аб незалежнасьці ад Гішпаніі. Самі палітыкі віну не прызнаюць.

Абвінавачаным па найбольш цяжкіх артыкулах пагражае турэмнае зьняволеньне тэрмінам да 30 гадоў.

23 сакавіка ў выніку сутыкненьняў з паліцыяй у Барсэлёне пацярпелі больш за 20 чалавек. Дэманстрацыі прайшлі і ў іншых гарадах Каталёніі.

24 сакавіка Вярхоўны суд распарадзіўся на час разьбіральніцтва ўзяць пад варту бяз права на вызваленьне пад заклад пецярых ключавых каталёнскіх палітыкаў. Сярод іх — Жордзі Турул, які зьяўляўся кандыдатам на пасаду кіраўніка ўрада Каталёніі, вакантную зь лістапада 2017 году. Астатнія палітыкі на момант рашэньня суда ўжо былі арыштаваныя альбо беглі за мяжу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG