Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карняенка: «Вэртыкальшчыкі змагаюцца за яўку, бо ў іх спаборніцтва, хто лепш служыць уладзе»


Віктар Карняенка, архіўнае фота
Віктар Карняенка, архіўнае фота

Госьць «Інтэрвію тыдня» — адзін з каардынатараў грамадзянскай кампаніі «За свабодныя выбары», былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Віктар Карняенка. Ён адказвае на пытаньне, навошта ўладам на гэтых выбарах «карусэлі», тлумачыць, чаму рэгіянальныя вэртыкальшчыкі змагаюцца за яўку, і разважае пра тое, чаму ўлада не працягнула «кантраляваную лібэралізацыю» выбараў

«Карусэлі» патрэбныя для карцінкі, каб не было такіх пустых участкаў

— Кожную выбарчую кампанію апошнія 20 гадоў апазыцыя і грамадзкія назіральнікі заяўляюць пра шматлікія парушэньні і канстатуюць, што выбары праходзяць «як звычайна». Разам з тым у кожнай выбарчай кампаніі ўлада прыдумляе нешта новае, або прынамсі робіць упор на нейкія новыя мэтады і тэхналёгіі. У чым адметнасьць цяперашняй выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы?

— Асаблівых адметных новых момантаў я б не адзначыў. Галоўныя парушэньні адбываюцца падчас падліку галасоў, ёсьць злоўжываньні падчас датэрміновага галасаваньня і традыцыйны ціск на апазыцыйных кандыдатаў. Гэтыя пункты як былі, так і ёсьць. Але зараз пачалі выкарыстоўваць «карусэлі», дзеля таго каб накруціць яўку.

Апошнім часам мы заўважаем, што сябры і нават старшыні камісій працуюць усё менш прафэсійна. У нас ёсьць выпадкі, калі мы пераканаўча даказваем, што яўка накручаная. Ёсьць доказы, калі злавілі за руку.

— Вы адзначылі «карусэлі». Раней гэта была адметнасьць іншых краінаў постсавецкай прасторы, найперш Расеі, а ў Беларусі раней яна ня часта прымянялася. Але наколькі гэтая «карусэль» можа накруціць наведвальнасьць? Калі там некалькі чалавек ходзяць па ўчастках — хіба яны могуць кардынальна павялічыць лічбы яўкі?

— Ведаеце, проста людзей вельмі ўражвае пустата на ўчастках. Таму яны хочуць хоць нешта зрабіць, паправіць, каб участкі не выглядалі так пуста. Таму і ходзяць. Вядома, вялікай накруткі ад карусэляў ня зробіш. Будуць ужывацца вядомыя ўжо сродкі. Падчас папярэдняй кампаніі на некаторых участках дома «галасавалі» да 40 працэнтаў. Мы нават палічылі, што тэхнічна гэта ніяк немагчыма зрабіць. Таму для вырашэньня пытаньня зь яўкай будуць выкарыстоўвацца звыклыя мэтады. А «карусэлі» — гэта проста візуалізацыя, карцінка.

— Напэўна, адметнасьці гэтай кампаніі можна назваць рэкордныя лічбы датэрміновага галасаваньня?

— Так, звычайна ці сам Лукашэнка, ці старшыня ЦВК Ярмошына агучваюць лічбу, на якую павінны выйсьці выбарчыя камісіі. Таму, я думаю, ня менш за 30 працэнтаў датэрміновага будзе на гэтых выбарах. І больш за ўсё там, дзе ёсьць альтэрнатыўныя кандыдаты, бо датэрміновае галасаваньне толькі падвышае базу для фальсыфікацый на карысьць праўладнага кандыдата. І калі ўлічыць, што падчас мясцовых выбараў няма парогу яўкі, то ўлады выкарыстоўваюць яўку, каб прадэманстраваць любоў народу да ўлады.

«Сыстэма павінна быць жалезабэтоннай і працаваць бяз збояў»

— Але чаму такая ірацыянальная схільнасьць да павялічэньня яўкі выбарнікаў? Чаму, нават ганьбячы сабе, улада ўпарта працягвае «нацягваць» лічбу людзей, якія нібыта прыйшлі на выбарчыя ўчасткі?

— Па-першае, ні ў якім выпадку ўлада ня можа ламаць адпрацаваную за гады сыстэму фальсыфікацый, у тым ліку і па яўцы. Будуць і іншыя выбарчыя кампаніі, дзе яўка — крытычны паказчык. І калі зараз паставіцца спусьціўшы рукавы, то можа і далей так і пойдзе. Таму сыстэма павінна быць жалезабэтоннай і працаваць бяз збояў.

Праходзіць своеасаблівы конкурс паміж рознымі рэгіянальнымі прадстаўнікамі вэртыкалі, хто больш любіць уладу і хто лепш ёй служыць

Па-другое, тут праходзіць своеасаблівы конкурс паміж рознымі рэгіянальнымі прадстаўнікамі вэртыкалі, хто больш любіць уладу і хто лепш ёй служыць. Трапіць у «адстаючыя» ніхто ня хоча. Наколькі я разумею, нейкай агульнай дырэктывы наконт гэтага няма, але кожны імкнецца выглядаць як мага лепш.

— Зыходзячы з таго, што выбары — гэта ня толькі дзень галасаваньня, але даволі доўгая кампанія, пачынаючы ад фармаваньня камісій, — ці можна ўжо цяпер сказаць, што гэтыя мясцовыя выбары несвабодныя і недэмакратычныя?

— Кампанія пачынаецца нават не з фармаваньня камісій, а раней. Мы, «За свабодныя выбары», у сваіх справаздачах робім ацэнку атмасфэры, у якой праходзіць кампанія. Калі няма свабоды слова, асацыяцый, калі парушаюцца правы чалавека, разганяюць акцыі, калі масава штрафуюць незалежных журналістаў — у такой сытуацыі дэмакратычных выбараў быць ня можа.

Кал рабіць аналіз таго, што ўжо адбылося падчас гэтай кампаніі выбараў у мясцовыя Саветы, то ўжо можна сказаць, што гэтыя выбары ні ў якім выпадку ня могуць быць прызнаныя свабоднымі, празрыстымі і справядлівымі. Нават калі паглядзець на лічбы. Апазыцыя вылучыла 34 чалавекі ў тэрытарыяльныя камісіі — 7 уключылі, 132 у акруговыя — 33 уключылі. Калі вы такія «моцныя», перакананыя ў сваіх сілах — дык пасадзіце апазыцыю ў камісію: «Калі ласка, лічыце, а мы пасьмяемся»

І гэта кажа пра слабасьць улады, якая сама сябе загнала ў кут і ня ведае, як зь яго выйсьці, і ня бачыць іншага сродку, акрамя як працягваць ціск на сваіх апанэнтаў.

— Дарэчы, наконт апанэнтаў. Апазыцыйныя партыі ўдзельнічаюць у выбарчых кампаніях у значнай ступені дзеля таго, каб даказаць, што гэтыя выбары недэмакратычныя, каб сабраць факты парушэньняў. Але 20 гадоў удзельнічаць дзеля таго, каб даказваць відавочнае — ці варта гэта?

— Магчыма, трэба і мяняць стратэгію. Але ніводнага пераканаўчага аргумэнту, чаму трэба ня ўдзельнічаць, я пакуль не пачуў. Вось кажуць — няўжо вы ня ведаеце, што вас не прапусьцяць? Вядома, ведаюць — тыя, хто ўдзельнічае. Але людзі даведваюцца пра тое, што выбары фальсыфікуюцца, толькі дзякуючы тым, хто ў іх удзельнічае.

Людзі даведваюцца пра тое, што выбары фальсыфікуюцца, толькі дзякуючы тым, хто ў іх удзельнічае

Яшчэ кажуць, што без удзелу апазыцыі былі б пустыя ўчасткі. Нагадаю, што апазыцыя вылучыла толькі 290 кандыдатаў, зь іх зарэгістравалі 174. Гаварыць, што дзякуючы гэтым людзям зьявілася яўка — гэта проста несур’ёзна.

Трэба ўдзельнічаць. І гэта не сызыфава праца. Кожны раз трэба даказваць, што выбары фальсыфікуюць. І не таму, што нам гэта прысьнілася на канапе, а таму, што ёсьць канкрэтныя факты.

Сапраўды, былі спадзяваньні, што ўлада працягне «кантраляваную лібэралізацыю» выбарчых кампаній

— Калі на мінулых парлямэнцкіх выбарах дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў сталі Алена Анісім і Ганна Канапацкая, то ў некаторых аглядальнікаў зьявілася меркаваньне, што на наступных мясцовых выбарах можна будзе назіраць большую актыўнасьць. Але гэтага не адбылося, асабліва пасьля фармаваньня выбарчых камісій. Чаму ўлада, якая нібыта павінна дэманстраваць Захаду нейкі «прагрэс», праводзіць гэтыя мясцовыя выбары менавіта так? Напрыклад, сярод іншага, так і не зьмяніла выбарчае заканадаўства?

— Сапраўды, былі спадзяваньні, што ўлада працягне «кантраляваную лібэралізацыю» выбарчых кампаній. Што да зьменаў у выбарчае заканадаўства, то пераканаўчы адказ мы атрымалі ў канцы студзеня, калі Менск наведаў спэцпрадстаўнік ПА АБСЭ, які пасьля сустрэчаў з Лукашэнкам адзначыў, што рэкамэндацыі АБСЭ беларускія ўлады выконваць не зьбіраюцца. Бо для іх важнейшая «стабільнасьць» — то бок нязьменнасьць цяперашняй улады.

Што тычыцца другога пункту, ці прапусьцяць каго з апазыцыянэраў у Саветы, — то інтрыга застаецца. З майго пункту гледжаньня, калі такія рэчы і адбудуцца, то ў абласных Саветах гэта будуць рэдкія выключэньні, 1–2 чалавекі, і нават у гэтым я сумняваюся.

Што да сельскіх Саветаў, то там апазыцыянэры могуць быць. Хаця б з той прычыны, што на такім узроўні цяжка знайсьці нейкага кандыдата, які б туды добраахвотна пайшоў.

Вусаў: Ад удзелу ў выбарах аўтарытэт апазыцыі зьмяншаецца

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG