Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў несправядлівым прысуд Паўлу Селюну, якога расстралялі ў 2014 годзе


Тамара Сялюн, маці расстралянага
Тамара Сялюн, маці расстралянага

Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што права на жыцьцё Паўла Селюна было парушанае — сьмяротны прысуд адносна яго выканалі, не дачакаўшыся разгляду ягонай справы ў камітэце ААН па правах чалавека. Зварот Паўла Селюна ў ААН зарэгістравалі ў 2013 годзе, калі яму ўжо быў вынесены сьмяротны прысуд. У тым ліку Павал Сялюн скардзіўся на катаваньні падчас сьледзтва і парушэньні ягоных правоў на абарону.

Маці асуджанага на сьмерць былога студэнта Тамара Сялюн кажа, што яе сына зьбівалі, каб атрымаць патрэбныя паказаньні.

«З таго, што я ведаю з дакумэнтаў, якія пайшлі ў ААН, зь яго выбівалі паказаньні, якія патрэбныя сьледзтву. У тым ліку пагражалі забіць сваякоў, мяне ў прыватнасьці, ды іншых людзей з нашай сям’і. Ён нават казаў, што яму ня страшна за сябе, але страшна за тых сваякоў, хто застаўся. Яшчэ яму калолі нейкія ўколы», — распавяла Тамара Сялюн.

Жанчына згадала прозьвішча сьледчага Дзьмітрыя Бірука, які, як мяркуе Тамара Сялюн, за расьсьледаваньне справы яе сына мог атрымаць узнагароды.

Апошні ліст ад Паўла Селюна
Апошні ліст ад Паўла Селюна

Павал Сялюн быў асуджаны на сьмерць за забойства двух чалавек з асаблівай жорсткасьцю, а таксама за зьдзек з трупаў. Прашэньне аб памілаваньні, якое Павал Сялюн накіраваў Аляксандру Лукашэнку, было адхіленае.

Умовы, у якіх утрымлівалі падчас сьледзтва Паўла Селюна, а таксама абыходжаньне зь ім палічылі ў Камітэце па правах чалавека ААН зьневажаючым ягоную чалавечую годнасьць. У прыватнасьці, Сялюна яшчэ да суду прымушалі перасоўвацца з апушчанай да падлогі галавой і заламанымі да гары рукамі. Такое абыходжаньне варта параўнаньня з катаваньнем, лічаць у Камітэце па правах чалавека ААН.

Паводле каардынатара грамадзкай кампаніі супраць сьмяротнага пакараньня, праваабаронцы зь «Вясны» Андрэя Палуды, выпадак са справай Паўла Селюна ўжо шосты, калі Камітэт ААН па правах чалавека прызнае несправядлівым прысуд у дачыненьні да грамадзяніна Беларусі, якога ўжо няма ў жывых. Зразумела, што чалавека да жыцьця ўжо не вернеш і ягоную справу пры ім ужо не разгледзіш. Але што, паводле міжнародных пагадненьняў, мусяць зрабіць беларускія ўлады, рэагуючы на рашэньне камітэта ААН?

Андрэй Палуда
Андрэй Палуда

Андрэй Палуда: «Паводле міжнародных дамоўленасьцяў, пасьля таго, як справу Паўла Селюна ААН надрукуе на расейскай мове, як адной з прынятых ў ААН, цягам 180 дзён беларуская дзяржава праз свае мэдыі мусіць распавесьці пра гэтае рашэньне Камітэту ААН. Але тут варта сказаць, што практыка склалася адваротная: ані па справе Ўладзіслава Кавалёва, ані па справе Андрэя Жука, калі тыя былі разгледжаныя ў ААН, Беларусь не рабіла ніякага інфармаваньня, а дакладней кажучы, ігнаравала рашэньне Камітэту ААН. Магчыма, гэтак сама і цяпер будзе ігнараваньне, хаця мы і працягваем спадзявацца, што рэакцыя будзе іншай. Калі не, у нас будзе права зноў нагадаць грамадзтву пра гэтую справу, цяпер Паўла Селюна, як было, прыкладам, са справамі Ўладзіслава Кавалёва ці Андрэя Жука. То бок, калі дзяржава будзе замоўчваць рашэньне ААН, дык мы ня будзем».

Паводле праваабаронцаў, за мінулы год у Беларусі былі выкананыя сьмяротныя пакараньні адносна Селюна, Грунова, Лыкава, Язэпчука. Ці ёсьць тыя, хто ў дадзены момант знаходзіцца ў вязьніцы, чакаючы выкананьня сьмяротнага прысуду? Паводле праваабаронцы Андрэя Палуды, такіх вязьняў цяпер тры, зь іх два грамадзяне Беларусі. Гэта Сяргей Іваноў, якому сёлета Вярхоўны суд пацьвердзіў вышэйшую меру пакараньня, а таксама Іван Кулеш, адносна якога сьмяротны прысуд яшчэ ня быў разгледжаны судом вышэйшай інстанцыі. Трэцім вязьнем камэр сьмяротнікаў у «Валадарцы» ёсьць грамадзянін Расеі Пётар Іванік, які завочна асуджаны на сьмерць ў Арабскіх Аб’яднаных Эміратах за арганізацыю забойства. Калі Беларусь выдасьць гэтага чалавека ААЭ, там яго чакае хуткая сьмерць, мяркуе праваабаронца «Вясны» Андрэя Палуда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG